— Вясна!.. — соладка пацягваецца сусед‑»хімік». — Хутчэй бы на волю! Можа, якая амністыя будзе, Паш, га?.. Да Перамогі ці хаця б Дня Незалежнасьці?

Для любога асуджанага дзяржаўныя сьвяты — надзея на вызваленьне. Перапытваю, якога зь дзён незалежнасьці сусед спадзяецца вярнуцца дадому. Адказвае, «да сапраўднага» і, канечне, «таго, які бліжэй».

Значыць, да Дня Волі. І, хоць вядома, што 25 сакавіка ў Сітне чакаецца хіба што ўзмоцненая міліцэйская варта, сусед падрабязна распытвае і пра БНР, і пра прызнаньне беларускай незалежнасьці 1918 г. эўрапейскімі краінамі ды Патрыярхам Маскоўскім Ціханам, а наапошак цікавіцца, чаму сьвята так называецца. «У смысьле, волі? «Вольнаму воля» — ці во такая?» — і сьціскае кулак.

У беларускай мове воля сапраўды азначае і свабоду, і рашучасьць. Больш за тое — сплаўляе іх у адно ды ясна сьведчыць пра ўзаемазалежнасьць першага й другога. Толькі свабода дае чалавеку магчымасьць выявіць годнасьць, самастойнасьць і моц пакліканьня; і толькі праз імкненьне, высільваньне й жалезнае трываньне тая самая свабода дасягаецца.

Сёньняшняму Сітну вельмі не стае волі. І волі‑рашучасьці, і волі‑свабоды. Млявасьць, кволасьць, абыякавасьць — «ад нас нічога не залежыць» — перадвызначае стан прыніжанага рабства й трымае вёску ў безнадзейным упадку. І хоць жывуць тут моцныя мужыкі‑лесавікі — як той казаў, і сіла ёсьць, і воля ёсьць, а сілы волі няма. Сымбалічна, што наймаладзейшую з тутэйшых актывістаў дэмакратычнага руху, што год таму зьбірала подпісы за Мілінкевіча, а цяпер распаўсюджвае матэрыялы ТБМ ды налепкі «За свабоду!» (магчыма, яна — самае яскравае ўвасабленьне сьветлае сіценскае будучыні), завуць менавіта Воляй.

Апошнія некалькі гадоў акурат перад Днём Волі характэрны бязвольны настрой апаноўваў і вярхі апазыцыі. У той самы момант, калі належала выяўляць моц ды цьвёрдасьць, запачаткоўваць агульнанацыянальныя кампаніі й арганізоўваць масавыя шэсьці — пераважалі настойлівыя прапановы «правесьці канцэрт у парку», «паслухаць прамоўцаў і разысьціся», «не псаваць людзям сьвята». Адсутнасьць волі поруч з бракам веры зрабілася галоўнай праблемай беларускіх дэмакратычных сілаў. Колькі разоў «Маладому фронту» даводзілася да вялікага сораму старэйшых партыйных дзеячоў, пасьля закліку «разысьціся», выводзіць людзей на Праспэкт, каб сьвет пабачыў: жыве Беларусь!

Летась у Беларусі нарэшце зьявіўся лідэр, які не збаяўся збудаваць стратэгію перамогі менавіта на Плошчы — Аляксандар Мілінкевіч. Зьявіўся лёзунг, які трапіў людзям у самае сэрца: «За свабоду!» (дарэчы, рух, які ўзначаліў Аляксандар Казулін, назвалі гэтаксама паказальна: «Воля народу»). Узьнялося цэлае пакаленьне моладзі, гатовае стаць новым фронтам змаганьня.

Пасьля бурлівае вясны‑2006, галадовак восені‑2006, пасьля цэлага году апазыцыйных сварак ды тужлівае бясьсіласьці Дзень Волі — гэта самае тое, што трэба. Калі рэжым змаўляецца то з Расеяй, то з Эўропай, быццам беларускага народу як самастойнай велічыні тут увогуле не існуе, 25 Сакавіка мусіць зрабіцца днём нашага волевыяўленьня.

З рэзыдэнцыі будзе добра відаць Плошчу, запоўненую людзьмі. Але свабода й рашучасьць — гэта не таптаньне на месцы ды слуханьне штатных прамоваў. Дзень Волі — гэта рух. Як і сама воля выяўляецца ў дзеі, сапраўдны Дзень Волі мае сэнс толькі як відовішчная маніфэстацыя. Гул беларускай волі павінныя чуць і Эўропа праз «Эўраньюз», і Расея праз маскоўскія тэлеканалы. Беларуская свабода і беларуская рашучасьць вымагаюць фармуляваньня ў канкрэтных патрабаваньнях да рэжыму, якія б здолеў на пальцах пералічыць любы актывіст‑агітатар, якія ведалі б на памяць усе эўрапейкія беларусаведы і якія б паўтарыў без запінкі любы чыноўнік, абуджаны ўначы.

Як і летась, у Менску, як і ў Сітне, сёлета надзея на моладзь і на лідэра руху «За свабоду!». Беларуская Воля апоўдні 25 Сакавіка будзе там, дзе сьцягі «Маладога фронту» і Мілінкевіч.

Беларуская воля патрабуе веры. Толькі тады і зможам, і пераможам. Наша жахлівая нацыянальная бязвольнасьць нараджаецца тады, калі беларусы адварочваюцца ад волі Божай. Брыдкае й жаласнае відовішча: Рэч Паспалітая ў часы Сасаў, застойная БССР ці цяперашняя «апошняя дыктатура Эўропы». І наадварот, беларуская Воля, натхнёная Духам Сьвятым, сплаўленая ў кулак, падначальвае чалавечае і пераварочвае цэлыя краіны ды эпохі.

«Хто ня любіць волі — ня нашага роду», — пісаў Янка Купала.

Вось чаму рэжым рыхтуецца да Дня Волі з дапамогаю арыштаў, допытаў і ператрусаў.

І вось чаму беларусы чакаюць Дня Волі як дня нацыянальнага абуджэньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?