Дазволіўшы шэсце і мітынг 26 красавіка падчас «Чарнобыльскага шляху», мінскія ўлады ўсё ж задаволілі не ўсе просьбы аргкамітэта па правядзенні акцыі, паведаміў адзін з яе заяўнікаў прафесар Юрый Хадыка 20 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

У прыватнасці, улады дазволілі правесці шэсце па вуліцы Сурганава па тратуары, а не па першай паласе праезнай часткі. «Нам растлумачылі, што гэта будзе перашкаджаць руху транспарту, хаця тыя ж тралейбусы могуць спакойна ехаць і па другой паласе. Лічу, наадварот, вялікай колькасці людзі будзе складана перамяшчацца па тратуарах у вячэрні час, калі людзі ідуць з працы, асабліва каля транспартных прыпынкаў», — сказаў Хадыка.

Акрамя таго, адзначыў ён, аргкамітэт хацеў атрымаць ад уладаў гарантыі, што гукаўзмацняльная апаратура гэтым разам не будзе арыштавана. «Дакладных гарантый мы не атрымалі, хаця доўга размаўлялі з намеснікам начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігарам Яўсеевым. Ад яго прагучала толькі вусная дамоўленасць, што калі ўсе паперы будуць аформлены правільна, ніхто апаратуру не кране», — паведаміў Хадыка.

Сёння ж у Мінгарвыканкаме заяўніку акцыі было прапанавана падпісаць паперу аб правядзенні прафілактычнай гутаркі з мэтай недапушчальнасці парушэння заканадаўства падчас масавага мерапрыемства. Паколькі ў выканкаме не далі гарантый таго, што апаратура не будзе арыштавана, Хадыка яе падпісаць адмовіўся.

«Улада ўмее толькі выстаўляць нейкія патрабаванні, яна не хоча ні ў якой форме ісці насустрач грамадзянскай супольнасці нават у такі дзень, як чарговая гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У выніку ў мяне няма ўпэўненасці, што мітынг удасца правесці нармальна», — сказаў ён.

Астатнія заяўнікі акцыі — прадстаўнік ГА «Экадом» і грамадскай кампаніі «Астравецкая атамная — гэта злачынства» Таццяна Новікава, лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі і намеснік старшыні міжнароднай грамадскай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Мікалай Дземідзенка — пад дакументам аб правядзенні прафілактычнай гутаркі падпісаліся.

Арганізатары маюць намер правесці шэсце з 18.30 да 19.30 ад будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук па вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе адбудзецца гадзінны жалобны мітынг. Закончыць мерапрыемства плануецца ўскладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы каля царквы ў гонар абраза Божай Маці «Спатоленне загінулых», размешчанай побач з паркам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?