9 мая ў 67-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Мінску па традыцыі адбудзецца шэсце ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі, у якім возьмуць удзел ветэраны і прадстаўнікі грамадскасці. Чакаецца, што ўсяго ў калоне будзе каля 10 тысяч чалавек. Каля 5 тысяч будуць вітаць шэсце з абодвух бакоў праспекта Незалежнасці.
У шэсці возьмуць удзел Аляксандр Лукашэнка і іншыя вышэйшыя службовыя асобы краіны, паведаміў на прэс-канферэнцыі 2 мая ваенны камендант ваеннай камендатуры Узброеных сіл Анатоль Грыцаў.

Плануецца, што ў калоне па праспекце пройдуць каля 25 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 48 праедуць адлегласць паміж дзвюма плошчамі (больш за 1 кіламетр) у ваенных "УАЗах", каля 200 ветэранаў даставяць непасрэдна на плошчу Перамогі, дзе яны размесцяцца на спецыяльна падрыхтаванай трыбуне.

Як расказаў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір Макараў, цяпер у Беларусі жыве 30.520 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з непасрэдных удзельнікаў баявых дзеянняў на франтах — 21.503. Сярод ветэранаў — сем Герояў Савецкага Саюза і адзін поўны кавалер ордэна Славы.

У Мінску 9 мая галоўныя святочныя мерапрыемствы пройдуць у парку Перамогі і на праспекце Пераможцаў каля Палаца спорту. Усяго ў гэты дзень у беларускай сталіцы запланавана правядзенне каля 50 мерапрыемстваў, прысвечаных 67-й гадавіне Перамогі, паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?