Праводзіць трэцяга ўраджэнца Беларусі ў космас на Байканур, магчыма, прыедзе кіраўніцтва краіны.
Пра гэта 4 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў адзін з двух на сёння ўраджэнцаў Беларусі, якія пабывалі ў космасе, лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, старшыня Федэрацыі касманаўтыкі Расіі Уладзімір Кавалёнак.

Як БелаПАН паведамляў раней, ураджэнец Беларусі, грамадзянін Расіі Алег Навіцкі ўключаны ў склад экіпажа экспедыцыі на Міжнародную касмічную станцыю гэтай восенню.

У пачатку сакавіка касманаўты «Раскосмасу» Алег Навіцкі і Яўген Тарэлкін паспяхова прайшлі заліковую трэніроўку на трэнажоры расійскага сегмента Міжнароднай касмічнай станцыі (РС МКС) у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. Навіцкаму і Тарэлкіну, якія ўваходзяць разам з астранаўтам НАСА Кевінам Фордам у экіпаж МКС-33/34, у маі 2012 года трэба будзе дубляваць асноўны экіпаж МКС-31/32 (Генадзь Падалка, Сяргей Рэвін і Джозеф Акаба).

Старт экіпажа 33/34-й асноўнай экспедыцыі на МКС запланаваны на 15 кастрычніка. Касманаўтам трэба будзе правесці на МКС 170 сутак.

***

Алег Навіцкі нарадзіўся 12 кастрычніка 1971 года ў Чэрвені (Мінская вобласць). У 1994 годзе скончыў Качынскае авіяцыйнае вучылішча, у 2006 годзе — Ваенна-паветраную акадэмію імя Гагарына. З лістапада 1995 года па верасень 2004 года служыў на пасадах лётчыка, старшага лётчыка, камандзіра звяна, намесніка камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі штурмавога авіяцыйнага палка (ШАП) 4-й паветранай арміі (ВА) і 4-й арміі ВПС і СПА (Паўночна-Каўказская ваенная акруга, штаб у Растове-на-Доне). Асвоіў самалёты Л-39, Су-25, агульны налёт — 680 гадзін. Браў удзел у контртэрарыстычнай аперацыі ў Чачні. Пасля заканчэння акадэміі ў 2006 годзе служыў камандзірам авіяцыйнай эскадрыллі ШАП 4-й арміі ВПС і СПА. У атрад касманаўтаў уключаны 7 лютага 2007 года (14-ты набор).

У часы СССР у космасе пабывалі два ўраджэнцы Беларусі — Пётр Клімук (ажыццявіў тры палёты: у 1973, 1975 і 1978 гадах) і Уладзімір Кавалёнак (таксама тры палёты: у 1977, 1978 і 1981 гадах). Абодва яны — двойчы Героі Савецкага Саюза, генерал-палкоўнікі авіяцыі ў адстаўцы.

Як паведаміў на сустрэчы з журналістамі Пётр Клімук, у атрадзе касманаўтаў было некалькі беларусаў, аднак у космас яны не паляцелі па стане здароўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?