Аўген Жыхар, малюнак Сяргея Харэўскага
Ён быў нібы мясцовы няўлоўны Робін Гуд. 23 тэракты, 42 абрабаванні, 9 нападаў на сельсаветы налічылі «органы» за 1946—1955 гады. Ад розных людзей чуў гісторыі: прыйшоў Жыхар у сталоўку (у Варапаеве, Дунілавічах, яшчэ дзе), паеў, выпіў кухаль піва. Пайшоў. Афіцыянт прыбірае стол. Пад пустым кухлем — запіска: «Тут быў Жыхар!» Мо Жыхар не толькі сам, але і праз сваіх супольнікаў пакідаў такія запіскі паўсюль, каб чэкісты ганяліся за прывідамі.
Гісторыя Жыхара вартая шматсерыйнага фільма. Я бачыў некаторыя відэаролікі пра беларускі паваенны антысавецкі рэзістанс. Гарады бралі! Напрыклад, Навагрудак! Але тое мною ўспрымаецца як выдаванне жаданага за сапраўднае. Жыхар жа — рэальны герой (а для кагосьці і антыгерой). Яго і сёння памятаюць.
А ў будынку глыбоцкай міліцыі вісіць мемарыяльная шыльда з імёнамі загінулых ад яго рук міліцыянтаў.
Мы завіталі ў вёску Дзеркаўшчына 2-я, што за 10 кіламетраў ад Глыбокага. Тут жыве 80-гадовы Іван Адамовіч, які 17 мая 1951 быў асуджаны на шэсць гадоў за «неданасіцельства» на Жыхара.
Няма яго дома
— Ай, навошта вам Іван? Няма яго дома!— кажа Марыся, жонка Івана Адамовіча. — Ды што ён ужо можа вам апавесці. З галавой у яго цяпер не ў парадку. Загаворваецца, не тое кажа…
Мы падумалі, што спазніліся гады на тры, і зазбіраліся з хаты. А тут сам спадар Адамовіч ідзе са спальні.
— Жыхар быў шпіёнам і вялікім прахадзімцам! Удача заўсёды была на яго баку!— канстатуе спадар Іван.
— Ну, во! Я ж казала будзе вярзці абы-што!— перабівае жонка.
— Не, спадарыня Марыся!— кажа аўтар гэтых радкоў. — Ён не загаворваецца. Жыхар сапраўды быў шпіёнам, то бок дэсантнікам беларускага батальёна «Дальвіц», сфармаванага ў 1944 немцамі ў Прусіі.
— Ён тут пасля вайны настаўнічаў, — працягвае спадар Адамовіч. — Быў час, калі беларусаў 1927—1928 гадоў нараджэння забіралі ў войска, а потым адпускалі. Забралі і Жыхара. Там доўга вырашалі: ці падобны ён на аднаго шпіёна? Адпусцілі. І Жыхар вярнуўся дадому. А праз дзень-другі па яго «прылятаюць» дахаты: лейтэнант і салдат. Жыхар кіўнуў маці… І ўжо графін з самагонкай стаіць на стале! Селі, выпілі. Жыхар пайшоў нібы за новай порцыяй самагону. Сядзяць лейтэнанцік і салдацік, чакаюць за сталом... а Жыхара след астыў...
Як піша гісторык, супрацоўнік архіва КДБ Ігар Валахановіч у кнізе «Антысавецкае падполле на тэрыторыі Беларусі ў 1944—1953 гадах», у 1946-м, пасля няўдалай спробы арышту Жыхара «як германскага агента», ён перайшоў на нелегальнае становішча.
— А што потым гэты Жыхар пачаў тут вычвараць! — працягвае Іван Адамовіч. — У бок Шаркаўшчыны, у нейкай вёсцы, даведаліся асабісты, што ў пуні аднаго гаспадара знаходзяцца жыхараўцы. Загадваюць гаспадару: «Ідзі, скажы бандытам — няхай здаюцца, а то запалім пуню!» Гаспадар сказаў… Выбеглі двое. Міліцыянты пачалі страляць. Тыя заваліліся, ляжаць. Міліцыянты падышлі… А яны, ляжачыя, пакасілі ўсіх з аўтаматаў.
