У Беларусі няма больш ніводнай царквы і касцёла, які б меў цудадзейныя рэліквіі Святога Юстына.

Амаль трохсотгадовая гісторыя прабывання рэліквій святога Юстына, мучаніка, на беларускай зямлі нібы заахвочвае нас схіліць калені ў мосарскай святыні. Рэліквіі былі прывезены з Рыма ў 1754 г. і 84 гады захоўваліся айцамі кармелітамі босымі ў Старым Мядзелі, а з 1838 г. знаходзяцца ў касцёле святой Ганны ў в. Мосар Віцебскай дыяцэзіі. Але шмат прыйшлося ім «перажыць» за гэты час.

Постаць святога паводле гістарычных крыніц

Як сцвярджаюць біяграфічныя крыніцы, Юстын нарадзіўся ў першай палове ІІ ст. у рымскай правінцыі Флавія Неапаліс (Наблус, сучасная Іарданія). Бацькі Юстына, рымскія арыстакраты, выхавалі яго ў язычніцкай веры. Аднак пасля школы юнак самастойна выйшаў на пошукі адзінага і праўдзівага Бога.

Вывучаючы спачатку грэчаскую філасофію, прыводзіў дадому славутых настаўнікаў таго часу, аднак ні адзін з іх не змог яму нічога сказаць пра адзінага і праўдзівага Бога. Аднойчы падчас прагулкі каля берага мора сустрэў старца, які ў доўгай размове распавёў яму аб хрысціянскай веры. Пасля грунтоўнага вывучэння Бібліі Юстын прыняў хрост і стаў прапаведаваць Евангелле.

Прыбыўшы ў Рым, Юстын хутка стаў вядомым настаўнікам. Вакол яго гуртаваліся рымляне, якія прагнулі слухаць яго. Юстын напісаў шмат філасофскіх прац, у якіх бараніў хрысціянства. Буйнейшая з іх — «Апалогія хрысціянскай рэлігіі», якую каля 150 г. скіраваў імператару, ягоным сынам, сенату і рымскаму народу. Нястомна выступаў супраць пераследу хрысціян і публічна асуджаў катаў. Такая пастава не магла не справакаваць пераследу і супраць яго самога: разам з шасцю вучнямі Юстын быў арыштаваны і замкнёны ў вязніцы. Вязняў змушалі пакланяцца язычніцкім багам, бічавалі, а потым публічна забівалі. Юстыну адсеклі галаву мячом. Было гэта каля 165 г.

Паводле легенды, пасля мучаніцкай смерці яго цела ўкінулі ў сажалку. На месца знаходжання цела ўказалі гусі, якія плавалі там да той пары, пакуль забітага не знайшлі і не забралі. Пасля пахавання да магілы Юстына прыходзілі вялікія натоўпы пілігрымаў, асабліва вясковых людзей, якія засведчылі шмат цудаў.

Пасля легалізацыі хрысціянства Юстына абвясцілі святым. Асабліва ўшаноўвалі яго як абаронцу веры. Праўдападобна, што яго магіла знаходзілася на месцы рымскага касцёла пад тытулам святых Плацыда і Пудэнцыана. Святы Юстын з’яўляецца апекуном філосафаў і апалагетаў хрысціянскай веры.

Падарожжа да народу Усходу

Спрадвеку ў звычаях пабожнай шляхты і магнатаў Рэчы Паспалітай асаблівай заслугай было заснаванне на тэрыторыі сваіх уладанняў хрысціянскіх святыняў. На гэта не шкадавалі грошаў, з-за мяжы запрашалі архітэктараў і майстраў. Дзякуючы гэтай ахвярнасці на нашых землях з’явіліся касцёлы, цэрквы і іншыя помнікі архітэктуры.

Антоні Кошчыц, уладальнік Старога Мядзела, у першай палове XVII ст. фундаваў касцёл і кляштар для айцоў кармэлітаў босых у мястэчку пад такой жа назвай. Яго намаганнямі былі пабудаваны таксама Крыжовы шлях, капліца і галоўная брама.

Для таго, каб яшчэ дадаць гэтаму месцу бачнай пабожнасці, а праз гэта і святасці, прыкладаў вялікія намаганні, а таксама атрымаў рэліквіі шматлікіх святых мучанікаў: Юстына, Юстыны і Плацыда.

Па жаданні Антонія Кошчыца падчас пакутнай пілігрымкі да Вечнага Горада на аўдыенцыі ў Святога Айца Бэнэдыкта XIV склаў яму сваю просьбу аб атрыманні рэліквій. Па загаду Святога Айца была адшукана грабніца святога Юстына і фундатару мядзельскага касцёла прынесены ў дар рэліквіі.

