20 сакавіка ва ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пачаліся вучэнні, мэтай якіх з’яўляецца ўдасканальванне баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці злучэнняў і вайсковых часцей корпуса аховы грамадскага парадку, зладжанасці работы органаў кіравання пры выкананні службова‑баявых задач. Падчас вучэнняў будзе ажыццёўлены прызыў ваеннаслужачых з запасу.

Такія мерапрыемствы, як паведаміў БелаПАН начальнік прэс‑службы ўнутраных войскаў МУС Павел Траулька, у гісторыі суверэннай Беларусі праводзяцца ўпершыню. Асаблівасць гэтых вучэнняў, паводле яго слоў, заключаецца ў тым, што органы кіравання ўнутраных войскаў, штабы злучэнняў і часцей будуць «трэніравацца ў выкананні задач ваеннага часу».

Вучэнні пройдуць у тры этапы. На першым (з 20 па 26 сакавіка) будзе правярацца выкананне злучэннямі і вайсковымі часцямі корпуса аховы грамадскага парадку мерапрыемстваў па прывядзенні ў вышэйшыя ступені баявой гатоўнасці. На другім і трэцім этапах (26‑29 сакавіка) плануецца адпрацаваць практычныя мерапрыемствы па выкананні злучэннямі і вайсковымі часцямі задач па прызначэнні. Завершацца вучэнні 30 сакавіка.

«Вучэнні з’яўляюцца планавымі», — заявіў БелаПАН П.Траулька. Сведчаннем таму, што падрыхтоўка вучэнняў патрабавала доўгага часу, паводле слоў прадстаўніка ўнутраных войскаў, з’яўляецца як іх тэма, што тычыцца дзеянняў войскаў у ваенны час, так і факт адмабілізавання ваеннаслужачых з запасу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?