А нарадзіўся Апанас Цыхун недалёка Гродна, у вёсцы Кунцаўшчына, каля знакавай беларускай вёскі Лаша — радзімы славутага акадэміка Яўхіма Карскага.
У той самы 1910 год нарадзіліся даследчык Сусветнага акіяна Жак-Іў-Кусто і акадэмік астранаўтыкі беларус № 1(як назваў яго Васіль Быкаў) Барыс Кіт, блаславёная Маці Тэрэза і пакутніца-паэтка грамадзянка БНР Ларыса Геніюш, а таксама настаўнік, вязень ГУЛАГу, прэм’ер-міністр БНР Аўген Калубовіч і сусветна вядомы рэжысёр з сям’і самурая Акіра Курасава…

Апанас Цыхун у маладыя гады.

Апанас Цыхун у маладыя гады.

Апанас Цыхун дзясяткі гадоў збіраў духоўныя скарбы па Гродзенскім раёне.

Апанас Цыхун дзясяткі гадоў збіраў духоўныя скарбы па Гродзенскім раёне.

94-годдзе Апанаса Цыхуна, 5 мая 2004 года.

94-годдзе Апанаса Цыхуна, 5 мая 2004 года.

Кожны год 10 сакавіка ці 5 мая да магілы Апанаса Цыхуна прыходзяць людзі.

Кожны год 10 сакавіка ці 5 мая да магілы Апанаса Цыхуна прыходзяць людзі.

Лёс акадэміка Карскага, яго праца зрабілі вялікі ўплыў на жыццё Апанаса Цыхуна. Малая радзіма Карскага знаходзіцца за сем кіламетраў ад шашы Гродна — Ваўкавыск, над рэчкай Лашанкай. У вёсцы яшчэ адчуваецца дух Карскіх, захавалася памяць пра іх. У Лашы пахаваны Іван Карскі — родны дзядзька Яўхіма Карскага, які збіраў матэрыялы па беларускім фальклоры і этнаграфіі. Аб жыхарах Лашы

Іван Карскі пісаў, што некаторыя лашане называлі сябе ліцвінамі, але большасць — тутэйшымі: «Мы тутэйшыя. Наша старана ні руска, ні польска, а забраны край».

У Лашы Апанас Цыхун вучыўся сам, потым настаўнічаў. 19 снежня 1964 года ён са сваімі аднадумцамі адчыніў музей акадэміку Яўхіму Карскаму.

Апанас Цыхун з дзяцінства памятаў, як яго бацька ўзгадваў пра Карскага, прыпыніўшы воз з сенам каля Лашанскай Свята-Мікалаеўскай царквы.

Як калісьці аб’ездзіў і абышоў пехатою шматлікія мястэчкі і вёскі Яўхім Карскі, пішучы «Беларусаў» і ствараючы этнакарту, так і

Апанас Цыхун дзясяткі гадоў збіраў духоўныя скарбы па Гродзенскім раёне.
Толькі ў гады назалежнасці з’явіліся людзі, якія дапамаглі яму ў выданні кніг з назапашаных матэрыялаў.

Першую кнігу пра Яўхіма Карскага ён выдаў ў 1992 годзе. Праз год — «Скарбы народнай мовы». У прадмове да яе прафесар і рэдактар Павел Сцяцко напісаў, што гэта «плён працы Заслужанага настаўніка Беларусі, скіраванай на выяўленне і захаванне для нашчадкаў неацэнных моўных залацінак родных яму гродзенскіх гаворак».

Ніл Гілевіч, чытаючы і «смакуючы» гэтую кнігу, напісаў артыкул «Подзвіг настаўніка». Каб у кожным раёне Беларусі знайшоўся настаўнік, які напісаў бы такую кнігу, наколькі багацейшай стала б нашая агульная спадчына!