Паводле старажытнага звычаю, у тыя часы косці мучанікаў змяшчалі ў васкавых ці фарфоравых фігурах у выглядзе святога ў святочным ці рыцарскім убранні. Апісаныя рэліквіі святога Юстына, якія захаваліся ў непарушным стане да нашых часоў, прадстаўляюць фарфоравую фігуру святога амаль што натуральнага памеру. Яна прыбрана ў дарагія шаты рыцарскага строю, перапаясана рыцарскім пасам. Да фігуры прышпілены ордэн у выглядзе шасціпромневай зоркі. Фігура змешчана ў пасярэбранай труне. Святы нібы спіць са шчаслівай усмешкай на твары.

Рэліквіі святога Юстына ад самага пачатку захоўваліся ў старамядзельскім касцёле аж да часу першага падзелу Рэчы Паспалітай. Тады гэтыя землі адыйшлі да Расійскай Імперыі. Айцы кармэліты апекаваліся рэліквіямі, якія ўшаноўваліся шматлікімі натоўпамі людзей. Прыходзілі людзі да Старога Мядзела, да касцёла, да падножжа алтара і шукалі палёгку ў цярпеннях, здароўе ў нямогласці і выпрошвалі іншыя ласкі. Хвала цудоўнага Мядзела шырока разносілася па абшарах краю, даходзячы нават у самыя аддаленыя куточкі.

Пасля Лістападаўскага паўстання і скасавання на нашых землях ордэна кармэлітаў у 1832 г. рэліквіі святога Юстына засталіся ў зачыненым касцёле да 26 снежня 1934 г. Уладальнік і фундатар святыні даўно ўжо памёр, а ягоныя ўладанні набыў род Дварэцкіх.

Адзіным ратункам было выкраданне рэліквій. У апошнія дні 1834 г. да віленскага ваеннага генерал-губернатара князя Даўгарукава прыйшоў асабліва сакрэтны рапарт мясцовага паліцэйскага, які інфармаваў аб надзвычайным здарэнні ў Старым Мядзелі ў ноч з 26 на 27 снежня. Вось жа, як даносіць падпалкоўнік Чартарыйскі, з зачыненага касцёла патаемна выкралі рэліквіі святога Юстына. Двайной вупражжу коней, пад аховай 10 мясцовых хлопцаў, арганіста той жа парафіі і айца бэрнардына Садоўскага былі перавезеныя яны да парафіяльнага касцёла ў Новым Мядзелі. Улады па гэтай справе распачалі следства.

Пачатковае следства выявіла, што выкраданне рэліквій адбылося па загаду мінскага біскупа Мацвея Ліпскага. Дэлегаваны да біскупа чыноўнік даведаўся аб выданым уладамі рыма-каталіцкага калегіума загаду ад 12 снежня 1834 г., каб вярнуць рэліквіі з забранага старамядзельскага касцёла і патрабаваць тлумачэнняў ад царскіх уладаў.

Біскуп Мацвей Ліпскі спасылаўся на рашэнне калегіі. Спосаб выканання загаду матываваў так: з-за боязі хваляванняў і пратэстаў мясцовых людзей, а нават і перашкодаў, якія маглі ўчыніць уладальнікі маёнтка Дварэцкіх. Тлумачэнне біскупа выклікаюць вялікае незадавальненне ў царскіх уладаў. І хоць рэліквіі з гэтага часу знаходзяцца ў іншым касцёле, барацьба, каб іх атрымаць, не спыняецца.

Вымушаны пераезд

На працягу доўгіх трох гадоў сваё права на рэліквіі святога Юстына адстойваюць дачка Антонія Кошчыца — фундатара касцёла — графіня Ганна Грэбніцка і ўладальніца маёнтка Стары Мядзел Дварэцкая. Першая матывавала сваю просьбу фамільнай каштоўнасцю. Другая бачыла сваё права на іх, як новая ўладальніца маёмасці і прапанавала нават пабудаваць для іх новы мураваны касцёл. У сваю чаргу парафіяне Новага Мядзела таксама прасілі пакінуць рэліквіі ў іх касцёле.

Будаўніцтва новых касцёлаў не было ў сферы інтарэсаў царскай улады, аднак біскуп Ліпскі прызнаў драўляны касцёл у Новым Мядзелі неадпаведным для захавання такой святыні. Іерарх прапанаваў не перадаваць рэліквіі для захоўвання нашчадкам фундатара, а перавезці іх у парафіяльны касцёл у мясцовасці Мосар дзісненскага павету — маёнтка графаў Бжастоўскіх.

