Аднак візіт можа не адбыцца з простай прычыны: бакам няма пра што размаўляць.

Іран – чарговы прыклад краіны, супрацоўніцтва Беларусі з якой грунтуецца на аўтарытарных падставах, а эканамічныя адносіны прыносяць мінімум выгады.
Калі яшчэ 5 гадоў таму Лукашэнка і Ахмадзінежад абдымаліся і казалі пра вялікія перспектывы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, то сёння пра беларуска-іранскія адносіны публічна згадваць не прынята.

Найбольш моцны ўдар з іранскага боку па Лукашэнку быў нанесены ў мінулым годзе, калі Нацыянальная нафтавая кампанія Ірана заявіла, што “Беларусьнафта” не выканала ўмоваў кантракту на распрацоўку радовішча Джафэйр. Беларускі бок тады заявіў, што ён сам вырашыў выйсці з кантракту, у што ніхто, безумоўна, не паверыў. Такім чынам “лопнуў” найбольш прыбытковы для Беларусі праект супрацоўніцтва, пакінуўшы велізарны негатыўны шлейф на двухбаковых стасунках.

Нягледзячы на гэта, Беларусь мае дадатнае сальда ў тавараабароце з Іранам. Не ўлічваючы таго, што тавараабарот складае крыху больш за 100 мільёнаў даляраў, беларускі экспарт у Іран – ажно 97 мільёнаў. Беларусь апроч традыцыйных калійных угнаенняў прадае ў Іран сельгастэхніку, сінтэтычныя валокны і металапрадукцыю.

Для ўладаў вельмі важная тэма іранскіх інвестыцыяў у Беларусь (называюцца лічбы нават да 1,5 млрд даляраў), але звычайна далей за размовы не ідзе.
Варта зазначыць, што іранскія інвестыцыі не заўсёды можна назваць паспяховымі. Яскравы прыклад – аўтамабілі “Саманд”, якіх за 5 гадоў было выпушчана ўсяго тысяча экземпляраў. “Высокую” якасць аўтамабіляў ацанілі некаторыя беларусы, у тым ліку МУС, які пад прымусам гэтыя аўтамабілі і набываў. Тым не менш, Іран выказвае зацікаўленасць у інвестыцыях, звязаных з будаўнічай сферай, але гэтая зацікаўленасць часта разбіваецца аб эканамічную нявыгаднасць. Відавочна, што мільённыя ўкладанні ў краіну, дзе сярэдні заробак – каля 300 даляраў, наўрад ці могуць акупіцца ў хуткім часе. Таксама беларусы працуюць на будоўлях Ірана, што, аднак, цяжка акрэсліць як вялікі поспех узаемных адносін.

Яшчэ нядаўна перспектыўным выглядала супрацоўніцтва ў ваеннай сферы, але беларускі ВПК моцна звязаны з Расіяй, якая ўкладае велізарныя грошы ў сваю ваенную прамысловасць. У такой сітуацыі менавіта Расія з’яўляецца найбольш пажаданым партнёрам у гэтай галіне. Тым больш што Іран не належыць да краінаў, дзе з павагай ставяцца да інтэлектуальнай маёмасці. Квінтэсенцыю беларускага ваеннага экспарту не так даўно сфармуляваў Леанід Мальцаў: “Беларусь паставіла прадукцыю за мяжу, там яе скапіявалі, і рынак страчаны”.

Як у выпадку з Кітаем і іншымі аўтарытарнымі краінамі, Беларусь дэкларуе сваю гатоўнасць дапамагаць Ірану на міжнароднай арэне. Аднак Беларусь праз рэжым Лукашэнкі сама не карыстаецца аўтарытэтам. Ледзь не адзінае, што можа Беларусь, – гэта падтрымліваць Іран у ААН, значэнне якой не варта перацэньваць.

У сакавіку гэтага года міністр замежных справаў Ірана Алі Акбар Салехі паабяцаў Аляксандру Лукашэнку адшукаць магчымасць новага старту ва ўзаемных адносінах. Аднак спадзявацца, што справа пойдзе далей за абдымкі, не варта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?