Прыгледзьцеся, якая хліпенькая ў беларусаў нацыянальная самасьвядомасьць! Такое здэбеларусаванае інтэлігенцыі, асабліва ў яе верхніх зрэзах, у нашай краіне яшчэ ніколі не было…Леанід Лыч, прафэсар

Знайсьці бібліятэку ў шпіталі для інвалідаў і вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў Бараўлянах ня так проста для таго, хто ўпершыню трапіў туды. Яна месьціцца ў сутарэнным, ня надта раскошным памяшканьні пад сталоўкай на 540 пасадачных месцаў — такой, бадай, ня знойдзеш болей ні ў адным шпіталі. Па прыбыцьці сюды я пацікавіўся ў суседзяў па палаце, дзе месьціцца тут бібліятэка. Яны ў адказ пацепвалі плячыма і адказвалі, што яна іх не цікавіць, хапае і тэлевізару. Але, як той казаў, язык да Кіева давядзе. Маладзенькая мэдсястра на посьце ў лекавым аддзяленьні растлумачыла, як знайсьці тую бібліятэку, і я хутка патрапіў туды, спусьціўшыся па вінтавой лесьвіцы ў сутарэньне. На сьцяне зьлева ў чытальнай залі ўбачыў партрэты ў рамках Янкі Купалы і Максіма Горкага, а паміж імі — крыху большы партрэт Пятра Машэрава, які, як стала вядома, быў ініцыятарам пабудовы гэтай лячэбніцы для інвалідаў і вэтэранаў вайны. На сталах у зале ляжалі падшыўкі дзяржаўных расейскамоўных газэт, у іх ліку і «Коммунист Белоруссии». Зь літаратурных часопісаў ня ўбачыў нават даўно знаёмых «Полымя», «Маладосьці», «Нёману», толькі часопіс «Беларуская думка», які сваім зьместам вельмі нагадвае колішні «Коммунист Белоруссии» савецкай эпохі.

Бібліятэкарка, былая настаўніца, пэнсіянэрка, даволі ветлівая і гаваркая жанчына, патлумачыла, што грошай на літаратурныя часопісы, новыя кнігі ім у апошнія гады амаль не выдзяляюць. І дазволіла мне прайсьці да стэляжоў, дзе захоўваюцца творы беларускіх пісьменьнікаў. Іх тут ня меней за тры сотні, але большасьць выдадзеная яшчэ да 1986 г. — да перабудовы. Стаяць амаль некранутыя чытачамі творы Крапівы, Броўкі, Глебкі, Кулакоўскага, Алешкі, ёсьць томікі Купалы і Коласа, Брыля, Быкава, Караткевіча, Шамякіна. Апошняму крыху пашанцавала пры жыцьці: у 2001‑м сюды трапіў ягоны апошні раман. Творы Васіля Быкава, таго ж Шамякіна, як прызналася бібліятэкарка, наведнікі просяць толькі на расейскай мове. Няма выдадзеных у 90‑я г. твораў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Вольгі Іпатавай, Алеся Пашкевіча, Уладзімера Арлова, Уладзімера Някляева і іншых аўтараў, што ня выйшлі з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў у новую падуладную суполку на чале зь Мікалаем Чаргінцом.

«Але нават калі б іхныя кніжкі і былі тут, то попыт чытачоў быў бы мізэрны», — так засьведчыла са скрухай у голасе бібліятэкарка.

— За дзень чалавекі тры‑пяць заходзяць сюды, іх болей цікавяць дэтэктывы, фантастыка, любоўныя раманы расейскіх і замежных аўтараў. Вось і цяпер, бачыце, у чытальнай залі над падшыўкамі рэспубліканскіх расейскамоўных газэт схіліліся тры дзядулі.

Дарэчы, калі настаў дзень майго ад’езду адсюль, я аднёс на здачу томікі Янкі Брыля і Антона Алешкі і пацікавіўся, колькі чалавек бралі беларускія кнігі за дваццаць дзён. Адказ быў ашаламляльны: «Ніводнага, акрамя вас». А заезд у шпіталь — гэта 740 чалавек, каму ў большасьці ўжо за 80 гадоў, але ёсьць маладзейшыя вэтэраны — аўганцы, гастарбайтэры. Ёсьць сярод іх і былыя афіцэры, настаўнікі, мэдработнікі, дзяржчыноўнікі, трапляюцца і шараговыя калгасьнікі, рабочыя. Але ўсе яны да аднаго, а сустракаўся я з многімі тут у сваёй і суседніх палатах, размаўлялі толькі па‑расейску, на мяне, калі зьвяртаўся да іх на роднай мове, глядзелі зь нейкім адчужэньнем, а то і з падазрэньнем.

Расея, а цяпер і сёньняшняя ўлада, пры дапамозе палітыкі русіфікацыі, ажыцьцявілі духоўна‑этнічны генацыд беларускага народу, як слушна зазначыў нядаўна ў «Народнай волі» кампазытар Алесь Рашчынскі. І ў пакаленьня, якое прадстаўленае ў шпіталі, скрадзеная і родная мова, і нацыянальная культура. Калі ў цёплыя дні ў залі пры сталоўцы ці ў двары на лавах зьбіралася нярэдка па сотні ці болей вэтэранаў, у тым ліку і жанчын, і нехта зь менчукоў, прыхапіўшы недзе баян, пачынаў граць і сьпяваць пасьляваенныя савецкія песьні, яму падпявалі болей жанчыны. А калі я папрасіў таго жвавага баяніста‑пэнсіянэра прасьпяваць хоць адну беларускую песьню, ён адказаў: «А я іх ня ведаю». Праўда, тут жа зьвярнуўся да тых, хто акружыў колам яго, з запытаньнем: «Хто зможа прасьпяваць беларускую песьню?». У адказ было маўчаньне, яго празь нейкі момант парушыла не зусім старая жанчына: «Я магу». І засьпявала песьню з рэпэртуару расейскай сьпявачкі Зыкінай! Болей ахвотнікаў не знайшлося. І гэта пры тым, што Беларусь паводле колькасьці запісаных у свой час народных песень займае, магчыма, вядучае месца сярод усіх славянскіх народаў — тут записана звыш 20 тысяч песень!

Мне пасьля такой сустрэчы стала горка і балюча на душы. І прыгадаўся афарызм Бэртрана дэ Жувэна, францускага філёзафа: «Грамадзтва авечак зь цягам часу немінуча спародзіць уладу ваўкоў». Ці не пра нас гэта сказана?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?