У Менску прайшоў сэмінар «Вывучэньне магчымасьцяў Беларусі ў рамках Эўрапейскай стратэгіі суседзтва». Старшынствалі ў ім віцэ‑сьпікер Палаты прадстаўнікоў Сяргей Забалоцец і кіраўнічка працоўнай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі Ута Цапф.

Сама сп. Цапф наступным чынам пракамэнтавала мэту сустрэчы: «Гэта можа азначаць пачатак дыялёгу паміж усімі грамадзкімі сіламі ў Беларусі і эўрапейцамі».

На сэмінар былі запрошаныя каля 20 прадстаўнікоў афіцыйнай улады. Дэмакратычная ж грамадзкасьць у сваю чаргу ня надта пазытыўна паставілася да сэмінару. Адмовіліся ўдзельнічаць у сэмінары былы палітвязень Міхаіл Марыніч, а таксама адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка. Марыніч учора заявіў: «Я катэгарычна адмовіўся ад удзелу ў гэтай сустрэчы. Таму што ў той момант, калі арыштоўваюць людзей, ‑‑ гэта бессэнсоўна і амаральна. Ніводны з запрошаных прадстаўнікоў дэмакратычнага блёку ня быў заяўлены ў выступах, хоць прадстаўнікам улады слова будзе дадзена. Атрымліваецца, што нас клічуць на гэта мерапрыемства як статыстаў».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна гэтак пракамэнтавала ўдзел у сэмінары, што прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы карэспандэнтам радыё «Свабода»: «Я ўдзельнічала для таго, каб данесьці сваю пазыцыю. Каб перад прадстаўнікамі эўрапейскіх інстытуцыяў не гучала толькі адна пазыцыя. Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці павінны былі быць на сэмінары. Каб не дазволіць адкрыта хлусіць».

Заўтра з раніцы Ўта Цапф мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?