Мосарскі мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1792 г. намаганнямі роду Бжастоўскіх, а Барбара Бжастоўская была ўнучкай Антонія Кошчыца і дачкой Грэбніцкай. А таму маці Грэбніцкай ужо тады пасялілася ў маёнтку дачкі і дала дазвол на перавязенне рэліквій.

Улады, жадаючы пазбыццца святыні, якая выклікала столькі непаразуменняў і надалей прыцягвала да сябе натоўпы вернікаў, паставілі ўмову, каб перавязенне рэліквій адбылося без урачыстай працэсіі і без прывітання ў Мосары.

28 жніўня 1838 г. святы Юстын «прыбыў» у Мосар амаль што патаемна, як паінфармаваў мінскі губернатар у сваім рапарце ваеннаму губернатару ў Вільні.

Новая рэзідэнцыя рэліквій

Мосар — мястэчка ў цэнтры земляў, якія належалі ўладальнікам Дэспат-Зяновічам у XVI ст. Хутчэй за ўсё менавіта ў іх двары затрымаўся на начлег сам кароль Стэфан Баторы падчас выправы на Пскоў. Пазней маёнтак часта змяняў уладальнікаў, перадаваўся як пасаг для дачок нашчадкаў. У свой час Мосар належаў родам Пацаў, Валовічаў, Долмат-Ісакоўскіх, Млечкаў і Бжастоўскіх. Ва ўладанні роду Бжастоўскіх знаходзіўся амаль 200 гадоў. У маёнтку на гэты свет прыйшоў творца «Паўлавай рэспублікі» Канстанцін Тургель, а таксама Павел Ксаверый Бжастоўскі.

Дзякуючы Ганне і Роберту Бжастоўскім Мосар стаў сапраўднай магнацкай рэзідэнцыяй. У 1775–90 гг. яны пабудавалі прыгожы палац у стылі класіцызму, а ў 1792 г. — каталіцкую святыню пад тытулам святой Ганны. Касцёл, пабудаваны ў неакласычным стылі, формай і выглядам унутры нагадваў палацавую залу. Сцены былі аздобленыя расліннымі арнаментамі і адмысловай разьбой, якая прадстаўляла чатырох евангелістаў, дванаццаць апосталаў і сцэну хросту Пана Езуса.

Каралеўскую залу палаца ўпрыгожвалі выкананыя французскім разбяром арнаменты, сярод якіх, як ва ўсіх польскіх каралёў, разьба «Пагоні».

Дэкарацыі былі зроблены ў перыяд падзелаў Рэчы Паспалітай і мелі вельмі выразныя патрыятычныя элементы. Палац быў разрабаваны і спалены бальшавіцкім натоўпам у 1918 г. Захавалася толькі некалькі фотаздымкаў і малюнкаў, яго план вывезлі ў архіў у Маскву. У міжваенны перыяд руіны палаца сфатаграфаваў вандруючы па нашых землях Ян Булгак.

У другой палове XIX стагоддзя Мосар стаў уладаннем роду Пілсудскіх і знаходзіўся ў іх руках аж да Другой Сусветнай вайны. Да сваіх родных у маёнтак Мосар некалькі разоў прыязджаў і Юзаф Пілсудскі, у маладосці і пазней. Апошні раз быў у 1930 г. Як падае прафесар Марэлёўскі, две акварэлі з мосарскага палаца, выкананыя ў 1916 годзе, знаходзіліся потым ў зборах Бэльвэдэрскага палаца ў Варшаве.

Вось такую мясцовасць «выбраў» для сябе святы Юстын. Сярод мясцовых людзей яшчэ ў XX стагоддзі існавала легенда, паводле якой воз з васьмю канямі, на якім перавозіліся рэліквіі, не мог рушыцца з месца пакуль не выбралі шлях на Мосар. З дакументальнай гісторыі перавязення рэліквій бачна, што гэта толькі легенда, якая сведчыць аб вялікай прывязанасці мясцовых вернікаў да святога апекуна і аб гонары выбранніцтва мосарскай святыні. З таго часу гісторыя рэліквій звязана з гэтым былым кутком Віленшчыны. Ад самага пачатку ўшанаванне рэліквій мела ўсеагульны характар, не толькі сярод католікаў, але і праваслаўных.

