Шэраг шведскіх СМІ — Радыё Швецыі, Svenska Dagbladet, Аftonbladet ды і іншыя — змясцілі артыкулы, у якіх абвінавачваюць тэлекамунікацыйную кампанію TeliaSonera, найбуйнейшую на рынках сотавай сувязі Швецыі і Фінляндыі, у супрацы з беларускім КДБ і спецслужбамі іншых аўтарытарных краінаў.

У Беларусі TeliaSonera мае даччыную фірму — аператара мабільнай сувязі Life :) — ЗАТ «БеСТ». Таксама швэдска-фінская кампанія замацавалася на рынках іншых аўтарытарных краінаў — Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана.

Як мяркуюць аглядальнікі Аftonbladet, у такой супрацы зацікаўленыя і сама TeliaSonera, якой бізнэс у гэтым рэгіёне прыносіць немалыя грошы і, зразумела, антыдэмакратычныя рэжымы, якія лёгка камандуюць мабільнымі аператарамі.

З дапамогай мабільных аператараў уладам удаецца адсочваць поўную інфармацыю пра перапіску, званкі, месцазнаходжанне, перамяшчэнні сваіх апанентаў.

Журналісты Dagens Nyheter адзначаюць тэхнічную якаснасць такіх паслугаў. Напрыклад, даччыная фірма TeliaSonera —

беларускі аператар Life карыстаецца абсталяваннем прызнанага ва ўсім свеце канцэрну Ericsson.
Калі ў дэмакратычных краінах тэхналогіі адсочвання і праслухоўвання выкарыстоўваюцца паліцыяй з санкцыі пракурора, каб выкрываць рабаўнікоў, забойцаў, гандляроў наркотыкамі, то ў Беларусі яны працуюць на спецслужбы, каб запалохваць і караць нязгодных.

У якасці класічнага прыкладу журналісты спасылаюцца на снежаньскія падзеі 2010 году, калі аператары мабільнай сувязі часткова заблакавалі для сваіх кліентаў апазіцыйныя веб-сайты і далі спецслужбам праслухоўваць размовы апанентаў, раскрылі інфармацыю пра сваіх карыстальнікаў, што ў выніку прычынілася да арышту сотняў мірных дэманстрантаў.

Многія шведскія эксперты ў галіне камунікацыйных тэхналогіяў схіляюцца да думкі, што TeliaSonera, выходзячы на рынкі недэмакратычных краінаў, адпачатку ўсведамляе, што будзе вымушаная дапамагаць дыктатуры праслухоўваць, каго тая захоча і калі захоча.

Паводле словаў прафесара Эрыка Строма з Гётэборгскага ўніверсітэта,

пасля «арабскай вясны» ўсё больш урадаў зацікаўленыя ў тым, каб кантраляваць насельніцтва з дапамогай сотавай сувязі. Знайсці і перахапіць карыстальніка — абсалютна не праблема.
Тым больш што ў той жа TeliaSonera, дакладней — у яе даччыных фірмаў у Беларусі, Азербайджане, Казахстане, Узбэкістане ёсць праграма «чорных скрыняў», да якой, у сваю чаргу, маюць доступ спецслужбы гэтых краінаў.
На гэтыя абвінавачаньні TeliaSonera адказвае, што кампанія павінна прытрымлівацца законаў краіны, у якой працуе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?