У цэнтры Віцебска 12 мая правалілася зямля. У вялікую яму, што ўтварылася, патрапіла маладая дзяўчына, валанцёр прытулку для бяздомных жывёл. Бяскрыўдная акцыя па раздачы катоў і сабак павярнулася для яе пераломам рукі.

Надзвычайнае здарэнне адбылося хвілін праз 15 пасля пачатку дабрачыннай акцыі. «Мы паставілі клеткі з жывёламі недалёка ад прыпынка транспарту, насупраць цэнтра „Марка-сіці“. Толькі размясціліся, як да нас падышлі нейкія мужчыны. Яны сказалі, што тут стаяць, аказваецца, нельга. Загадалі нам перанесці клеткі далей, у бок амфітэатра. Мы ўзяліся пераносіць клеткі, і тут гэта здарылася.

Адна з нашых валанцёраў раптам правалілася пад зямлю. Яма была вялікая, з нейкай трубой. Дзяўчына моцна ўдарылася і атрымала пералом.
У руках у яе, дарэчы, была клетка з двума сабачкамі. Так што і яны таксама ў яму зваліліся», — распавялі хлопцы-валанцёры.

На месца надзвычайнага здарэння прыбылі хуткая, міліцыя і МНС. Яму засыпалі пяском і абгарадзілі. «Але міліцыя не звяртала ўвагі на дзяцей, якія стаялі зусім побач з гэтай ямай, нікога не папярэджвалі, што гэта небяспечнае месца. Наогул, такое ўражанне, што гэта здарэнне хочуць хутчэй замазаць, нібы яго і не было», — лічаць валанцёры.

Між тым, нягледзячы на ​​няшчасны выпадак, акцыя па раздачы катоў і сабак у добрыя рукі працягвалася. Завяршылася яна ў гадзіну дня.

У гэтым месцы ў Віцебску будуюць падземны пераход праз вуліцу Леніна ад бізнес-цэнтра«Марка-сіці» да Летняга амфітэатра.
Падчас «Славянскага базару» на супрацьлеглым баку вуліцы таксама ўтварыўся правал, але тады ніхто, на шчасце, не пацярпеў.

Дарэчы, каля ямы вісіць знак, які пазначае «Уезд для транспарту забаронены». Многія здзіўляюцца: прычым тут транспарт, калі па тратуары ходзяць людзі?!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?