Культ святога Юстына пашыраўся з года ў год, славячыся цудамі і прыцягваючы многіх людзей. У 1851 годзе рэліквіярый быў апячатаны ксяндзом біскупам Вацлавам Жылінскім і запісаны адпаведны дакумент, які сведчыў аб прыналежнасці рэліквій святыні ў Мосары.

Радасць жыхароў Мосара і развіццё культу

Напрыканцы 90-х гадоў XIX ст. царскія ўлады спрабавалі ліквідаваць мосарскую парафію і хацелі перабудаваць святыню на царкву. На пачатку XX ст. царскі талеранцыйны загад дазволіў пэўныя паслабленні, а здабытая Польшчай незалежнасць прынесла рэлігійную свабоду. Гэты чарговы перыяд значна паўплываў на ўзмацненне веры жыхароў мосарскай зямлі.

У міжваенны перыяд Мосар праславіўся дзякуючы парафіяльнаму адпусту, устаноўленаму Апостальскай Сталіцай на ўрачыстасць святога Яна Хрысціцеля. Пераадольваючы дзясяткі, а то і сотні кіламетраў людзі прыходзілі ў гэты дзень у Мосар, каб вымаліць праз заступніцтва святога Юстына Божыя ласкі. Воты падзякі, якіх было 38, былі змешчаны каля алтара і сведчылі аб цудоўных аздараўленнях вернікаў. Але якраз у гэты час у гісторыі рэліквій наступіў чарговы неспадзяваны паварот.

Стары Мядзел патрабуе вярнуць рэліквіі мучаніка

На пачатку 20-х гадоў XX ст., пасля 90 гадоў адсутнасці, на парог святыні ў Старым Мядзелі зноў ступілі айцы кармэліты. У 1927 годзе кіраўнік кляштара кармэлітаў айцец Браніслаў Ярасінскі звярнуўся да арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага з просьбай «аб вяртанні пасрэбранай труны з рэліквіямі святога Юстына, мучаніка, разам з вотамі, якія знаходзяцца ў парафіяльным касцёле ў Мосары. Бо гэта святыня была ўласнасцю касцёла айцоў кармэлітаў босых у Старым Мядзелі, як даказваюць сведчанні вернікаў, запісы хронік з кананічных візітацый Мінскай дыяцэзіі». Падобную просьбу з амаль тысяччу сабранымі подпісамі ў курыю Віленскай архідыяцэзіі дасылаюць старамядзельскія парафіяне.

Арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі скіраваў ліст да тагачаснага мосарскага пробашча кс. Станіслава Кліма з загадам вярнуць рэліквіі кармэлітанскаму кляштару ў Старым Мядзелі. Трэба ўзгадаць, што гэтае паведамленне для парафіянаў у Мосары было як выбух снараду! Праз два дні да Мітрапалітальнай курыі ў Вільні прыйшлі два вялікія лісты: адказ ксяндза пробашча і ліст уладальніка маёнтка Эдмунда Пілсудскага (праўнука графіні Ганны Грэбніцкай, дзякуючы якой рэліквіі апынуліся ў Мосары). Абодва прадстаўляюць арцыбіскупу свае аргументы для таго, каб рэліквіі засталіся ў мосарскім касцёле.

Пан Эдмунд Пілсудскі, як спадчыннік сямейнай памяткі-святыні, адзначае: «Гэтыя рэліквіі былі атрыманы графам Антоніем Кошчыцам ад Святога Айца як асабісты падарунак пасля пілігрымкі ў Рым і знаходзіліся ў Мядзелі ў фундаваным ім у 1754 годзе касцёле айцоў кармэлітаў. Праз 78 гадоў пасля скасавання кляштара, Ганна з Кошчыцаў Грэбніцка, дачка Антонія Кошчыца і мая прабабка, звяртаючыся да факту, што рэліквіі — сямейная каштоўнасць, атрымала ад духоўных уладаў, як і таксама ад свецкі, дазвол на іх перавоз у касцёл у Мосары, дзе сама прабывала ў сваёй дачкі Барбары з Грэбніцкіх графіні Бжастоўскай, тагачаснай уладальніцы Мосара і маёй прабабкі, пасля якой Мосар з’яўляецца маёй спадчынай».

