Вышэйшая атэстацыйная камісія зарэзала дысэртацыю гісторыка Ірыны Кашталян на тэму «Штодзённае жыцьцё беларускага грамадзтва (1944—1953)». Дзяўчына мае намер змагацца за права займацца навукай, а не маўчаць, як робяць дзясяткі яе калег у аналягічнай сытуацыі.

Цытаты «экспэртнай рэцэнзіі» моваю арыгіналу:

«
Аўтар фактычна праігнарыравала рэпартажы партыйна‑савецкага друку 1944‑1953 гг., дзе безумоўна адлюстраваны патрыятычны рух беларускага рабочага класа, яго працоўныя подзвігі

Аўтар адзначае ролю рэпарацый з Германіі для развіцця прамысловага комплексу рэспублікі, працу германскіх ваеннапалонных. Але чамусьці замоўчвае аб дапамозе БССР з боку брацкіх саюзных рэспублік абсталяваннем, спецыялістамі, матэрыяламі. З яе разважання можна скласці ўражанне, што «саюзна крыша» не спрыяла , а наадварот, стварала перашкоды.

Да месца было б адзначыць у дысертацыі, што падатковы прэс на сялян, на вёску ў цэлым мог бы быць слабейшы, каб не абставіны «халоднай вайны», не навязаная ССС Р гонка ўзбраенняў, не ўзросшыя абавязацельствы СССР па прадухіленню трэцяй сусветнай вайны.

Толькі ўлічваючы ўвесь савецкі вопыт ХХ стагоддзя, можна правільна ацаніць пастановы ЦК ВКП(б) па ідэалагічных пытаннях, якія былі прынятыя пры Сталіне пасля Другой сусветнай вайны.

Дысертантка павінна была адзначыць вялікую работу, праведзеную спецслужбамі СССР па праверцы і фільтрацыі вяртаючыхся з палону, прымусовых работ у Германіі, з акупацыйных зон, занятых саюзнікамі.

У партызанскіх краях і зонах антыфашыстамі-агітатарамі былі не святыя айцы, а камісары і палітрукі-камуністы. Інфармацыйныя перадачы з Вялікай зямлі таксама не былі пранікнуты царкоўнымі сюжэтамі і песнапеннямі.

Матэрыял, які сканцэнтраваны ў гэтай главе, павінен прывесці чытача да вываду, што савецкая дзяржава была не роднай маткай, а злой, бессардэчнай мачыхай для беларускага народа, што функцыяніраванне гэтай дзяржавы‑монстра супярэчыла натуральнай прыродзе чалавека.»

Пры цытаваньні захаваная мова арыгіналу

«Бачыць у становішчы сялян‑калгасьнікаў нейкі новы варыянт прыгоннага права няма ніякіх падстаў. З калгаснай вёскі выйшлі многія відныя людзі, гонар арміі, мастацтва, рабочага класу, майстры высокіх ураджаяў, удастоенныя званьня Героя Сацыялістычнай працы». Гэта вытрымка з рэцэнзіі на «антысавецкую» дысэртацыю І.Кашталян, зь якой яе азнаёмілі напярэдадні паседжаньня Экспэртнай рады ВАКу 2 сакавіка.

Ірыну паўшчувалі за ачарненьне савецкага мінулага, тэндэнцыйнасьць і скажэньне фактаў. Рэцэнзія ў цэлым вытрыманая ў духу прыведзенай вышэй цытаты. На паседжаньні за магчымасьць прысуджэньня навуковай ступені за дысэртацыю прагаласавалі 5 з 8 удзельнікаў Рады, пры гэтым не хапіла аднаго голасу.

Варта адзначыць, што падчас галасаваньня на Радзе па абароне пры БДУ ў верасьні мінулага году за дысэртацыю спн.Кашталян усе прысутныя прагаласавалі адзінагалосна.

Прадбачачы рэакцыю ВАКу, Ірына Кашталян па прапанове навуковага кіраўніка зьмяніла назву сваёй працы, якая першапачаткова гучала, як «Рэпрэсіўныя фактары ўнутранай палітыкі СССР і штодзённае жыцьцё беларускага грамадзтва (1944—1953)», а таксама зьмяніла акцэнты ў працы, засяродзіўшыся на панарамным асьвятленьні паўсядзённага жыцьця беларусаў у той пэрыяд.

Гэта не ўратавала яе дысэртацыі, больш за тое – менавіта зьмену акцэнтаў і прыпомнілі гісторыку ўжо ў другім абзацы рэцэнзіі, фактычна прызнаўшы, што гэта і зрабіла немагчымым прызнаньне працы. «Пералічаныя ў дысэртацыі публікацыі аўтара (артыкулы, тэзісы) сьведчаць аб тым, што яе навуковыя інтарэсы факусаваліся на раскрыцьці рэпрэсіўна‑прымусовай фунцкцыі савецкай дзяржавы ў Беларусі 1944—53 гадоў. З падобнай фармуліроўкай сваёй тэмы яна магла выходзіць на абарону. Але І.Кашталян пайшла па другому шляху. Яна рэпрэсіўна‑прымусовую функцыю савецкай сістэмы прадставіла як галоўную, усёахопліваючую, сутнасную», – як прысуд, гучыць у рэцэнзіі Экспэртнай рады.