Пазней былі кнігі «Легенды і балады Гродзеншчыны», «Песні з народных глыбіняў», «Пройдзеныя шляхі-пуцявіны»… Шостую кнігу «.Улюбёны я ў гэтую зямлю» склаў сябар абласной рады ТБМ Іван Буднік ужо да стогадовага юбілею Апанаса Цыхуна. Сам юбіляр не дажыў да яго зусім нямнога:

10 сакавіка 2005 года гродзенская зямля развіталася з адным з апошніх заходнебеларускіх інтэлігентаў, узгадаваных традыцыйнай народнай культурай гэтых мясцін.

Ён умеў сябраваць з людзьмі розных пакаленняў і нацыянальнасцяў, даглядаў сад і вуллі пчолак, меў выдатны голас, напамяць чытаў шматлікія творы нават у 90-гадовым веку.

Невыпадкова на свае вечарыны яго часта запрашалі разам выступіць А.Карпюк, В.Быкаў, Д.Бічэль.

Разам са сваім сябрам, гродзенскім кампазітарам А.Шыдлоўскім Апанас Цыхун напісаў гімн беларускай мове,
адзін з варыянтаў якога надрукавала «Наша Ніва». Ён вёў перапіску і даваў блізкім сябрам пачытаць услых цікавыя лісты ад Б.Кіта, В.Быкава, Н.Гілевіча, Я.Брыля… Яго запрашалі выступіць шматлікія навучальныя ўстановы Гродзеншчыны для папулярызацыі беларускай мовы і культуры…

Фонд Апанаса Цыхуна захоўваецца ў Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Яўхіма Карскага. У Гродзенскай гімназіі № 1, у музеі Яўхіма Карскага зроблены стэнд, прысвечаны памяці Апанаса Цыхуна. У вёсцы Луцкаўляны ў музеі на суседніх стэндах захоўваюцца асабістыя рэчы і дакументы акадэміка Яўхіма Карскага, настаўніка і краязнаўца Апанаса Цыхуна, настаўніка, наркама асветы і правадніка беларусізацыі Антона Баліцкага (родам з недалёкіх Балічаў), нагадваючы экскурсантам аб мясцовай традыцыі захаванні памяці пра слаўных беларусаў лашанскіх ваколіц. Спадзяемся, хутка выйдуць з друку ў серыі «Гарадзенская бібліятэка» новыя часткі трохтомнай працы А.Цыхуна «Скарбы беларускай мовы».

Кожны год 10 сакавіка ці 5 мая каля магілы Апанаса Цыхуна збіраюцца яго сябры, знаёмыя, прыхільнікі творчасці, каб аддаць даніну памяці, пакласці кветкі, пачытаць яго вершы.

Сабрана ўжо больш за 100 подпісаў пад зваротам да гарвыканкама з прапановай назваць адну з вуліц Гродна імем заслужанага настаўніка Беларусі, ветэрана вайны і працы, фалькларыста, паэта і краязнаўца Апанаса Цыхуна.

Такія шчырыя з добрай душой і сэрцам беларусы вартыя доўгай памяці…

* * *

Апанас Цыхун. Родная мова

О, матчына мова! Крывіцкая мова!
У роднай старонцы красуй, маладзей!
Хоць нелюдзі сыкаюць, ладзяць аковы,
А ты нам на славу звіні, прыгажэй!
Хай злыдні лютуюць,
грымяць навальніцы —
Цябе не заглушаць ніколі, о не,
бо выткана ты нам са звону крыніцаў,
дзе сын Беларусі спрадвеку жыве.
Дзе шлях свой цярэбіць да Балтыкі Нёман,
Дзе дрэмле ўрачыста ў вяках Белавеж,
Дзе клікала ў бой з крыжакамі Пагоня —
там, родная мова, між нас не заснеш!
Ты, родная мова, як звон жаўруковы,
Як неба прываблівых думак і мар!
Ты нацыі нашай жыцьцё і аснова —
бясцэнны скарб сэрцаў, прадзедаўскі дар!

«Наша Ніва» № 11 (273), 22 сакавіка 2002 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?