Тэкст Канстытуцыі, гадавіну якой днямі адзначалі, падпісаў у 1994 годзе сьпікер Мечыслаў Грыб. Ён, генэрал міліцыі, і ў благім сьне ня мог тады прымроіць, што праз колькі гадоў будзе... хавацца ад міліцыянтаў пасьля шэсьця на Дзень Канстытуцыі.
І гэта быў не адзіны горкі глыток з чашы апазыцыянэра.
Ці ведаеце вы, што яго, заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь, на 59-м годзе жыцьця змусілі, нібы студэнта, цягнуць білет на іспыце ў пытаньнях права?
Гісторыя такая. Пасьля разгону Вярхоўнага Савету трэба ж было зарабляць нейкую капейчыну. Маючы адвакацкую ліцэнзію, Грыб уладкаваўся ў юрыдычную кансультацыю сталічнага Партызанскага раёну.
Прарабіў з паўгоду. Але ў траўні 1997-га зьявіўся дэкрэт №12 — "Пра некаторыя захады ў справе ўпарадкаваньня адвакацкай і натарыяльнай дзейнасьці...". Паводле дэкрэту ўтварылі атэстацыйную камісію. Хочаш пацьвердзіць права на ліцэнзію — ідзі цягні білет на іспыце.
Грыб выдатна разумеў, што ўжо каму-каму, а яму, "перабежчыку" ў лягер апазыцыі, наладзяць выпрабаваньне па поўнай праграме.
Але генэрал вырашыў бяз бою не здавацца. Закусіў губу — і пайшоў на іспыт, як той студэнт.
"Гадзіны са дзьве ганялі, — узгадваў Грыб. — Потым кажуць: выйдзіце за дзьверы і пачакайце рашэньня. Яшчэ ці ня дзьве гадзіны мусіў шнураваць па калідоры. Нарэшце запрашаюць. Сэнсацыя! Экзамэн здаў. Але рана радаваўся. Неўзабаве даведваюся: прызналі мяне ня вартым ліцэнзіі нягледзячы на ўдалы іспыт. Фармулёўка езуіцкая: за парушэньне адвакацкай этыкі".
А падставу адкапалі такую: нібыта парушыў грамадскі парадак падчас масавай вулічнай акцыі на трэцюю гадавіну Канстытуцыі.
Яшчэ больш, кажа Грыб: "Мяне ж міліцыянты пільнавалі пад дзьвярыма ўласнай кватэры пасля таго шэсьця ў сакавіку 97-га. Так некаму карцела ў "бамжатнік" запіхнуць былога сьпікера...".
Іронія лёсу: тое мерапрыемства да ўгодкаў Асноўнага закону было нават санкцыянаванае.
"Тады яшчэ не выпіхвалі на Бангалор, — успамінае Грыб. — Калёне было дазволена рухацца з плошчы Якуба Коласа да опэрнага тэатру. Людзей сабралася нямала. І ў нейкім вузкім месцы маршруту, каб ня ціснуцца, колькі мэтраў частка калёны прайшла па праезнай частцы. На транспартным руху тое ніяк не адбілася. Але ж фармальную зачэпку ўлады атрымалі. І як жа было ёю не скарыстацца! Карацей, пачалося паляваньне на найболей прыкметных удзельнікаў акцыі".
А тут яшчэ такі нюанс. Пасьля шэсьця Грыб трохі пасядзеў у кавярні са сваім сватам — Паўлам Казлоўскім. Так, тым самым — былым міністрам абароны. (Калі хто ня ведае: ягоны сын жанаты на Грыбавай дачцэ.) У экс-міністра акурат быў дзень народзінаў, і сваякі-генэралы палічылі, што ня грэх падняць па чарцы.
Ну а потым...
"Толькі вярнуўся дадому — звоняць у дзверы, — распавядаў мне потым Мечыслаў Грыб. — Міліцыя! Уяўляеце, якім я быў на той момант падарункам для нядобразычліўцаў! Былы сьпікер мала што парушаў грамадзкі парадак падчас масавага мерапрыемства, дык яшчэ і трохі нападпітку! Акрамя таго, напэўна пратрымалі б у так званым бамжатніку ўсе выходныя. Справа ж была ў пятніцу. А суд раней за панядзелак не распачаўся б. На такое прыніжэньне я не пайшоў і дзьверы адчыняць ня стаў".
Са слоў Грыба, тыя служакі ўсю ноч на лесьвічнай пляцоўцы сядзелі. Шалупіньня ад семак наплявалі цэлую гару.
Але генэрал зь белым сьцягам ня выйшаў :)
Сьмяецца (ён увогуле чалавек з гумарам): "Аддаў сябе ў рукі айчыннай Фэміды толькі ў панядзелак. Хоць у тым клапоўніку, дзякуй богу, сядзець не давялося. Затое штраф упяклі шалёны — аж 20 мільёнаў беларускіх рублёў! Гэта адпавядала тады васьмістам далярам".
Праўда, абскардзіўшы рашэньне ў гарадзкім судзе, суму пашэнціла напалову скасьціць.
Але ж ня толькі ў грашах рэч!
Як той казаў, за дзяржаву крыўдна.
Гэта ж ня проста недарэчны выпадак — гэта сыстэма. Іншы былы сьпікер — Вайтовіч — пачуў на свой адрас з высокай трыбуны такое, што мусіў апэляваць да генпракурора, яшчэ аднаму — Шушкевічу — налічваюць зьдзеклівую пэнсію паўтара даляры...
Ну а гісторыя з Грыбам — проста апатэоз. Удумаемся: чалавека, што падпісаў дзейную Канстытуцыю, за шэсьце ў ейны гонар аштрафавалі і фактычна пазбавілі права на прафэсію!
Такія вось грымасы найноўшай беларускай гісторыі.

На здымку з архіву аўтара: сьпікер Грыб у рэдакцыі "Народнай газэты" часоў Сярэдзіча.





