Кожнаму працоўнаму або вучню па заданні аблвыканкама трэба здаць у 2012 годзе 35 кіло макулатуры, піша Intex-press. Пакуль планы ўладаў актыўна выконваюць толькі баранавіцкія школьнікі.

Як паведамілі на пасяджэнні гарвыканкама 20 красавіка, кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і аховы здароўя трэба нарыхтаваць амаль 5 тысяч тон другаснай сыравіны.

Гэта ўстаноўка Брэсцкага аблвыканкама, якая падмацавана яшчэ і рашэннем Баранавіцкага гарвыканкама. Па дадзеных, агучаных на пасяджэнні, за першы квартал гэтага года горад сабраў каля 3% ад плана. І, па словах прадстаўніка ААТ «Баранавічыметалаптгандаль» Генадзя Хрышчановіча, найбольшых поспехаў у зборы макулатуры дасягнулі школьнікі, якія ўжо здалі 40 тон непатрэбных папер. Сярод тых, хто праславіўся — гімназіі № 2, № 3, № 5 і школы № 19, № 17, № 21.

Баранавіцкія арганізацыі пакуль не праявілі належнага стараннасці ў здачы другаснай сыравіны.

«Прадпрыемствы, у асноўным, здаюць макулатуру, якая ў іх і ўтвараецца, але гэтага мала. Неабходна, каб кожны работнік прынёс макулатуру на прадпрыемства, а не выкінуў яе ў смецце. Бо сартавальнымі смеццевымі кантэйнерамі на практыцы не ўсе гараджане навучыліся карыстацца, — адзначылі на прадпрыемстве-нарыхтоўшчыку. — Да таго ж некаторыя арганізацыі ўвялі электронны дакументаабарот, выконваючы дырэктыву прэзідэнта аб эканоміі і беражлівасці. А гэта выключае з'яўленне другаснай сыравіны».

Каб зацікавіць прадпрыемствы ў выкананні плана па здачы макулатуры, нарыхтоўшчыкі гатовыя заплаціць ім больш за паўмільёна рублёў за тону другаснай сыравіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?