Адзін з прыватных беларускіх нафтатрэйдараў — наваполацкі «Інтэрсэрвіс» атрымае ва ўласнасць маёмасны комплекс «Наваполацкага завода БВК», у мінулым аднаго з найбуйнейшых на тэрыторыі былога СССР вытворцы
Гэта вынікае з прэзідэнцкага ўказа № 226.
«Наваполацкі заводбялкова-вітамінных канцэнтратаў», які знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці, перадаецца інвестару, які ствараецца пры ўдзеле кампаніі «Інтэрсэрвіс».
Указам вызначана, што «Інтэрсэрвіс» і новае прадпрыемства бяруць на сябе абавязак да 1 студзеня 2021 года стварыць на базе завода БВК інавацыйную вытворчасць па перапрацоўцы нафты і іншай вуглевадароднай сыравіны магутнасцю 1,5 мільёна тон у год і тэрмінал такой жа магутнасці па захоўванні і перавалцы сыравіны і нафтапрадуктаў.
Таксама «Інтэрсэрвіс» і стваранае прадпрыемства павінны ўнесці $270 мільёнаў інвестыцый для рэалізацыі гэтага праекта.
Заснавальнікам кампаніі з’яўляецца Мікалай Верабей. Ён уваходзіць утоп-100 самых паспяховых беларускіх бізнесменаў. Мае ўласнасць у дрэваапрацоўцы, рознічным гандлі і грамадскім харчаванні, валодае аўтарамонтным бізнэсам.