Вядучыя маладзёжныя дэмакратычныя арганізацыі Беларусі заявілі аб пачатку кампаніі па байкоце парламенцкіх выбараў пад лозунгам «Ігнор-2012». Пра гэта было заяўлена 19 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Як паведаміў намеснік старшыні міжнароднай грамадскай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Мікалай Дземідзенка, пагадненне падпісалі «МФ», «Маладая Грамада», «Моладзь БХД», маладзёжная структура грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», маладзёжная арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты», грамадзянская кампанія «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».

«Нават палітычныя партыі не могуць выпрацаваць адзінае рашэнне па пытанні парламенцкіх выбараў. Хтосьці хоча ўдзельнічаць, хтосьці не. Мы хочам паказаць прыклад нашым дарослым калегам, бо самі ўжо вызначыліся», — сказаў Дземідзенка.

Паводле яго слоў, лозунг «Ігнор-2012» нават больш падыдзе да кампаніі моладзі па выбарах.

«Гэта не стандартны „байкот“, гэта — іншае. Мы заклікаем не байкатаваць, а папросту ігнараваць выбары», — заявіў Дземідзенка.

Ён адзначыў, што ў рамках гэтай кампаніі пройдуць інфармацыйныя акцыі і акцыі ў фармаце флэш-мобаў, раздачы ўлётак.

Як паведамлялася раней, некаторыя апазіцыйныя арганізацыі, у тым ліку кампанія «Еўрапейская Беларусь», аргкамітэты па стварэнні партый «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і «Беларускі рух», ужо заявілі аб намеры байкаваць парламенцкія выбары, якія пройдуць у верасні гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?