Усё асэнсоўваецца праз параўнаньне.
Вось зараз у зьвязку з таямнічай падрыхтоўкай закону аб інфармацыі згадваецца, як у 2001 — 2002 гадах некалькі разоў спрабавалі працягнуць праз парлямэнт праект закону аб інфармацыйнай бясьпецы. Той быў ўвогуле — проста фініш.
Дык вось, тады прагрэсіўная грамадзкасьць:) — і ў нас, і за мяжой — узьняла такі гвалт, што ў рэшце рэштаў праект, зьвязаны найперш зь імем Чаргінца, заваліла... Палата.
Во які быў разгул дэмакратыі ўсяго пяць гадоў таму!
Яшчэ болей. Нейкія рэшткі плюралізму захоўваліся ў дзяржаўных мэдыях. Мне самому давялося ўдзельнічаць у дыскусіі аб гэтым законапраекце на БТ.
Пасьля запісу кашуля была хоць выкручвай. Не ад спёкі юпітараў, а таму, што ваш пакорлівы слуга аказаўся адзіным дапушчаным у студыю прадстаўніком незалежных мэдыяў. Астатнія ўдзельнікі прэзэнтавалі ўладны бок. Накінуліся так, што аж пер'е паляцела. Толькі і пасьпяваў агрызацца.
Зрэшты, няма ліха без дабра. Як ні дзіўна, мае рэплікі пайшлі ў этэр практычна без купюраў. Паразважаўшы, прыйшоў да высновы, што пры мантажы перадачы іншага выйсьця не было. Бо іначай выглядала б, што адэпты жалезнай інфармацыйнай заслоны палемізуюць з пустатой.
Зрэшты, улады і без таго закону ў значнай ступені дамагліся сваёй мэты — заглушыць "дэструктыўныя" інфармацыйныя крыніцы. Ва ўсякім разе, грунтоўна зачышчаны абсяг традыцыйных друкаваных мэдыяў.
Тады, на пачатку стагодзьзя (во як былінна гучыць!), на фінішы ранішняй прабежкі я купляў у шапіку бярэмя незалежных пэрыёдыкаў — ад "Народнай волі" да "БДГ". Зараз — выключна квіткі на трамвай:)
Толькі цягам 2001 — 2003 гадоў перасталі друкавацца каля двух дзясяткаў недзяржаўных грамадзска-палітычных выданьняў. А працэс жа на гэтым не спыніўся.
Адно што дыхае Сеціва. У віртуал сышлі і тая ж "БДГ", і "Салідарнасьць". Плюс зьявіліся адмысловыя анлайнавыя праекты. Дый радыё "Свабода" сёньня мае знаёмыя ня столькі ловяць прыймачом (няўдзячны занятак, шчыра кажучы!), колькі чытаюць (і нават слухаюць, калі трафіку не шкада:) праз сайт.
Так, нават ў аўтарытарнай Беларусі пры жаданьні можна рэгулярна спажываць незалежную інфармацыю ў дастатковых дозах праз этэр ці — яшчэ зручней — праз Сеціва.
Пытаньне ў тым, хто яе шукае.
Бо калі ў шапіку крамольныя пэрыёдыкі мазолілі вока абываталя, то зараз трэба ведаць месцы, дзе можна пажывіцца альтэрнатыўным прадуктам.
То бок ён становіцца здабычай падрыхтаваных і настойлівых.
Вось тут — цікавае леташняе дасьледаваньне НІСЭПД.
Зь яго вынікае, напрыклад, што самай прагрэсіўнай — калі браць крытэрам прадэмакратычныя і праэўрапейскія каштоўнасьці — ёсьць аўдыторыя інтэрнэту, а найболей кансэрватыўнай — беларускага дзяржаўнага радыё.
Але ж падкрэсьлю яшчэ раз: ня столькі Сеціва ператварае рэтраградаў у адэптаў дэмакратыі і эўрапейскасьці, колькі публіка з ужо сфармаванай сыстэмай каштоўнасьцяў знаходзіць сабе нішу свабоды ў Сеціве. І наадварот: так званы "цьвёрды электарат" задавальняецца прапагандова-забаўляльным меню, бо стравы ў ім складаюцца са звыклых ідэйных ды каштоўнасных інгрэдыентаў.
Гэта — да пытаньня аб ілюзіях, што, напрыклад, незалежны спадарожнікавы канал зробіць тут нейкую рэвалюцыю.
Увогуле, калі мэдыі трактуюцца як сродак рэвалюцыйнай барацьбы (а тут некаторыя нашыя дэмакраты мысьляць адзін у адзін як Ульянаў-Ленін) — карысьці не чакай.
Тэлеканал такі, канешне ж, зусім не зашкодзіць. Бо Сеціва пры вялікім жаданьні могуць калі і не заглушыць цалкам, то добра прыдушыць — менавіта крамольны сэгмэнт. А спадарожнік не саб'еш. Дый усе талеркі-антэны павыкарчоўваць праблематычна.
Я пра іншае: пра наіўнасьць меркаваньня, што можна "перамагчы ў галовах" за кошт нарошчваньня валу інфармацыі пад грыфам "супраць рэжыму".
Бо кожны чуе тое, што хоча чуць, і бачыць найперш тое, што хоча бачыць.
Ёсьць гурманы, што кожны дзень смакуюць непадцэнзурнае слова. Як заморскі плод ківі.
І ёсць маса тых, каму дастаткова прадукту айчыннай дзяржаўнай тэлевізіі. Як сала з бульбай. А ківі... на чорта яно, лепей — пляшку!
Прычым самае сумнае, што пры ўбогім харчаваньні яны не адчуваюць мэдыйнага авітамінозу.
Іншым разам уражаньне такое, што паралельна ў розных вымярэньнях, калі хочаце — нават у розных эпохах, існуюць дзьве Беларусі. Цалкам сувэрэнныя :)
Нават гербы са сьцягамі ў іх розныя.





