Кандытарская фабрыка «Камунарка» «пасталела» на 26 гадоў. Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН 10 мая паведаміла генеральны дырэктар СААТ Наталля Кот.

«Вывучаючы гісторыю прадпрыемства, — растлумачыла яна, — мы знайшлі архіўныя звесткі, згодна з якімі „Камунарка“ была створана на базе кандытарскай майстэрні Жоржа, заснаванай у Мінску ў 1905 годзе. А сам брэнд „Камунарка“ з’явіўся ў 1931 годзе. Прадпрыемства-папярэднік размяшчалася прыблізна ў гэтым месцы, а таксама там, дзе зараз знаходзіцца гатэль „Беларусь“. Там была старая бісквітная фабрыка, якая таксама ўваходзіла ў майстэрню Жоржа. Вы ведаеце, што да 1991 года „Камунарка“ і „Слодыч“ — гэта было адзінае прадпрыемства. Потым у працэсе прыватызацыі вылучыліся самастойныя структурныя юрыдычныя асобы. Але сёння мы ўсё роўна працуем разам».

Сумеснае ААТ «Камунарка» — вядучы вытворца кандытарскіх вырабаў у Беларусі. 50% вагавых шакаладных цукерак у краіне вырабляе гэта фабрыка. За 2009–2011 гады прадпрыемства выпусціла 55,3 тыс. тон кандытарскіх вырабаў. У Беларусі арганізавана праца 10 фірменных магазінаў, у якіх рэалізуецца 10% агульнага аб’ёму тавараабароту. На прадпрыемстве працуюць прыкладна 1.500 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?