Адзін з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Павел Севярынец можа быць умоўна-датэрмінова вызвалены 19 красавіка.

Паводле яго слоў, 19 красавіка наступае тэрмін, зыходзячы з якога ён можа быць вызвалены ўмоўна-датэрмінова. «Аднак я ніякіх прашэнняў аб памілаванні і ніякіх папер аб УДВ не пісаў. Хаця ў «дзяжурцы» мне кажуць, што вось Саннікава і Бандарэнку вызвалілі, можа, і ты напішаш прашэнне. Але гэта, хутчэй, на ўзроўні заўваг, таму што ўсе ведаюць — ніякага прашэння аб памілаванні я пісаць не буду», — сказаў Севярынец.

Ён адзначыў, што няма «ніякіх знакаў, якія сведчылі б пра магчымасць вызвалення». «Як правіла, камісія па УДВ збіраецца ў канцы месяца і разглядае не адно ўмоўна-датэрміновае вызваленне, а некалькі такіх спраў. Справа аб УДВ у дачыненні да мяне можа быць разгледжана, а можа і не быць», — паведаміў Севярынец.

16 мая 2011 года Севярынец, які падчас выбараў 2010 года кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, быў прыгавораны судом Заводскага раёна Мінска да трох гадоў абмежавання волі на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Ён адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?