Ведаючы кансэрватыўнасць падыходаў ВАКу, матэрыялы для працы ў абыход звычайнай практыкі даследаваньня штодзённасьці І.Кашталян зьбірала ў першую чаргу ў архівах, а не з успамінаў людзей. Пры гэтым яна карысталася матэрыяламі з грыфам «звышсакрэтна» з Асобага сэктару ЦК КПБ.

«Мяне цікавіў разгляд гісторыі перыяду праз прызму паўсядзённых праблем звычайнага беларуса, якія маглі аб’ядноўваць розных людзей незалежна ад іх паходжаньня, грамадзкага статусу і месца жыхарства», – кажа дасьледчыца.

Дакумэнты Асобага сэктару — надзвычай багатая крыніца інфармацыі. У іх зафіксаваная рэакцыя звычайных людзей на дзеяньні і рашэньні тагачаснай улады, ад выказваньняў і напісаньня скаргаў да ўдзелу ў антысавецкім падпольлі, аспэкты штодзённасьці, якія асабліва хвалявалі савецкае кіраўніцтва, зазначае І.Кашталян.

У сваёй працы дасьледчыца разгледзела паўсядзённую гісторыю беларусаў у розных аспэктах. Так, паказаны традыцыйная стратыфікацыя праз асьветленьне штодзённасьці калгасьнікаў, рабочых і інтэлігенцыі, зьяўленьне ў грамадзтве новых групаў – франтавікоў, здраднікаў, заходнікаў і інш. Вылучаныя гісторыкам жыцьцёвыя стратэгіі паваенных беларусаў прадстаўляюць шырокі спэктар паводзінаў ад прыстасаванства да актыўнага супраціўленьня савецкай уладзе.

Разгледжаныя таксама найбольш істотныя пытаньні побытавай штодзённасьці – праблемы забесьпячэньня прадуктамі, жыльлём, прапіскай, найбольш рапаўсюджаныя віды злачыннасьці, выкліканыя пасьляваеннай галечай.

Такі падыход выклікаў вельмі нэрвовую рэакцыю «зьнешняга» (вызначага ВАКам) эксперта дысэртацыі, што выявілася ў рэцэнзіі. Гісторыку яшчэ да таго, як прэзыдыюм ВАКу зацьвердзіў рашэньне Экспэртнай рады, прапаноўвалі «выбар»: яна мусіла забраць дакумэнты, што дазволіла б ёй «выправіць памылкі», альбо часова залегчы на дно, чакаючы зручнага моманту.

Цяпер гісторык рыхтуе апэляцыю ў ВАК, якая мусіць быць разгледжаная на працягу двух месяцаў. «Буду націскаць на парушэньне працэдуры забеспячэньня роўных умоваў разгляду дысэртацый, ненавуковасьць гэтай рэцэнзіі, тэндэнцыйнасць яе аўтара», – кажа яна. У выпадку няўдачы з апэляцыяй застаецца суд, які, аднак, можа адмовіцца ад разгляду справы, калі палічыць гэты выпадак навуковай спрэчкай. Так ужо здарылася з габрэямі, што зьвярнуліся ў суд з нагоды выхаду сумна вядомай кнігі «Война по законам подлости». Аднак у любым разе Ірына не зьбіраецца спыняцца: «Трэба бараніць гонар беларускага гісторыка».

Тэма рэпрэсіяў цікавіць Ірыну Кашталян даўно, бо сярод яе сваякоў ёсьць рэпрэсаваныя. У 1933 г. прадзед па даносе быў асуджаны за ўдзел у касьцёльным камітэце і не вярнуўся са зняволеньня, а яго сям’я, у якой было дзевяцёра дзяцей, апынулася на мяжы выжываньня. Больш глыбока гэтай тэматыкай гісторык захапілася падчас працы ў Архіве Найноўшай Гісторыі. Працягвала працу ў гэтым накірунку ў часе вучобы і кіраўніцтва грамадзкім аб’яднаньнем «Гісторыка», адной з заснавальніцаў якой была й сама.

Тое, што цяпер гэтая тэма знаходзіцца фактычна пад забаронай, а таксама абыходжаньне з гісторыкамі, якія хочуць без ідэалягічных абмежаваньняў аб’ектыўна асьвятляць гістарычныя праблемы, не пакінула Ірыну Кашталян раўнадушнай. «Будзем змагацца за права займацца навукай», – кажа яна.

Гісторык плянуе прыняць удзел у Аргкамітэце абароны незалежных гісторыкаў, што ўтварыўся зусім нядаўна і складаецца з апальных гісторыкаў, выштурхнутых зь дзяржаўных навуковых установаў. Інстытут гісторыі – гэта «залатая клетка» для большасьці яго супрацоўнікаў, бо ўтвораная там сыстэма прымушае навукоўцаў выбіраць паміж дзяржаўным жытлом, сталым заробкам ды сумленнай, бесстароньняй працай, лічыць спн.Кашталян. На яе думку, страчвае ад гэтага толькі беларуская гістарычная навука, бо таленавітыя дасьледчыкі, выштурхнутыя сістэмай, пасьпяхова самарэалізуюцца за мяжой.

Сямён Печанко

Ірына Кашталян нарадзілася ў Менску. Скончыла Беларускі ліцэй, гістфак БДУ, магістратуру ЭГУ, асьпірантуру гістфаку БДУ, чатыры гады ўзначальвала моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Гісторыка». Гадуе дачку Караліну.




Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0