«Белы Тыгр» — ваенна-містычны трылер, у якім пры жаданні можна ўбачыць вампірскі след.

Танкіст Іван урэшце звёў з глузду маёра контрразведкі Фядотава.

Танкіст Іван урэшце звёў з глузду маёра контрразведкі Фядотава.

Магчыма, белы тыгр быў сталёвым пярэваратнем-Гітлерам?

Магчыма, белы тыгр быў сталёвым пярэваратнем-Гітлерам?

Падчас здымак выкарыстоўваліся сапраўдныя, а не камп'ютарныя танкі.

Падчас здымак выкарыстоўваліся сапраўдныя, а не камп'ютарныя танкі.

Апошнія месяцы Другой сусветнай, Чырвоная армія цісне суперніка, якому застаецца спадзявацца толькі на цуд. Ён перыядычна і здараецца на розных участках фронту — у выглядзе з’яўлення «Белага Тыгра», цюнінгаванага непрабіўнога танка без апазнавальных знакаў.

Танк і сапраўды белы, не баіцца бруду і балотаў, у якіх не топіцца, узнікае немаведама адкуль у самы нечаканы момант, расстрэльвае тузін савецкіх бронемашын, пасля чаго раствараецца зноў. Прычым самі фашысты не разумеюць, адкуль ён узяўся і да якой часці прыпісаны.

Трапіўшы ў палон, прыроду з’явы на допытах яны фармулююць так: «Гэты д’ябал вам не па зубах, таму што ён ёсць трыумфам нямецкага духу».

Містычны клін можна выбіць толькі іншым містычным клінам — такім аказваецца геніяльны танкавы механік Іван Найдзёнаў (Аляксей Вярткоў), які выжыў пасля 90-працэнтнага апёку і страціў памяць. Словы «не бывае атэістаў у акопах пад агнём» з песні «Про дурачка» Ягора Летава — гэта пра яго. З машынамі Ваня імгненна знаходзіць агульную мову, а з людзьмі не шукае яе зусім, не баіцца смерці, бо і без яе ўмяшання лічыць сябе мёртвым і моліцца танкаваму богу. Да прышэптвання танкіста ўсё ўважлівей прыслухоўваецца прагматычны спачатку маёр контрразведкі Фядотаў (Віталь Кішчанка).

У аснову фільма пакладзеная аповесць Іллі Баяшова —
твор караценькі, яркі, натуралістычны, звыклым паданням пра патрыятызм не сугучны, шмат у чым спрэчны, але рэкамендаваны да чытання, прычым не толькі ў сувязі з прэм’ерай.
У ідэале мастаком-пастаноўшчыкам экранізацыі мог бы быць Геранім Босх, а рэжысёрам — ну, скажам, Сяргей Лазніца.
Тое, што «Белы тыгр» пастаўлены менавіта Карэнам Шахназаравым, відаць з першых жа сцэнаў. Абжываючы любую яркую літаратурную аснову (Баяшова або чэхаўскую «Палату № 6»), рэжысёр нівелюе ўласцівыя першакрыніцы шурпатасці.

І паралельна ператварае матэрыял у чыста сваю гісторыю, укамплектаваную знаёмымі па ранейшых карцінах скразнымі лейтматывамі, як звычайна, сумяшчаючы пры гэтым цікавасць да наватарскіх эксперыментаў з творчай асцярогай.

Калі б кнігу літаральна перанеслі на экран напярэдадні гадавіны Перамогі — гэта быў бы скандал і шок,
да якіх аўтар «Кур’ера» і «Горада Зеро» ў свой позні перыяд не адчувае смаку. Таму ключавыя персанажы, адзін з якіх пры несумненным асабістым гераізме — марадзёр і гвалтаўнік, а другі — алкаголік, аказваюцца ў фільме слаўнымі хлопцамі з даравальнымі маленькімі слабасцямі. У сваю чаргу, Іван, па кнізе — чалавек-галавешка без носа і вуснаў, выходзіць зноў-такі цалкам спраўным, хай і замкнёным мужчынам. Зрэшты, занадта гараваць з нагоды такой лакіроўкі не варта.

Выканаўцы галоўных роляў (Івана і «Белага Тыгра») у цэлым паспяхова даюць рады сваім інфернальным абавязкам.

Наколькі не зусім жывым выглядае герой Вярткова, настолькі ж лёгка выказаць здагадку, што ў танку, які па-кашэчаму выпаўзае з проста-такі бертанаўскага туману, знаходзіцца не банальны чалавечы экіпаж, а пульсуючае слізістае начынне з «Чужога».

У руках непрэтэнцыёзнага галівудскага рамесніка з такой фактуры мог бы атрымацца кампазіцыйна выразны трылер пра тое, як па розныя бакі фронту служылі адзін супраць аднаго два містычныя таварышы.

Але рэжысёр не збіраецца песціць гледача залішняй захапляльнасцю і жанравай чысцінёй, раз-пораз адыходзячы ад генеральнай сюжэтнай прасекі то ў лес, то па дровы. Надоўга адпраўляючы танк пагрукатаць гусеніцамі за кадр, ён з нашмат большым запалам бярэцца за распрацоўку любімай ім са часоў «Царазабойцы» (і адсутнай у Баяшова) тэмы, калі адзін шалёны персанаж паволі зводзіць з глузду іншага. У «Белым Тыгры» за псіха-агітатара, зразумела, Ваня, а за яго ахвяру — маёр Фядотаў. Кара маёрскага галаўнога мозгу серыі ўдараў простай наводкай не вытрымлівае, і да фіналу карціны ён ужо сам можа каму заўгодна жыва расказаць: калі грымнула маланка, то гэта танкавы бог асядлаў на аблоках сваю залацістую «трыццацьчацвёрку».
Не дадаюць дынамікі і вялізныя лірычныя адступленні. На другой траціне фільм надоўга замірае дзеля 15-хвіліннага, ніяк з сюжэтам не звязанага эпізоду падпісання акта аб капітуляцыі Германіі.
Па-сакураўску грунтоўная, гэтая сцэна як родная легла б у шматсерыйную эпапею — але ніяк не ў трылер, дзе прамаруджанне да смерці не падобна, але касы не робіць дакладна.

Што да містыкі, то аўтары трымаюцца спрэчнай думкі, што яна павінная быць адначасова і шматзначнай, і па магчымасці незразумелай. Пасля нечаканага і якбы абарванага з мясам фіналу (цалкам традыцыйна для рэжысёра) гледачу даецца бясконцае поле для роздумаў у выглядзе версій. Паводле адной з іх,

здольны да хуткаснай рэгенерацыі Ваня, які не цікавіцца звычайнай ежай, можа аказацца станоўчым, нашым вампірам. А Белы Тыгр — сталёвым пярэваратнем-Гітлерам (у фінале фюрэр выступае з праграмнай пасмяротнай прамовай), чаму не.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?