Акадэмік Аляксандар Вайтовіч зьняў сваю кандыдатуру з прэзыдэнцкай гонкі больш чым за два месяцы да выбараў на знак пратэсту. «Улады не забясьпечылі патэнцыйным кандыдатам роўных умоваў», — патлумачыў тады колішні спікер Савету Рэспублікі. Цяпер ён шкадуе, што ягоным шляхам не пайшлі іншыя дэмакратычныя кандыдаты, бо «гэта быў бы моцны крок». Палітык абураецца, што ўлады так і не зрэагавалі на прызнаньне Лукашэнкі, што выбары‑2006 былі сфальсіфікаваныя. «Пра якія плюсы можна казаць, калі ўлады не зьвяртаюць увагі на законы!?», — абураецца Вайтовіч. На яго меркаваньне выправіць сытуацыю могуць толькі зьмены ў выбарчы кодэкс. Але ўлады на гэта ня пойдуць. Са слоў Аляксандра Вайтовіча атрымліваецца зачараванае кола.

Экс‑парлямэнтар і былы палітзьняволены Сяргей Скрабец увайшоў у гісторыю, як першы беларускі палітык, які вырашыў балятавацца, калі знаходзіўся ў турме. «Мяркаваў, што пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы мяне адпусьцяць, каб я мог праводзіць сваю кампанію», — згадвае ён. Ягоныя паплечнікі сабралі патрэбную колькасьць подпісаў, але не падавалі ў ЦВК: «Быў упэўнены, што з рэгістрацыяй атрымаецца тое самае, што і з маёй просьбай зьмяніць меру ўтрыманьня», — кажа С.Скрабец. Палітык кажа, што ні мінулыя, ні будучыя выбары – і парлямэнцкія, і прэзыдэнцкія — нічога не маюць агульнага ўласна з словам «выбары». «Гэта імітацыя, гульня ўлады з народам. Ужо вядомае прозьвішча наступнага прэзыдэнта, ёсьць сьпіс тых, хто будзе сядзець у парлямэнце наступнага скліканьня. Вунь Абрамава з нагоды прыезду Цапф заявіла, што выкананьне 12 умоў Эўразьвязу аслабіць уладу. Яна ж ужо бачыць сябе ў парлямэнце!». На думку былога лідэра парлямэнцкай групы «Рэспубліка», якая спрабавала колісь унесьці зьмены ў выбарчы кодэкс, Лукашэнка будзе кіраваць краінай яшчэ 20‑30 год. «Калі, канешне, ня будзе сілавога зьмяненьня сытуацыі. І я думаю, што зьмены нас чакаюць ужо сёлета», — падсумоўвае палітык.

Ініцыятыўную групу меў і Зянон Пазьняк, але ягоныя паплечнікі таксама не падавалі дакумэнты ў ЦВК. «Мы адразу сказалі, што не ўдзельнічаем ў выбарнай кампаніі, а ідзем на змагарны варыянт, — тлумачыць намесьнік Пазьняка па КХП‑БНФ Юры Беленькі. – Таму мы і прапанавалі «Народнае галасаваньне». Ю.Беленькі крытыкуе, як улады, так і аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, якія замацавалі Лукашэнку ў яго нелегетымнасьці. «Я справабаў адшукаць станоўчыя бакі той выбарнай кампаніі, але не знайшоў іх», — прызнаецца палітык. Плошчу Каліноўскага ён не лічыць дасягненьнем АДС: «Гэта вынік Памаранчавай рэвалюцыі, Мілінкевіч з Казуліным дачыненьня да Плошчы не маюць».

Сяргея Гайдукевіча пры канцы 2006 году чакала добрае прызначэньне – ён стаў спэцыяльным прадстаўніком міністра замежных справаў Беларусі па сувязях з эўраструктурамі. Свой другой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі лідэр ЛДПБ ацэньвае звышстаноўча: «Гэта было на карысьць майму іміджу і іміджу маёй партыі. Гайдукевіча цяпер ведае 99,9% насельніцтва!», — цешыцца ён. Палітык прызнаецца, што былі памылкі і пралікі на выбарах‑2006 зь яго боку: «Але гэта нашыя ўнутрыпартыйныя справы, тым больш, што добрая праца над памылкамі выйшла падчас выбараў у мясцовыя саветы», — кажа ён. Пытаньне аб справядлівасьці прэзыдэнцкіх выбараў ён пакінуў без камэнтароў.

Анатоль Ляўковіч лічыць станоўчым момантам у выбарах‑2006 удзел у іх адразу двух дэмакратычных кандыдатаў. Ідэальным варыянтам выконваючы абавязкі старшыні БСДП (Грамада) лічыць удзел у выбарах пяці‑сямі кандыдатаў. Але не ад клясічнай апазыцыі, а ад розных слаёў грамадства, якія б выйшлі з вэртыкалі. «Толькі так мы можам прарваць электарат Лукашэнкі. Бо адзіны кандыдат ад клясічнай апазыцыі здольны набраць 20‑30%. Гэта ягоная планка», — тлумачыць паплечнік Аляксандра Казуліна.

Аляксандар Мілінкевіч бачыць у падзеях Вясны‑2006 больш станоўчых момантаў. На думку палітыка, людзі даказалі, «што яны ёсьць Народ». Асабліва падкрэсьліў лідэр дэмакратычных сілаў ролю моладзі ў тых падзеях. Палітык згодны, што ня ўсё добра атрымалася ў яго каманды. «Шмат каго магло спасьцігнуць расчараваньне пасьля сакавіка 2006‑га, бо людзі хацелі атрымаць перамогу зь першага разу». Былы кандыдат у прэзыдэнты разважае што трэба зрабіць, каб дасягнуць посьпеху ў будучыні: «Найперш трэба пашыраць кола дэмакратычных сілаў. Сёньня, як ніколі, выходзіць на першы плян кансалідацыя. Калі палітыкі будуць сварыцца і дзейнічаць паасобку, плёну ня будзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?