«Рэліквіі святога Юстына, якія вышэй узгадваю, знаходзяцца ў мосарскім касцёле ўжо 90 гадоў і ў вялікай пашане як нашай сям’і, так і многіх людзей не толькі каталіцкай, але і праваслаўнай веры, — чытаем далей. — Дзякуючы рэліквіям, касцёл і людзі добра абараніліся ад русіфікацыі і пераходу ў праваслаўе пасля Студзеньскага паўстання. Калі іх аддаць з нашай святыні, то гэта выклікае вялікае супрацьстаянне ва ўсёй ваколіцы, што з усіх бакоў вельмі непажадана. Са свайго боку мушу дадаць, што рэліквіі, якія традыцыйна захоўваліся ў нашай сям’і, вельмі каштоўныя для нас, што не можам уявіць Мосара без іх. Без іх я стаў бы дрэнным спадкаемцам сямейнай традыцыі, як таксама і дрэнным жыхаром гэтай зямлі, калі б катэгарычна не запратэставаў супраць таго, каб забіралі рэліквіі да Мядзела, а ў вачах мясцовых людзей — здраднікам. Спасылаюся на дакумент біскупа Вацлава Жылінскага, які сведчыць, што рэліквіі былі асабістай уласнасцю Антонія Кошчыца, а таксама да пліты, умураванай у касцёле, як надмагілля Ганны з Кошчыцаў Грэбніцкай, памерлай у 1842 годзе».

Ксёндз пробашч Станіслаў Клім прадстаўляе яшчэ іншы аспект справы, адзначаючы, што не ўсё так проста, як апісваюць айцы кармэліты: «Рэліквіі знаходзяцца не ў пасярэбранай маленькай труне, дзесьці збоку, але у пасярэбранай драўлянай труне вялікіх памераў, якая складае частку галоўнага алтара, які мае адпаведную канструкцыю. Ад 1838 года, ужо 90 гадоў, рэліквіі перад вачыма людзей, якія прывязаліся, з’ядналіся з імі, што сталі іх гонарам і каштоўнасцю, як герб. Яны ў вялікай пашане не толькі ў мосарскіх парафіянаў, але і жыхароў далёкіх ваколіц нават у адлегласці больш за 100 кіламетраў. На працягу года рэліквіі наведваюць некалькі тысяч пілігрымаў, сярод якіх немалы адсотак праваслаўных».

«Усё разам узятае агортвае Мосар пэўным арэолам, пазбавіцца якога людзі без дзейснага пратэсту не дазволяць, разглядаючы гэта як замах на іх найсвяцейшае права, а ведаючы культуру і нязломны дух, на ўсходняй тэрыторыі Віленшчыны гэты пратэст непажаданы, бо прынясе неспадзяваныя вынікі для Касцёла ў цяперашніх умовах, — працягваў святар. — Ужо з восені мінулага года парафіяне час ад часу цікавіліся гэтай справай, а з іх словаў і пагрозаў можна зрабіць выснову, што ўсялякая спроба перавезці рэліквіі не прынясе вынікаў».

Што паўплывала на рашэнне арцыбіскупа: можа прыслухаўся да аргументаў, можа баяўся незадаволення сярод вернікаў, а можа прозвішча нашчадка адыграла неапошнюю ролю — цяжка сказаць. У адказе на ліст пробашча курыя паведаміла, што Адміністратыўная рада маёмасці Віленскай архідыяцэзіі пастанавіла «пакінуць рэліквіі святога Юстына ў мосарскім касцёле». Пад тэкстам гэтага ліста была рэзалюцыя, напісаная блакітным алоўкам: «Нашчадкі фундатара пераказалі гэтыя рэліквіі ў Мосар на вечныя часы і змяняць гэтага дыяцэзіяльная ўлада не можа», і падпісаная самім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. Гэтым сказам 21 жніўня 1928 года справа аб прыналежнасці рэліквій была скончана.

Абаронца святыні і веры

Неўзабаве настала новае ліхалецце — савецкія часы. Бог праз заступніцтва святога Юстына абараніў святыню. Яна не была зачыненай, вернікі плацілі велізарныя падаткі, збіраліся на малітву, хоць і не было святара, і баранілі касцёл. Мосарскія парафіяне ўпэўнены, што «святы Юстын апекаваўся касцёлам».

Цяпер культ святога мучаніка адраджаецца і шматлікія людзі, як католікі, так і праваслаўныя, прыязджаюць у Мосар, каб памаліцца перад рэліквіямі. Асабліва ўшаноўваецца святы Юстын 1 чэрвеня, у літургічны ўспамін гэтага святога ў Касцёле. Таксама і падчас парафіяльнага адпусту святога Яна Хрысціцеля што 24 чэрвеня, людзі збіраюцца ў мосарскім касцёле, знаходзячы палёгку ў цярпеннях, выпрошваючы здароўе, вызваленне ад алкагольнай залежнасці, Божыя ласкі і благаслаўленне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?