— А за што Вас пасадзілі на шэсць гадоў?
— За што? Жыхар тады ў нашых Квачах перахоўваўся. Я ведаў, але не сказаў! Ля маёй жа хаты Жыхар забіў міліцыянта...
Свінням есці
У Жыхара была дамоўленасць з гаспадыняй. Калі міліцыянты завіталі ў яе хату, яна дала ўмоўны знак, раней часу панесла свінням есці. Але і міліцыянты сцямілі: Жыхар — тут! І цішком пайшлі за ёй у хлеў, дзе хаваўся Жыхар. Але былы дыверсант прадугледзеў шляхі адыходу. Вылез праз патаемны лаз і зайшоў са спіны. Застрэліў глыбоцкага міліцыянта Маляўку, а другі ў страху збег. З тым другім былі потым разборкі: чаму кінуў таварыша ў бядзе? Але дамо слова спадару Івану:
— ...Жыхар забраў зброю, адзеў Маляўкаву фуражку, яго плашч, сеў на Маляўкавага каня і паехаў праз калгасныя палеткі, дзе яго бачыла шмат народу. Нават крыкнуў: «Я забіў Маляўку!» Дык маці маю пасля таго забралі — далі 25 гадоў, сястру забралі — далі 25,5 года, другой сястры — 10, мне — 6...
На хран трэба
Адамовіч адсядзеў у Краснаярску два гады і шэсць месяцаў, пасля памёр Сталін і была амністыя. Дамоў вярнуўся ў 1953-м. А Жыхар усё яшчэ партызаніў! І «органы» спрабавалі прыбраць няўлоўнага партызана рукамі Адамовіча:
— Далі мне міліцыянты маўзер у вялікай кабуры. Каб Жыхара забіў. Маўляў, тады і будзеш зусім вольны. А я рашыў: «На хран мне патрэбныя вы і ваш Жыхар!..»
Я не збіраюся ганіць глыбоцкіх міліцыянтаў, якія дзесяць гадоў не маглі даць рады Жыхару. Сёння б яго назвалі элітай спецназа. Падрыхтоўка ж глыбоцкай міліцыі ў той час не дароўнівала падрыхтоўцы выхаванца абвера.
Людзі помсцілі саветам
Дый Жыхар дзейнічаў на сваёй тэрыторыі, дзе размаўлялі выключна па-беларуску, хто б сябе кім ні вызнаваў. Яго перахоўвалі, кармілі, не выдавалі нават коштам уласнай свабоды: так людзі помсцілі савецкай уладзе за высылку і расстрэлы сваякоў.
— Як, на Ваш погляд, за што змагаўся Жыхар? — запыталі мы ў спадара Івана.
— Супраць савецкай улады! Ён яе не любіў, а ўлада не любіла яго яшчэ больш!
Паводле звестак І.Валахановіча, Жыхар загінуў у студзені 1955-га. Опергрупа ў складзе маёра Блінова, капітана Самалётава, лейтэнанта Ганчарова, асабіста Цішчанкі і старшыні мясцовага калгаса Савацеева заспелі ў доме грамадзянкі Вайцяховіч у вёсцы Карповічы Дунілавіцкага раёна невядомага мужчыну. Ён пачаў адстрэльвацца і быў забіты.
Пры ім знайшлі дакументы на імя Жыхара Яўгена Іванавіча 1925 г.н., ураджэнца вёскі Навасёлкі Мя-дзельскага раёна. Але ці Жыхар то быў? Іван Адамовіч не пэўны:
— Людзі з Дзеркаўшчыны, Ласкаўшчыны, Квачоў, якія пераехалі ў 1950-я ў Польшчу жыць, бачылі там Жыхара і пісалі аб гэтым сюды ў лістах...
Зрывай Сталіна
Пару гадоў таму іншы чалавек апавёў аўтару неверагодную гісторыю. Пачатак 1950-х. Вёска Сокалава за 5 км ад Глыбокага. Вяселле. Грае гармонік. Хтосьці танчыць. Некалькі маладзёнаў сядзяць на лаве. Падыходзяць трое ў плашчах, у аднаго з-пад крыса тырчыць руля аўтамата ППШ.
— Камсамольцы ёсць?— пытаецца адзін з візіцёраў.
