Прайшоў чарговы Чарнобыльскі шлях. Я быў адным з заяўнікаў акцыі.

Не кіраўніком, а толькі старшынём Аргкамітэту з абмежаванымі паўнамоцтвамі. І гэта не дзіўна, бо дэмакратычная апазіцыя паколатая і раз’яднаная да такой ступені, што, здаецца, знаходзіцца ў анабіёзе.

З лідараў найбуйнейшых партый толькі А. Янукевіч выступіў на мітынгу. А. Лябедзька і С. Калякін не набраліся імпэту выйсьці да народу са сваімі меркаваньнямі адносна ліквідацыі чарнобыльскіх льгот, сельскагаспадарчага выкарыстаньня забруджаных земляў і планаў будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Пра грамадскія рухі і гаварыць няма ахвоты. Ці можна разлічваць у такім разе, што наступная акцыя збярэ больш народу?
А людзей было мала. Звычайныя ў апошні час 1-2 тысячы актывістаў. Праўда, адносна многа моладзі. З фантазіяй і верай у перамогу.
Гучаў Чарнобыльскі звон. Запусцілі папяровыя балёнчыкі, якія падымала ў гару гарачае паветра ад запаленых свечак. Але мне было горка адказваць на пытанне журналістаў, ці добра прайшоў шлях, ці памятае яшчэ беларускі народ аб чарнобыльскай катастрофе і яе ахвярах?
Зноў не было нармальнага гукаўзмацнення. Хаця я зрабіў усё магчымае.
Нават у заяўку ў Мінгарвыканкам уключыў два пункта, што адсутнічаюць у стандартнай (распрацаванай у Мінгарвыканкаме) форме. Па-першае, просьбу дазволіць шэсце па першай паласе праезнай часткі вуліцы Сурганава, як гэта дазвалялася раней. Па-другое, не арыштоўваць і не затрымліваць гукаўзмацняльную апаратуру. Аднак, у адказе, ўручаным заяўнікам 20 красавіка напярэдадні чатырох выходных дзён, абедзве просьбы былі праігнараваны.
Мяне нават здзівіла, што такое жорсткае рашэньне падпісана І.В.Карпенкам. Я быў знаёмы з гэтым адукаваным чалавекам да таго, як ён стаў намеснікам гарадскога галавы. І не раз чуў ад яго заклікі да кампрамісу, цярпімасці і супрацоўніцтву з уладаю.
Таму я рашыў, што паспрабую дамагчыся ад яго альбо пісьмовага загаду міліцыі не затрымліваць апаратуру, калі мы яе знойдзем, альбо дазволу выкарыстаць міліцэйскі гукаўзмацняльны аўтобус для абслугоўвання мітынгу. Справа ў тым, што намеснік дырэктара Рэспубліканскіх тэлерадыёперадаючых сетак на маёй заяве напісаў: «Отсутствует техническая возможность озвучить данное мероприятие в указанное время». І патлумачыў, што адзін аўтобус пойдзе ў Хойнікі, другі – абслугоўваць велагонку. Трэці замоўлены Мінгарвыканкамам для міліцыі, якая будзе на Чарнобыльскім шляху.
Больш за суткі спрабаваў я дазваніцца да высокага мінскага чыноўніка. Абарону трымала падрыхтаваная сакратарка.
Ігар Васільевіч быў то на нарадзе ў Ладуцькі, то ў ад’ездзе. То на чарнобыльскіх мерапрыемствах. Таму ў пачатку чацвёртай гадзіны апоўдні 26 красавіка я зразумеў, што звязацца з Карпенкам не ўдасца.
Мне стала відавочна і тое, што ў крайнім выпадку я пачую: “Вы ж разумееце ...”
Так, я ўсё разумею. І тое, што прэзідэнцкае “карыта” смачнейшае за настаўніцкае. І тое, што бюракратычная абарона ў дэмакратычнай Беларусі набыла нябачную глыбіню і разгалінаванасць. Што ні адзін чыноўнік, ні адзін міліцэйскі палкоўнік не ў стане самастойна вырашыць пытаньне пра дазвол выкарыстаць на апазіцыйным мітынгу дзяржаўную ці прыватную гукаўзмацняльную апаратуру. Ім патрэбны дазвол з самага верху, спушчаны па ўсіх прыступках уладнай вертыкалі. А яго і не было.
І тут я прыпомніў словы А. Лукашэнкі, сказаныя ім на адной з сустрэч з рэгіянальнымі расейскімі СМІ.
Адна непадрыхтаваная журналістка пацікавілася думкаю А. Р. наконт слабага развіцця дэмакратыі ў Беларусі. Але, як Мядзведзеў разумее дэмакратыю, патлумачыць не магла. Ведала толькі, што Мядзьведзяў гаварыў аб пяці ўмовах дэмакратыі. Тры прыкметы Аляксандр Рыгоравіч адкінуў адразу, як неістотныя. А галоўнымі аб’явіў две – права чалавека на жыццё і права на работу з годнай аплатай.
Бедны гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута! Ягоны найлепшы і найбольш паспяховы выпускнік ня ведае, што такая “дэмакратыя” існавала нават у рабаўладальніцкім грамадстве.
Гаспадар не забіваў раба без дай прычыны. Клапаціўся, каб у раба быў дах над галавой і ежа. І работаю раб быў забяспечаны. Існавала толькі адно неістотнае адрозненне ад нашай дэмакратыі. Рабаўладальнік сам судзіў раба і сам выконваў прысуд. У нас жа ёсць нават Вярхоўны суд. Ягоны старшыня ўваходзіць у лік дванаццаці вышэйшых службовых асоб. Усе яны аднадумцы з прэзідэнтам, па прызнанні самаго Лукашэнкі, а таму дэмакратыю ўсе разумеюць аднолькава. Так што і судовая сістэма ў нас адрозніваецца ад рабаўладальніцкай толькі тым, што прэзідэнт сам не выконвае прысуд.
Як жа сорамна было тлумачыць міліцэйскім афіцэрам, якія ўсе маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю, што іх абавязак не затрымліваць мегафоны, а наадварот, дапамагчы людзям з гукаўзмацненнем.
Бо права на мітынг і на іншадумства мы маем па Канстытуцыі. А права без гарантыі яго рэалізацыі проста здзек і насмешка. Абавязак міліцыі – гарантаваць нам нашы правы. Але што браць з гэтых людзей у чорнай форменнай вопратцы, калі так правы чалавека разумее ўся ўладная вертыкаль?
Мінскія ўлады аказаліся не ў стане прадэманстраваць, як яны разумеюць грамадскі дыялог і палітычны кампраміс.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?