Заява прэс‑службы МГА Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
16 сакавіка каля 15.00 супрацоўнікамі міліцыі і людзьмі ў цывільным быў учынены ператрус на прыватнай кватэры, дзе часова захоўвалася частка маёмасці, у тым ліку кнігі МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» і архівы дыяспары.
Згуртаванне вымушана захоўваць маёмасць у розных месцах у сувязі з тым, што са жніўня 2006 г. на сядзібе вядзецца капітальны рамонт. Не гледзячы на шматлікія захады як самой «Бацькаўшчыны», так і суполак дыяспары, а таксама вусныя абяцанні гарадскіх уладаў паспрыяць у атрыманні адпаведнага памяшкання на час рамонту, аб’яднанне да гэтага часу вымушана працаваць без сталага офісу.
Управа МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» выказвае абурэнне з прычыны беспадстаўнага ператрусу маёмасці і канфіскацыі кніг Ю.Туронка, Ю.Віцьбіча, Дз.Касмовіча, якія былі перададзены на захаванне прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
Мы выказваем падзяку арганізацыям і асобам, якія падтрымліваюць Згуртаванне ў гэтых складаных варунках.
Відавочна, што ўчынены ператрус не з’яўляецца выпадковым, а ёсць чарговым крокам з боку ўладаў у стварэнні перашкодаў працы МГА «ЗБС «Бацькаўшчына».
Лічым, што гэтае здарэнне не паспрыяе ўмацаванню стасункаў дзяржавы з беларускай дыяспарай.