Патрыятызм — залог эканамічных поспехаў і росту дабрабыту людзей. Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з журналістамі 9 мая пасля шэсця ветэранаў і цырымоніі ўскладання кветак да помніка Перамогі ў Мінску.

«Патрыятызм — гэта не толькі зброя ў руках, сёння патрыятызм — у мазгах людзей, гэта і эканамічная перамога, і захаванне сацыяльных асноў, традыцый, гэта шматпланавае паняцце», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад ЗША.

«Паглядзіце на амерыканцаў — гэта Савецкі Саюз у квадраце. Яны проста прасякнутыя гэтым патрыятызмам, яны вядуць захопніцкія войны, але яны лічаць, што яны маюць рацыю, ім убілі ў мазгі гэты патрыятызм, гонар за Злучаныя Штаты Амерыкі», — сказаў Лукашэнка.

«А мы чаму не маем права сёння не толькі гаварыць, але і быць патрыётамі? Мы павінны быць яшчэ большымі патрыётамі», — падкрэсліў ён.

«Будзеш патрыётам — усё іншае да гэтага прыкладзецца, будзеш любіць радзіму — будзеш працаваць на карысць гэтай радзімы, будуць і эканамічныя поспехі, і заработная плата, і развіццё, і дабрабыт», — перакананы беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?