Хтосьці з хлопцаў памкнуўся задзерціся… Сусед па лаўцы наступіў на нагу: «Маўчы! Гэта Жыхар!»
— Дзе сельсаветчыкі?— пытае Жыхар.
Яму паказалі. Сельсаветчыкаў пашыхтавалі і павялі ў Верхняе, цэнтр сельсавета. Як выйшлі з вёскі, Жыхар свіснуў. З розных месцаў пачуліся свісты ў адказ. Дадзена было зразумець: вёска ў аблозе.
— Адчыняй дзверы!— загадвае Жыхар сельсаветчыцы.
— Ключы забылася!
— Забылася? У мяне ёсць чым адчыніць! — дастае гранату.
— Ой, знайшліся ключы!
— Адчыняй сейф!
А што ў тым сейфе было? Паперы: падаткі, спісы жыхароў…
— Выносьце на вуліцу! Зрывай партрэт Сталіна са сцяны,— загадвае Жыхар сельсаветчыку.
— Не буду!
— Зрывай! — Жыхар сцебануў пугай.
Мужчына сарваў, пабіў шкло, падраў партрэт правадыра.
Гарэлі паперы Вярхнянскага сельсавета. Вакол вогнішча, сельсаветчыкі вадзілі карагод, крычалі: «Смерць Сталіну!»...
Я потым распытваў пра гэту гісторыю ў розных людзей.
— Было! — казалі яны. — Нават акопы жыхараўцы выкапалі. Чакалі міліцыянтаў з Глыбокага.
Няма на іх Жыхара!
Ці бралі штурмам Навагрудак беларускія партызаны антысавецкага рэзістансу? Пакажыце хоць адну жывую душу, якая пра тое памятае! Жыхар «узяў» два раёны — Глыбоцкі і Пастаўскі — на некалькі гадоў. І аб гэтым памятаюць.
Чуеш цяпер ад старых людзей: «Няма на іх Сталіна!» Я ж чуў гадоў трыццаць таму ад яшчэ старэйшых: «Няма на іх Жыхара!»
У сярэдзіне 1990-х у нейкай газеціне прачытаў прыгожае паданне. Маўляў, на пастаўскім хутары, дзе яго абклалі, Жыхар, абгарнуўшыся бел-чырвона белым сцягам, з воклічам «Жыве Беларусь!» прыняў апошні свой бой. Паклаў з кулямёта не адзін дзясятак міліцыянтаў дый сам загінуў. Не веру, каб дыверсант так лёгка пракалоўся. Вам жа кажуць: Жыхар быў вялікім прахадзімцам, а гібель ніяк не ўкладаецца ў гэты вобраз. Мо спачывае дзесьці на ціхіх могілках Гданьскага Памор’я, куды ўцяклі з савецкага раю, тысячы заходніх беларусаў.
А хто быў апошнім беларускім партызанам у лясах паміж Глыбокім і Паставамі? Не Жыхар.Вось што расказаў ляснік-пенсіянер са старой, яшчэ польскіх часоў леснічоўкі на возеры Баравым на Пастаўшчыне: «Дакладна не памятаю, які гэта быў год — мо 1959-ы, а мо і 1957-ы… Я пайшоў у грыбы. Бачу — наперадзе дым ад кастра. Падышоў. Сядзяць трое у плашчах, у двух карабіны, у трэцяга аўтамат. Сушаць вопратку. Мяне не чапалі, адпусцілі…»
***
Яўген Жыхар нар. у 1925 у Навасёлках Мядзельскага р-на (іншыя звесткі — у Парыжы Пастаўскага р-на) у сялянскай сям’і. У 1943-1944 вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі, уступіў у СБМ. У 1944 скончыў Дальвіцкую разведвальна-дыверсійную школу. У 1945 на тэрыторыі Германіі мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Дэмабілізаваўся ў тым самым годзе. Уладкаваўся настаўнікам у Верацееўскую пачатковую школу (Дунілавіцкі раён). Ад 1946 на нелегальным становішчы. Цягам 1946—1955 здзейсніў 23 тэракты, 42 абрабаванні, 9 нападаў на сельсаветы. Загінуў, паводле звестак спецслужбаў, у студзені 1955.