Марына Лё Пен разам з бацькам. Фота з фэйсбука Марыны Лё Пен.

Марына Лё Пен разам з бацькам. Фота з фэйсбука Марыны Лё Пен.

За яе прагаласавала больш за 6 мільёнаў французаў, што з’яўляецца гістарычным рэкордам Нацыянальнага Фронту.

Адразу пасля першага туру ўсе “левыя” кандыдаты ў прэзідэнты падтрымалі сацыяліста Франсуа Алянда. Марына Лё Пэн рабіць такі падарунак Нікаля Сарказі адмовілася. Дзіва што -- у выніку паразы Сарказі яна мае шанцы стаць новым тварам французскай “правай” апазіцыі.

Палітычны старт

У 18 год Марына Лё Пэн зрабіла для сябе дзве важныя рэчы: паступіла ў найлепшы юрыдычны ўніверсітэт Францыі і далучылася да Нацыянальнага Фронту. Здабыўшы юрыдычную адукацыю, Марына Лё Пэн шэсць гадоў працавала адвакатам (што цікава, часта баронячы інтарэсы нелегальных імігрантаў). Аднак у 30 гадоў Марына Лё Пэн цалкам сышла ў палітыку. Дзякуючы свайму таленту і бацькоўскай падтрымцы, Марына Лё Пэн хутка пабудавала партыйную кар’еру, займаючы па чарзе ўсе магчымыя пасады ў партыі, а год таму стала наступніцай свайго бацькі на пасадзе кіраўніцы Нацыянальнага Фронту.

Рэформа Марыны Лё Пэн

Калі параўноўваць Нацыянальны Фронт ў часы кіравання Жан-Мары і Марыны Лё Пэн, то заўважна, што яна не фармальны лідар, а сапраўды новы голас на французскай палітычнай сцэне. Калі Нацыянальны Фронт яшчэ некалькі гадоў таму без перабольшванняў быў сплавам нацыяналістаў (тыпу Жырыноўскага ў Расіі), фашыстаў, манархістаў і еўраскептыкаў, аб’яднаных нелюбоўю да ліберальнай дэмакратыі, то сёння Нацыянальны Фронт стараецца пераўтварыцца ў нармальную правую партыю, прымальную для большасці. Не шмат людзей у Францыі верыць Марыне Лё Пэн, што яна можа быць інакшай ад свайго бацькі, аднак 18% галасоў у першым туры сведчаць аб слушнасці абранага шляху. Такія тэмы, як ісламізацыя Еўропы, часта выкарыстоўваюцца Марынай, але ў параўнанні са сваім бацькам яна не робіць стаўкі на ксенафобію.

Праваабарончая кампанія Licra разьмясьціла ў інтэрнэце ролік, на якім Марына Лё Пэн пасля зняцця макіяжу пераўтвараецца ў свайго бацьку.

Ідэалогія Лё Пэн

Нягледзячы на змены ў Нацыянальным Фронце, ідэалогія Марыны Лё Пэн застаецца такой жа папулістычнай, як і ў яе таткі. Марына Лё Пэн часта гучыць, як лукашэнкаўскі прапагадыст: яна гаворыць аб поўным правале Еўрасаюза, выступае за выхад Францыі з НАТА і геапалітычны саюз з Расіяй. Варта зазначыць, што Нацыянальны Фронт заўсёды меў сваесаблівы погляд на замежную палітыку – антысеміцкі і антыамерыканскі. Напрыклад, Жан-Мары Лё Пэн ў 1990 годзе наведваў Садама Хусэйна ў Багдадзе, а пасля называў яго сваім сябрам. Сённяшняя кіраўніца, Марына Лё Пэн, летась крытыкавала рашэнне Парыжа дапамагчы лівійскім паўстанцам. Для Марыны Лё Пэн Уладзімір Пуцін -- аб’ект захаплення, а партнёрства з Расіяй яна ўспрымае як свой палітычны прыярытэт.

Будучыня Лё Пэн

Калі Марына Лё Пэн вучылася ў школе, то ейныя настаўнікі яе не любілі ўжо за тое, што яна з’яўляецца дачкой чалавека, які лічыць Халакост раздзьмутым міфам. Калі Марына Лё Пэн шукала месца працы, то ёй часта адмаўлялі, бо не маглі змірыцца, што ейны бацька “па-сяброўску” называе Гітлера “дзядзькам Дольфікам”. Сёння Марына Лё Пэн магла б прэтэндаваць на нашмат большае, калі б за спіной не стаяў ейны бацька. Поспех Марыны Лё Пэн будзе залежыць ад таго, наколькі яна здолее вызваліцца ад спадчыны свайго бацькі, ідэі якога дыскрэдытаваны, хоць створаная ім палітычна сіла выжыла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?