Званкі на «Свабода»: людзі абураюцца кіраўніком сталічнае ідэалягічнае вэртыкалі.

Спадар: «Добры вечар, «Свабода». Вось слухаў выказваньні, разважаньні чыноўніка наконт Кастрычніцкай плошчы, які сказаў літаральна «гэта дзяржаўная плошча». Хацелася б запытацца ў яго, а няўжо ў нас зьявіліся нейкія прыватныя плошчы на вуліцах. Можа быць, і вуліцы хто ў прыватную ўласнасьць узяў ці ў нейкую калгасную? Ці можа, нам параяць у Трасьцянцы на звалках зьбірацца ці на палігонах? Вось яго надрыўны крык – «Гэта дзяржаўная плошча!» – хай адкажа, ці ёсьць ужо прыватныя. Можа, хто ўжо і аэрадромы дзе якія ўзяў ва ўласнасьць? Перадайце, калі ласка, маё пытаньне гэтаму чыноўніку. Дзякуй».

Анастас Семяновіч: «Дарагое спадарства Радыё Свабода! Добры вечар. Таварышы «лукашысты», Вы робіце вялікую памылку, калі кажаце, што плошча Кастуся Каліноўскага зьяўляецца дзяржаўнай, то бок таварыша Лукашэнкі. Хто будзе выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь? Праўда, яна сёньня фармальная. Любы спадар ці спадарыня маюць права на мітынг, каб выказаць свае думкі. Наконт сёньняшняй улады. Я ўпэўнены, што народ прыйдзе менавіта на плошчу Кастуся Каліноўскага. А Вы, калі нічога ў галаве не засталося, можаце пускаць свой АМАП і спэцпадразьдзяленьні. Зноўку Амэрыка і Эўропа пераканаюцца ў Вашай гістэрыі. Размаўляць пасьля гэтага яны з Вамі ня будуць. Што можна ў дадзеным выпадку Вам параіць, таварыш Лукашэнка? Прыйдзіце на Плошчу і выступіце перад народам, і падзякуйце, што яны Вас трывалі цягам 13 год. Аб’явіце выбары прэзыдэнта і пасьля гэтага ідзіце на заслужаны адпачынак. Жыве Беларусь!»

Спадарыня: «Адзін чыноўнік даволі агрэсіўна сказаў, што не атрымаеце Кастрычніцкую плошчу, яна дзяржаўная. А беларускі народ, на шыі якога сядзіць гэты чыноўнік, гэта што? Не дзяржава?! Любы грамадзянін. Які мае беларускае грамадзянства, мае права прыйсьці на дзяржаўную плошчу і выказаць сваё стаўленьне да існуючай улады. Наконт назвы плошчы Каліноўскага. Чыноўніка зьдзіўляе і абурае гэта назва. Кастусь Каліноўскі – гэта герой Беларусі. І да назвы дзяржаўнай плошчы Беларусі гэта асоба падыходзіць больш, чым безаблічная назва «Кастрычніцкая». Дзяржаўная плошча – не прыватная крама, а пабудавана на народныя грошы. Народ мае права ёю карыстацца. Хатняй маёмасьцю няхай распараджаюцца, а плошчаю будзе беларускі народ».

24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266‑39‑52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС‑паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391‑22‑24.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?