Анансаванае на сёньня падпісаньне ў Маскве вялікай гандлёвай дамовы між Беларусьсю і Расеяй сарвалася. Расейскія ўрадоўцы кажуць, што Менск прапанаваў шэраг істотных паправак да парафіраванага ўжо дакумэнту. Цяпер над ім зноў мусяць маракаваць экспэрты.

Карацей, рана паціралі рукі прагныя імпэрыялісты:), дамогшыся на тле нафтагазавай вайны пакетных дамоўленасьцяў. Зараз тыя пакеты разлазяцца па швох.

Нагадаю: адносна лагодныя цэны на газ былі зьвязаны з продажам Маскве паловы "Белтрансгазу". А нафту далі з умовай, што Менск шырэй адчыніць свой рынак для расейскіх тавараў.

Цяпер Масква б'е ў званы: маўляў, беларускі ўрад хоча зрабіць "Белтрансгаз" нерэнтабельным, скасаваўшы надбаўку, зь якой паліва прадаецца ўнутраным спажыўцам. А зараз вось, як бачым, расейцы атрымалі яшчэ адзін сюрпрыз у выглядзе нечаканых карэктываў у гандлёвую дамову.

Рыхтаваліся ж сёньня ўрачыста падпісаць паперу ў ведамстве Грэфа. Але для Менску ўжо ці Грэф ці два...

Расейскія ўрадоўцы наіўна цьвердзяць, што крэсьліць парафіраваны дакумэнт (які, дарэчы, меліся падпісаць яшчэ да 1 сакавіка) — гэта няправільна. Для беларускага ж боку "адкрутка назад" — мэтода звыклая. Тады, у сьнежні — студзені, галоўнае было любым коштам дамагчыся, каб пайшлі газ ды нафта. Падмахнулі ўсе паперы, супакоілі партнэраў, каб не кіпелі надта. А вось зараз, калі перазімавалі — нашто, хлопцы, гнаць коней? Давайце разьбярэмся спакойна, што там пад гарачую руку панападпісвалі...

Якая звышзадача гэтых манэўраў? — спытаўся я ў эканаміста Яраслава Раманчука. Той кажа: Менск зацягвае час, бо тут разумеюць, што наша прадукцыя ня вытрымае адкрытай канкурэнцыі з расейскім таварам.

Сапраўды, там у іх ўсё ж які-ніякі рынак. Моцны прыватны сэктар. Ня кажучы ўжо пра непараўнальны інвэстыцыйны, фінансавы рэсурс. Карацей, задушаць сваёй таварнай экспансіяй.

З аднаго боку, у нашага ўраду нібыта і выбару няма — толькі цягнуць рызіну з гэным пагадненьнем пад любой маркай, старацца хоць у нечым выгадаць. Іначай, са слоў Раманчука, эканоміка атрымае ўдар, мацнейшы за падвышэньне коштаў на энэрганосьбіты.

Але ж зразумела, што гэтая тактыка не вырашае праблемы. У Масквы шмат вагароў, каб даціснуць. Вось зараз, , напрыклад, вырашаецца лёс крэдыту на паўтара мільярды. Скажуць: ражна вам, а не крэдыт!..

Дый увогуле бесперспэктыўна весьці курс на эканамічную ізаляцыю. Як ні хочацца закансэрваваць "беларускі цуд", а вонкавыя імпэратывы ўсё адно змушаюць да пачатку гаспадарчых рэформаў.

Мы жывем з гандлю. Калі не мадэрнізаваць эканамічную мадэль, не перайсьці на правілы сусьветнага рынку — затаварымся сваімі "Атлянтамі" ды "Гарызонтамі" вышэй за дах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?