Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў назваў прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі «нулём» і «пустым месцам», адказваючы на пытанне журналісткі Марыяны Максімоўскай пра знешнюю палітыку Расіі ў апошнія гады.
«Саакашвілі — пустое месца. Нуль. Рана ці позна ён сыдзе з палітыкі, — заявіў Мядзведзеў. — Грузія — блізкая нам краіна, грузінскі народ — вельмі блізкі нам. Мы яго любім і неаднаразова яго ратавалі», — дадаў ён.
Мядзведзеў таксама раскрытыкаваў дзеянні ўладаў краін Балтыі.
«Мы, вядома, вялікія, а яны маленькія. Але не трэба хаміць, падтрымліваць нацыяналістычную пазіцыю… Мы гістарычна звязаныя, мы эканамічна моцна звязаныя», — заявіў Мядзведзеў, дадаўшы, што «не трэба бачыць у Расіі страшнага мядзведзя, які можа разарваць маленькія краіны».
Кажучы пра адносіны з Беларуссю, Мядзведзеў назваў Аляксандра Лукашэнку «чалавекам няпростым, эмацыйным», аднак адзначыў яго заслугі за падтрымку ідэі стварэння Еўразійскай эканамічнай супольнасці.