Паводле "Независимой газеты", днямі можа адбыцца сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Крыніца ў Крамлі кажа, што мяч на беларускім баку.

Маскоўскае выданьне паўтарае вэрсыю пра тое, што магчымая аўдыенцыя стала адной з мэтаў вандроўкі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Крамлёўская крыніца пацьвердзіла, што "кантакты з палітычным кіраўніцтвам Беларусі датычна арганізацыі сустрэчы прэзыдэнтаў дзьвюх краінаў былі". Крэмль чакае, пакуль Менск кіне займацца "мэгафоннай дыпляматыяй".

Апошняе патрабаваньне ўжо не актуальнае. Антыкрамлёўская рыторыка перасохла. Інтэрвію "Аль-Джазіры" было ўжо зусім не такім, як Рару ды "Ройтэру".

Менску трэба памірыцца і, у прыватнасьці, атрымаць крэдыт.

А вось што патрэбна Маскве? Наўрад ці тамтэйшыя прагматыкі задаволяцца тым, што беларускі партнэр пацярушыць галаву попелам.

"Яны могуць вылучыць увесь вядомы пакет", — сказаў мне менскі палітоляг Андрэй Фёдараў. Найперш, бадай, запатрабуюць, каб не было рэвізіі ужо дасягнутых эканамічных пагадненьняў, лічыць экспэрт.

Сапраўды, "Газпрому", напрыклад, недаспадобы гульні з рэнтабельнасьцю "Белтрансгазу", а іхняму Беламу дому — прамаруджваньне зь вялікім пагадненьнем аб скасаваньні бар'ераў у гандлі (чытай: аб адкрыцьці шлюзаў для экспансіі расейскіх тавараў на наш рынак).

Разам з тым, мяркуе Андрэй Фёдараў, паколькі ўмовы зараз дыктуе Масква, чаму б ёй не ўключыць у пакет і жаданыя пункты пра адзіную валюту ды Канстытуцыйны акт? Канешне, ня варта чакаць, што беларускі бок так адразу на ўсё і згодзіцца. "Але будуць пакрысе падціскаць, звужваць абсяг для манэўру", — прагназуе палітоляг.

Зрэшты, яшчэ ня факт, што сустрэча Пуціна з Лукашэнкам адбудзецца менавіта на гэтым тыдні.

Факт тое, што "палёт на двух крылах", мажліва, скончыўся ўжо на стадыі праграваньня рухавікоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?