Адзін з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Павел Севярынец пакуль не вызвалены.

19 красавіка наступіў тэрмін, зыходзячы з якога Севярынец можа быць вызвалены ўмоўна-датэрмінова. «Паводле слоў супрацоўнікаў спецкамендатуры Купліна, я стаў на шлях „крэпкага-крэпкага і вельмі крэпкага выпраўлення“. Я адбыў палову тэрміну. Але, у маёй сітуацыі дзейнічаюць не законы, а загады. Загаду няма, ніякіх рухаў няма», — сказаў Севярынец.

Пры гэтым ён адзначыў, што вызваліць яго могуць у любы дзень.
«Калі будзе загад-то ў любы момант засядае адміністрацыйная камісія, суд, і мяне могуць на працягу гадзіны проста выкінуць за межы спецкамендатуры», — сказаў Севярынец.
«Як правіла, камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленні збіраецца ў канцы месяца і разглядае не адно ўмоўна-датэрміновае вызваленне, а некалькі такіх спраў.
Справа пра УДВ у дачыненні да мяне можа быць разгледжана, а можа і не быць», — паведаміў Севярынец.

16 мая 2011 года Севярынец, які падчас выбараў 2010 года кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, быў прыгавораны судом Заводскага раёна Мінска да трох гадоў абмежавання волі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Ён адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?