Каб паказаць людзям свой клопат пра іх, улада гатовая выдаткоўваць любыя грошы. Вось вам і «бясплатныя» канцэрты «За Беларусь!», і так званае «адраджэньне вёскі». Чаму я называю і гэтую кампанію прапагандысцкай?

Каб адрадзіць сельскую гаспадарку, трэба хоць бы паступова пераходзіць на прыватную ўласнасьць на зямлю — прыватнік заўсёды гаспадарыць лепш. Але нават ва ўмовах захаваньня калгасна-саўгаснае сыстэмы не такой складанай сытуацыя была б, калі б прадпрыемствам далі большую свабоду гаспадараньня. Каб не прымушалі, як мне расказвалі на сьвінафэрме ў Сітцах, прадаваць сьвіней за бясцэнак толькі дзяржаўным прадпрыемствам, а не прыватнікам, якія плацяць куды больш. Каб ня ўказвалі, што, калі і дзе сеяць. Каб не загадвалі падчас замаразкаў выганяць на кругласутачную пасьбу каровы, у выніку чаго часам, як летась у Мёрах і Шаркаўшчыне, гіне жывёла. Каб не прымушалі замест неадкладных патрэбаў тэрмінова выдаткоўваць грошы на фарбу, каб памаляваць дзьверы на фэрмах, як гэта зрабілі пры канцы леташняга году ў Гнязьдзілаве. І такіх прыкладаў шмат.

Найбольш згубным для сельскай гаспадаркі стала будаўніцтва так званых «аграгарадкоў». Ніхто не аспрэчвае: жыльлё на вёсцы патрэбна. Аднак не ў такіх маштабах. У вёсках і так шмат пустых хат, а насельніцтва з кожным годам скарачаецца.

Тым ня менш, летась у Докшыцкім раёне збудавалі 77 «лукашэнкаўскіх домікаў». На гэта выдаткавана 3,1 млрд руб. (1,5 млн даляраў) у выглядзе крэдытаў. Гэтыя грошы можна было б выкарыстаць на закупку новай тэхнікі ці на якія-небудзь іншыя патрэбы. Аднак уладам ня трэба якасьць жыцьця і працы на вёсцы — ім патрэбна толькі колькасьць домікаў ды аграгарадкоў. Пры гэтым ніхто не зьвяртае ўвагі на якасьць будаўніцтва. Калі будаўнікі ня хочуць сумленна працаваць, а іх яшчэ і падганяюць, то і якасьць будаўніцтва адпаведная.

Даводзілася чуць ад работнікаў, што ў падмурак домікаў можна лёгка забіць цьвік, а ганкі пачынаюць абвальвацца амаль адразу пасьля здачы домікаў. Да таго ж, гэтыя домікі няможна назваць паўнавартасным жыльлём для вяскоўцаў. Бо ў вёсцы побач з дамамі павінны быць гаспадарчыя пабудовы. Аднак апошнія сваімі памерамі часта хутчэй нагадваюць прыбіральні...

Дамы шмат дзе стаяць пустыя, у некаторыя засяляюць п’яніц, якія ня могуць ні сумленна працаваць, ні нават трымаць парадак на сваёй сядзібе. Тое, што шмат дзе ў новым жыльлі няма патрэбы, бачна нават голым вокам. Вось, у Глінным стаіць пустая двухпавярхоўка — у ёй няма каму жыць. Аднак побач збудавалі больш за дзясятак домікаў. Гліннае зьбіраюцца пераўтварыць у аграгарадок у 2007 г. Тое, што палова дамоў у гэтым аграгарадку будуць пуставаць, нікога не цікавіць. У Тумілавічах побач з новымі дамамі стаіць вялікі недароблены будынак. Вялікі цагляны жылы дом з забітымі вокнамі стаіць у Бярозаўцы. А побач, зноў жа, будуюць дамы. У Крулеўшчыне стаяць недабудаванымі трохпавярхоўка і сельскі клюб — у былой в.Янушэва. Аднак і тут збудавалі дзясятак дамоў і плянуюць да 2007 г. збудаваць яшчэ столькі ж.

Вядома ж, паляпшаць жыцьцё вяскоўцаў трэба. Аднак гэтага не дасягнуць пагоняй за колькасьцю дамоў. Бо пустыя дамы нічога не паляпшаюць. Ды і жыхарам Таргуноў, напэўна, ня стала лепш жыць ад бэтонных агароджаў і ад бруку, што паклалі на ходніку. Зараз Таргуны зьбіраюцца газыфікаваць. Які сэнс весьці газаправод за пяць кілямэтраў, калі з-за высокіх коштаў на падлучэньне атрымаюць «блакітнае паліва» толькі лічаныя жыхары?

Па сутнасьці, «Праграму адраджэньня вёскі» хутчэй трэба называць «Праграмай будаўніцтва «пацёмкінскіх» вёсак» — нікому не патрэбных і стратных для дзяржавы. Ці патрэбна нам марна траціць грошы дзеля славутай «паказухі»? Задумайцеся над гэтым, калі будзеце вырашаць, за каго галасаваць на выбарах...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?