У сваім лісце да жонкі Мікалай Статкевіч напісаў пра сябе, пра суседа, патлумачыў матывы сваіх учынкаў.

«З [часу] майго апошняга ліста 16.04 дайшла інфармацыя пра шмат розных падзей. Шчыра ўзрадавала навіна пра вызваленне Андрэя і Дзмітрыя [Саннікава і Бандарэнкі]. Рады за іх і іхнія сем'і. Перадавай ім мае прывітанні.

Але, даруй, мая родная, гэты шлях на волю для мяне непрымальны. Я не здольны здрадзіць сабе, не здольны прынізіць тых людзей, якія збіралі подпісы за мяне, ставілі подпісы за маё вылучэнне, галасавалі за мяне, выйшлі па майму закліку на Плошчу».

Пра тое, як эканамічная сітуацыя ў краіне адбіваецца на жыцці ў турме...

«Дарэчы, даведаўшыся пра вызваленне Андрэя і Дзмітрыя, мы з суседам адсвяткавалі гэтую падзею, «зарэзаўшы» з гэтай нагоды апошні з халвічных батончыкаў. Пакуль я тут, кошт такіх батончыкаў у «атаварцы» вырас амаль у 2,5 разы. Цікава, на волі яны таксама па 2400 руб?»

Мікалай Віктаравіч падцвердзіў таксама, што пра суседа, якую ён прачытаў у газеце, «праўдзівая, калі казаць пра прозвішча і мінулую пасаду», але «ён - чалавек веруючы і на нашых іконках прысягнуў, што нікога па гэтых справах не забіваў».

Гэта, па словах Міколы Статкевіча, і сталася галоўнай прычынай, чаму ён «не стаў пратэставаць супраць знаходжання ў адной камеры».

Праўда, спакойны аптымізм, з якім Мікалай Віктаравіч завяршае ліст, па словах жонкі, турбуе яе нават болей, чым папярэднія дрэнныя навіны, хаця пачуццё гумару і вытрымка палітвязня не пакінулі. Ён піша:

«Што тычыцца ўсіх гэтых гульняў вакол мяне, то яны ўносяць разнастайнасць у маё вельмі манатоннае жыццё і час ідзе значна хутчэй».

***

26 мая 2011 года суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў Мікалая Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд прыйшоў да высновы, што менавіта Статкевіч разам з яшчэ адным кандыдатам у прэзідэнты, Дзмітрыем Усам, «рыхтавалі масавыя беспарадкі» і ўзначальвалі «бясчынствуючы натоўп» падчас шэсця па праспекце Незалежнасці 19 снежня 2010 года.

12 студзеня 2012 г. Статкевіч быў пераведзены на тры гады на турэмны рэжым

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?