На вераснёўскіх парламенцкіх выбарах Партыя БНФ мае намер вылучыць 30—40 кандыдатаў у дэпутаты. Аб гэтым было заяўлена на пасяджэнні сайма партыі 29 красавіка ў Мінску.

26 чалавек ужо далі персанальную згоду на вылучэнне кандыдатамі у дэпутаты, яшчэ 12 пакуль разважаюць.

У ліку тых, хто прэтэндуе на дэпутацкі мандат, лідар партыі Аляксей Янукевіч і яго намеснік Рыгор Кастусёў, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года.
Паводле слоў Кастусёва, працэс падрыхтоўкі да ўдзелу ў выбарчай кампаніі ўжо ідзе: створаны выбарчы штаб, распрацоўваюцца ўлёткі партыйных кандыдатаў, плануецца падрыхтоўка кандыдатаў да выступлення на тэлебачанні.

Янукевіч паведаміў, што на наступным тыдні адбудуцца кансультацыі "кааліцыі шасці", у якую акрамя Партыі БНФ уваходзяць Аб'яднаная грамадзянская партыі, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", рух "За Свабоду" і грамадзянская кампанія "Гавары праўду!". На сустрэчы будзе абмяркоўвацца ў тым ліку пытанне аб распрацоўцы адзінага паслання дэмакратычных сіл на парламенцкіх выбарах.

"На адзінае пасланне будзе выйсці вельмі складана, бо існуюць розныя падыходы да ўдзелу ў выбарчай кампаніі, ад байкоту да ўдзелу ў выбарах да канца. Аднак некаторыя моманты, якія тычацца, напрыклад, ацэнкі выбарчага працэсу, можна было б узгадніць", — лічыць Янукевіч.

Рашэнне аб удзеле ў парламенцкіх выбарах Партыя БНФ прыняла на пасяджэнні сойма 28 студзеня. Партыя мае намер вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты, але пакідае за сабой права зняць іх за некалькі дзён да галасавання.

"Калі да пачатку датэрміновага галасавання ў краіне застануцца палітзняволеныя і калі ўсе нашы прадстаўнікі не будуць уключаны ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, мы здымем сваіх кандыдатаў з выбараў", —
заяўляў Янукевіч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?