У нядзелю, 22 красавіка, у апошняй электрычцы на Маладзечна, адбывалася невядома што. Група футбольных фанатаў-фашыстаў — чалавек восем — трымала ў страху ўвесь другі вагон. Нягледзячы на позні час, у электрычцы было шмат падарожных. Маладыя людзі, і я ў тым ліку, вярталіся дадому з беларускага рэгі-фэсту «Да!Бро!». Хлопцы-нефармалы выклікалі ў фашыстаў, мякка кажучы, вялікую цікавасць. Урэшце, фанаты дачапіліся да адной кампаній і правакавалі іх даволі доўга. Дзякуй Богу, абышлося без бойкі.

Усю дарогу фашысты кідалі Зігі, выкрыквалі нецэнзурныя словы, хадзілі па сядзеннях. Адзін урэшце прамазаў міма сядзення, ды заехаў сабе спінкай крэсла ў пахвіну, чаму народ моўчкі парадаваўся.

Цікава, але калі зайшлі кантралёры, дэбашыры ўраз ператварыліся ў пай-хлопчыкаў. Квіткоў, вядома ж, у іх не аказалася, але іх ніхто не вывеў з цягніка. «На вуліцы мароз, а нам у Маладзечна трэба. Ну, калі ласка! »Так хуліганы засталіся весяліцца далей. Дзіўна, але кандуктары ў міліцыю не звярнуліся, хоць на нашых тварах нельга было не заўважыць страху.

Як потым аказалася, у міліцыю ўсё ж такі звярнулася адна з дзяўчат. Але да нас ніхто не спяшаўся. Калі да прыбыцця ў Маладзечне заставалася хвілін 30, усё-такі з'явіліся супрацоўнікі міліцыі. Іх сустракалі ледзь не апладысментамі. Але фанатаў у нашым вагоне ўжо не засталося (нядзіўна, праўда?). Дзяўчына слёзна прасіла суправадзіць наш вагон да Маладзечна, але міліцыя толькі змагла сказаць: «Прыедзем, складзем пратакол» і сышлі. Нам неяк лягчэй не стала.

Да адной з нас, дзяўчат, прычапіўся адзін з тых фанатаў і спрабаваў весці з ёй «свецкую» гутарку. Хлопец дзяліўся, што ненавідзіць неграў, цыган, хачаў.

На станцыі Фестывальная ў яго акно пастукалі яго «браты», ён крыкнуў ім: «Сустрэнемся на вакзале» і спакойна працягнуў размову.

На пероне нас не сустракала міліцыя, як бы нічога яна не абяцала. Толькі калі мы ўжо апынуліся каля самага вакзала, нас вяла дагналі два міліцыянты, спыталіся: «Ці не вы ехалі ў другім вагоне?». Атрымаўшы сцвярджальны адказ, дадалі: «А ці не вы да нас звярталіся?". Мы паказалі на кампанію, што рушыла наперадзе, што гэта яны. Супрацоўнікі міліцыі млява пайшлі да іх, мабыць, сведкі ім не так ужо былі і патрэбныя. Спадзяюся, хоць пратакол яны склалі, хоць вельмі слаба верыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?