Днямі з дому № 13 па вуліцы Раманаўская Слабада, што на рагу з вуліцай Сухой зьнікла яшчэ адна памятка аб Галакосьце.

Гэта была невялічкая памятная шыльда, усталяваная грамадзкасьцю нямецкага Брэмэну яшчэ 17 гадоў таму. На ёй быў надпіс, які паведамляў пра тое, што нацыстамі ў Менску былі забітыя брэменскія гэбраі. Гэтая трагедыя адбылася акурат 65 гадоў таму… Да гэтае жалобнае даты быў прытарнаваны мітынг 2 сакавіка на старажытных габрэйскіх могілках, да якіх і вядзе вуліца Сухая. Там габрэйскую грамаду й гасьцёў беларускае сталіцы чакала непрыемная неспадзеўка… Вандалы пашкодзілі манумэнт на могілках, усталяваны гэтаксама на ўспамін пра габрэяў зь Нямеччыны, якія знайшлі ў гэтай зямлі свой вечны спачын. Была абламаная мэталічная табліца з тэкстам, пашкоджаны камень.

Такія выпадкі сталі ў Беларусі звычайнай справаю. Але гэтым разам цынізм вандалаў уражвае. Раён вуліцаў Сухой, Караля й Калектарнай былі рэшткамі менскага гета. Сюды ж былі дэпартаваныя габрэі з Брэмэну, Гамбургу, Дзюсэльдорфу. У 1942 г. іх усіх сотнямі забівалі на гэтых самых могілках. Пэўна да гэтае гадавіны й была прытарнаваная цяперашняя злачынная акцыя па апаганьваньні памяці ахвяраў Галакосту…

У перастройку камуністы дазволілі немцам ушанаваць памяць пра сваіх землякоў‑габрэяў менавіта гэтай сьціплаю мэмарыяльнай таблічкаю на доме, дзе месьціцца дасёньня хлебная крама. Цяпер і яе няма. Мяркуючы па аналягічных злачынных выхадках і гэтая застанецца беспакаранаю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?