Больш як 150 легкавых аўтамабіляў сабраліся на беларуска-польскай мяжы ў міжнародным аўтадарожным пункце пропуску «Брэст», паведаміў начальнік прэс-службы Брэсцкай пагранічнай групы Аляксандр Кіслоў.

Машыны на пераходзе, які больш вядомы як «Варшаўскі мост», пачалі збірацца яшчэ вечарам 29 красавіка. Да раніцы на мяжы, паводле слоў Кіслова, ужо выстраілася сур'ёзная чарга. Паводле яго ацэнкі, з больш як паўтары сотні аўтамабіляў у чарзе на выезд з Беларусі толькі 5% накіроўваюцца на адпачынак.

У першай палове дня ў чарзе на выезд з Беларусі было таксама шмат аўтобусаў. Зараз жа пераважаюць аўтамабілі з беларускімі, польскімі і расійскімі нумарамі.

Прапускная здольнасць пункта пропуску «Брэст» складае 1.200 аўтамабіляў у адзін бок за суткі, а чэргі ствараюцца, калі на аўтадарожны пункт пропуску адначасова прыбываюць больш як сто аўтамабіляў.

Такім чынам, пры такой чарзе, якая назіраецца зараз, аўтамабілі могуць прастаяць на мяжы ад 4 да 12 гадзін.

Чакаецца, што з наступленнем мая чэргі на беларуска-польскай мяжы стануць меншымі, бо з 1 па 3 мая ў Польшчы адзначаюць дзяржаўныя святы (Свята працы і Дзень Канстытуцыі). Большасць гандлёвых аб'ектаў гэтымі днямі ў Польшчы будуць зачынены, а значыць, паток беларусаў, якія едуць у суседнюю краіну ў асноўным за пакупкамі, зменшыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?