Мне праз адкрыццё абвешчана таямніца, —
    пра што я і вышэй коратка пісаў, —
    дык вы, чытаючы, можаце ўведаць
    маё разуменне таямніцы Хрыстовай.
    Да Эфесцаў 3:3-4

Чалавеку старонняму цяжка зразумець, адкуль у беларусаў, народа абачлівага, раптам бярэцца такая ахвярнасць. Быццам жа ўсё нармальна, ядуць бульбу, ціха сапуць сабе, усё спакойна, размерана, нават нудна, і ў нейкі момант — раз, і абрываецца сэрца, і сыходзіць душа ў пяткі, і захапляе дух ад адчайнай самаадданасці… і пачынаеш верыць: не, нешта тут не ад свету гэтага.

На ўзлеску Белавежскай Пушчы, паміж Пружанамі і Ваўкавыскам, ці то ў Поразаве, ці ў блізкіх Шурычах, у самай глыбіні, куды і сышла таямнічая беларуская душа, у год нараджэння РСДРП, Рэмарка і Клайва Льюіса з’явіўся на свет адзін з найглыбейшых і найменш вядомых герояў нашай гісторыі — ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

Увогуле, уся берасцейская ваколіца — месца адмысловай каталіцкай пакуты.
Недзе тут, у лясах на памежжы Прусіі, Русі і Літвы тысячу гадоў таму, у лютым 1009. разам са спадарожнікамі быў абезгалоўлены заходні біскуп Бруна Квертфурцкі, «апостал паганцаў», у манастве Баніфацый, адзін з першых хрысціянскіх місіянераў у Беларусі. У ХVII ст., падчас крывавай казаччыны, тут, у Іванаве, закатавалі езуіта Андрэя Баболю. Прызначаны ў красавіку 1939 ў Пружанскі касцёл вікарыем малады Казімір Свёнтак, будучы беларускі кардынал, ужо ў верасні быў арыштаваны тут як польскі шпіён, асуджаны да расстрэлу — і ў Берасцейскай турме дачакаўся вызвалення ад немцаў, а затым, у 1944-м — 10-гадовага зняволення ў Сібіры. Адсюль жа, з Беласточчыны, з падляшскіх Акопаў — духоўны пастыр польскай «Салідарнасці», у 1984-м выкрадзены і забіты камуністычнымі спецслужбамі, багаслаўлёны ксёндз з беларускімі каранямі Ежы Папялушка.
І вось Гадлеўскі — ключавая постаць у Беларусі часоў Вялікай вайны.

Калі дзве найстрашнейшыя ў гісторыі чалавецтва імперыі, Трэці Рэйх і Савецкі Саюз, сышліся ў бойні за сэрца Еўропы і нішчылі тут людзей мільёнамі, беларускі святар гуртаваў жывых вакол Хрыста: з імшою на роднай мове, з Бібліяй па-беларуску і святымі таямніцамі Касцёла, якога не адолеюць брамы пекла. Айцец Вінцэнт зрабіўся кіраўніком адкрытага і падпольнага супраціву абодвум акупантам, каб зберагчы беларускае жыццё коштам уласнага.

Вінцэнт Гадлеўскі ўдзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе, абіраўся ў Раду БНР, а ў 1926-м, у 38 гадоў, разам з ксяндзом Адамам Станкевічам узначаліў Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю, вядучую незалежніцкую партыю Заходняй Беларусі.

Выкладчык у нясвіжскай беларускай семінарыі, пробашч у свянцянскіх Жодзішках, ксёндз Гадлеўскі выдае беларускамоўныя казані ХІХ ст, рэдагуе хадэцкую «Крыніцу» і газету «Беларускі Фронт», перакладае на беларускую мову Новы Запавет.

У працы да знемажэння, пад смяротнымі пагрозамі, ксёндз Вінцэнт складаў у ахвяру, у жывы сакрамант за ўвесь беларускі народ, сябе. У Жодзішках даводзілася супрацьстаяць польскім асаднікам, што зрывалі беларускую імшу (потым, у 1943-м, акаўцы па-бандыцку пазабіваюць у мястэчку свядомых беларусаў), у турмах часоў санацыі ды перадваеннай Вільні — камуністам, што тлумілі люд сваёй прапагандай і тэрорам, і, нарэшце, у Мінску — нацыстам з іхняй ідэалогіяй вынішчэння «недачалавекаў»…

Гадлеўскі ўдзяляў сакраманты. Спавядаў і прычашчаў… Але самая глыбокая таямніца ксяндза Гадлеўскага была ў тым, што нягледзячы на гестапа і савецкую выведку ён здолеў стварыць падпольную Беларускую незалежніцкую партыю, наладжваў адносіны з заходнімі саюзнікамі — рыхтаваў грунт для незалежнасці.

Вось чаму ў самую доўгую ноч 1942, перад Раством, гестапаўцы арыштавалі ксяндза пасля імшы ў Чырвоным касцёле, вывезлі ў Трасцянец і расстралялі.

Цяпер на тым месцы — аграмадная звалка. Чорная смярдзючая звалка. І на ўскрайку — крыж, ля якога ў дзень смерці Гадлеўскага збіраюцца людзі.

Сёлета, на каталіцкае Раство, спаўняецца 70 год з дня ахвяры айца Вінцэнта.

Сённяшні пробашч Чырвонага, Уладзіслаў Завальнюк, ужо каторы год намагаецца ўшанаваць памяць ксяндза хаця б мемарыяльнай дошкай. Забараняюць: для бальшавікоў Гадлеўскі страшны і памерлы.

Такіх ксяндзоў, як Гадлеўскі і Станкевіч, не маглі напалохаць ані Гітлер, ані Сталін.

Ці здолее гэтак жа смела, адважна стаць за Беларусь цяперашні беларускі Касцёл?

Бо ў сакраманце Гадлеўскага, як і ў ахвяры росіцкіх ксяндзоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, спаленых разам з парафіянамі, грэка-каталіцкага экзарха Антонія Неманцэвіча, знішчанага нацыстамі, і яшчэ аднаго лідара БХД, Адама Станкевіча, замучанага ў сталінскіх лагерах, у іх жыцці, аддадзеным за бліжніх, і пакутніцкай смерці мы найясней пазнаём Таго, Хто сваёй крывёю асвяціў і Касцёл, і саму Беларусь: уваскрослага пад бел-чырвона-белым сцягам Пераможцу — Ісуса Хрыста.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Свабода расце з касцей.

Беларуская глыбіня. Падлік радзімак

Беларуская глыбіня. Чалавек сцяга

Беларуская глыбіня. Зарок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?