Вікторыя Азаранка выйшла ў фінал буйнога тэніснага турніру ў Мадрыдзе.
12 мая першая ракетка свету за 1 гадзіну 19 хвілін абыграла польку Агнешку Радваньску (3) — 6:2, 6:4. Лік асабістых паядынкаў стаў 11:3 на карысць Азаранкі.
У гэтым сезоне саперніцы сустракаліся ўжо шэсць разоў, і беларуска нязменна станавілася пераможніцай.
У вырашальным матчы Азаранка сустрэнецца або з амерыканкай Серэнай Уільямс (9), або з чэшкай Лючыяй Градзецкай (105).
У гэтым сезоне Азаранка правяла 36 сустрэч, у якіх атрымала 34 перамогі і зведала два паражэнні (стартавая серыя — 26:0). Спартсменка выйграла чатыры турніры (у Сіднеі, Досе, Індыян-Уэлсе, а таксама адкрыты чэмпіянат Аўстраліі).
Год таму Азаранка таксама дайшла да фіналу спаборніцтваў у Мадрыдзе, у якім саступіла чэшцы Петры Квітавай.





