Тэрарыстычная прылада спрацавала 19 красавіка ў гандлёвай зале адной з крамаў у цэнтральнай частцы Гомеля, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-групу Упраўлення КДБ Беларусі па Гомельскай вобласці.

«Крымінальная справа па прыкметах злачынства, склад якога прадугледжаны ч.1 ст.290 КК Рэспублікі Беларусь (пагроза актам тэрарызму) распачата ўпраўленнем КДБ Беларусі па Гомельскай вобласці.

Падставай для распачынання крымінальнай справы з’явіўся факт прывядзення ў дзеянне 19 красавіка 2012 у 13.58 самаробнай прылады для ажыццяўлення дзеянняў тэрарыстычнай накіраванасці ў гандлёвай зале адной з крам у цэнтральнай частцы Гомеля»,
— праінфармавалі ў прэс-групе.
«Экспертыза пакажа, ці была гэта менавіта выбуховая прылада», — растлумачылі ў КДБ. Таксама ў камітэце адзначылі, што пры выбуху ніхто сур'ёзна не пацярпеў. Адзін чалавек атрымаў нязначныя цялесныя пашкоджанні.

Упраўленнем КДБ па Гомельскай вобласці ва ўзаемадзеянні са Следчым камітэтам, пракуратурай вобласці, экспертамі-крыміналістамі УУС аблвыканкама праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.

Атрыманыя аператыўныя дадзеныя, а таксама элементы самаробнай прылады, іншыя прыкметы сталі падставай для адпрацоўкі версіі аб «разборках» паміж арганізатарамі каналаў нелегальнай міграцыі з ліку замежных грамадзян, якія прыбываюць пад выглядам навучання ў ВНУ Гомеля.

«У пачатку красавіка гэтага года Упраўленнем КДБ па Гомельскай вобласці была атрыманая інфармацыя аб актывізацыі дзейнасці так званых мэнаджараў, якія прыбылі ў Гомель для арганізацыі паступлення ў ВНУ значнай колькасці навучэнцаў з Сірыі, Йемена, Пакістана і Нігерыі. Раней прыбыцця падобнага роду пасярэднікаў не назіралася, а арганізацыя паступлення ажыццяўлялася ва ўстаноўленым парадку праз Міністэрства адукацыі Беларусі», — адзначылі ў прэс-групе УКДБ па Гомельскай вобласці.

Асобныя элементы прылады, выяўленыя на месцы здзяйснення злачынства, не вырабляліся ў Беларусі і паказваюць на іх замежнае паходжанне, дадалі там.

Па выніках агляду запісаў відэакамер назірання, аналізу тэлефонных злучэнняў і іншых дадзеных следчымі і аператыўнымі падпадзяленнямі арганізаваны вышук дзвюх асоб ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў, сярэдняга росту. Адзін з падазраваных — каржакаватага целаскладу, носіць кароткую бараду, на твары — ярка выражаны шнар.

Разам з тым следствам адпрацоўваюцца і іншыя найбольш верагодныя версіі.

«Звяртае на сябе ўвагу актывізацыя дзейнасці арганізатараў каналаў нелегальнай міграцыі з краін з тэрарыстычнай актыўнасцю і на ўкраінскай тэрыторыі. Па афіцыйных дадзеных Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны, толькі ў першым квартале гэтага года затрыманыя 390 нелегальных мігрантаў, канфіскавана 181 адзінка зброі, больш за 6 тыс. боепрыпасаў і амаль 6 кг выбуховых рэчываў. З улікам геаграфічнай блізкасці Гомеля да сумежнай тэрыторыі, следства вывучае прадстаўленыя ананімна дадзеныя аб узаемасувязі асоб, якiя адшукваюцца ў сувязі з падзеямі, якія адбыліся ў Адэсе», — паведамілі ў прэс-групе.

Упраўленне КДБ Беларусі па Гомельскай вобласці просіць грамадзян, якім вядомая якая-небудзь інфармацыя, якая мае значэнне для расследавання крымінальнай справы, устанаўлення і вышуку асоб, якія маюць дачыненне да арганізацыі злачынства, звяртацца ў УКДБ па Гомельскай вобласці па тэлефоне даверу 127.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?