Арганізатары сьвята зьвярнуліся да гарадзкіх уладаў з просьбай дазволіць сьвяточны мітынг з удзелам творчых калектываў 25 Сакавіка пачынаючы з 12.00 на Кастрычніцкай плошчы. Адказ на заяўку падпісаў і агучыў намесьнік старшыні гарвыканкаму Міхаіл Ціцянкоў (вядомы тым, што на ранейшай пасадзе кіраўніка гарадзкой управы адукацыі ў 2003 г. зачыняў Беларускі гуманітарны ліцэй).

Улады прапануюць правесьці з 13.00 да 18.00 шэсьце па ходніках: Акадэмія навук – праспэкт Скарыны – вул. Сурганава – парк Дружбы народаў, дзе дазволены і мітынг.

Старшыня Арганізацыйнага камітэту Дня незалежнасьці 25 Сакавіка Вінцук Вячорка адкамэнтаваў гэта так:

«Сцэнар уручэньня адказу, прыдуманы ідэалягічнай управай гарвыканкаму, выклікаў хіба сумную ўсьмешку. На ўзвышэньні сядзела тыпажная «тройка»: М.Ціцянкоў, праваруч ад яго – міліцэйскі генэрал, а леваруч – пракурор. Мы, заяўнікі, сядзелі далёка ўнізе. Пракурор і міліцыянт пагрозьліва нас пужалі, а пасьля спрабавалі дамагчыся подпісаў пад папярэджаньнем. Мы адмовіліся. Увесь спэктакль здымала БТ на чале зь Леднікам.

Плошчу забаранілі. Дазволілі шэсьце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Дарэчы, раней такі маршрут улады давалі Чарнобыльскаму шляху. Можа, палічылі, што мы гэта ацэнім як нечуваны лібэралізм. Але фармат сьвята вымагае праводзіць яго ў цэнтры гораду, і маем на гэта канстытуцыйнае права. Улады не прайшлі першага тэсту на новае мысьленьне. А шкада: эканамічная сытуацыя абвастраецца, пачынаюцца першыя страйкі, выйсьце – у звароце да Эўропы. Але Эўропа дапаможа толькі тады, калі будзе відавочная дэмакратызацыя, у тым ліку забесьпячэньне права на мірныя шэсьці й мітынгі, калі ўлада пойдзе насустрач грамадзтву.

Дый сьвяткуем мы Дзень незалежнасьці, а незалежнасьць у пэрыяды крызысаў павінна быць пытаньнем нацыянальнага кансэнсусу, а не канфрантацыі. Калі ж улада ідзе на канфрантацыю, значыць, незалежнасьць Беларусі для яе не каштоўнасьць, а разьменная манэта.

Аргкамітэт будзе абмяркоўваць сытуацыю й прымаць наступныя рашэньні. Усе ранейшыя рашэньні захоўваюць моц».

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?