Абаронцы палатачнага гарадка на Кастрычніцкай плошчы Мінска лічаць год пасля яго стварэння страчаным з‑за амбіцый палітыкаў. Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН незалежна адзін ад другога заявілі камендант гарадка Алесь Мазур і адна з арганізатараў абароны гарадка Крысціна Шацікава.

«Мы паказалі прыклад. Мы стварылі добры прэцэдэнт для таго, каб грамадства зразумела: нягледзячы на таталітарны рэжым, нягледзячы на рэпрэсіі, людзі могуць рабіць тое, што ім патрэбна: адстойваць свае правы, змагацца за свабоду. Мы стварылі прэцэдэнт для грамадзянскай творчасці, для свабоднай творчасці», — заявіў А.Мазур.

Аднак, паводле яго слоў, «ад года, які прайшоў з моманту арганізацыі палатачнага гарадка, можна было чакаць большага». «Палітыкі пасля выбараў не змаглі падзяліць лідэрства і зусім забылі пра грамадзян, якія чакалі ад іх дзеянняў, а не кулуарных спрэчак унутры апазіцыйнай тусоўкі», — лічыць А.Мазур.

«20 сакавіка 2006 года мы ўпершыню забылі пра тое, што з’яўляемся прыхільнікамі розных партый, розных рухаў, розных платформ. Мы забылі пра тое, што нас падзяляе. Мы сталі тым самым беларускім народам, які ўсхвалялі ў сваіх творах нашы вялікія пісьменнікі і паэты. Тады мы сталі «людзьмі звацца», — заявіла К.Шацікава.

«Але, на жаль, у сувязі з тым, што нашы людзі не ўмеюць дамаўляцца паміж сабой што ўнутры апазіцыі, што па‑за ёй, гэтыя вынікі кансалідацыі былі змазаныя і цяпер сышлі практычна на нуль», — зазначыла актывістка апазіцыі.

«Паўтор плочшы магчымы з высокай верагоднасцю. <...> Калі людзі ўсведамляюць, што лепш жыць у свабоднай краіне, чым у вар’ятні, новая плошча з’явіцца роўна з той хуткасцю, з якой першы чалавек разгорне палатку», — лічыць К.Шацікава.

Нагадаем, 20 сакавіка 2006 года маладзёжныя актывісты паставілі палаткі на Кастрычніцкай плошчы Мінска, пратэстуючы супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Плошча была нефармальна перайменаваная ў плошчу імя Кастуся Каліноўскага. Палатачны гарадок пратрымаўся з вечара 20 сакавіка да ночы з 23 на 24 сакавіка, калі ён быў знесены супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?