Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» папрасіла сябра арганізацыі Змітра Бандарэнку пракаментаваць фрагмент свайго інтэрв’ю «Народнай волі», які выклікаў вялікі рэзананс у журналісцкім асяродку: пра тое, што «прыкладна 80 адсоткаў незалежных журналістаў завербаваныя КДБ».

Бандарэнка: — На жаль, «быццё вызначае свядомасць» — ад гэтага нікуды не падзецца. Сказаць, што ўлады і КДБ не цікавяцца журналістамі — значыць, увесь час хадзіць у ружовых акулярах.

Паглядзіце — сярод тых людзей, якія сядзелі ў КДБ, здаецца, больш за 10 чалавек з’яўляюцца сябрамі БАЖ ці журналістамі… Адна з першых прапановаў да мяне ў СІЗА КДБ была — давайце Вы будзеце з намі супрацоўнічаць, і сайт «Хартыі» будзе не такім адмарожаным, а будзе канструктыўнай апазіцыяй, альтэрнатыўным «люстэркам»…

Я не ведаю, колькі там працэнтаў, але давайце так: ёсць нуль, а ёсць лічба, якую агучыў Бандарэнка — 80%. Агучце «сваю» лічбу, дакажыце мне, што гэта нуль. Я са свайго досведу кажу, што не.

БАЖ: — Гэтая лічба так вырасла пасля снежаньскіх падзеяў 2010-га? Ці і раней такая ж была?

З.Б.: — Безумоўна, яна была значна меншай. Але, прабачце, я ведаю людзей, якія казалі мне, што яны былі завербаваныя. І я ведаю, што яны журналісты.

І гэта страшная рэч, бо людзей вярбуюць на тым, што ёсць недахопы — напрыклад, шмат журналістаў працуюць неакрэдытаванымі на замежныя выданні, ёсць падаткавыя праблемы, і гэта выдатная глеба для вярбоўкі.
Трэба разумець, што гэта праблема вельмі сур’ёзная.

Я задаволены тым, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца ў грамадстве. Трэба разумець, што людзі, якія падпісалі паперы аб супрацоўніцтве з КДБ, — у чымсьці няшчасныя людзі. Але гэта не значыць, што яны ўвесь час працуюць на КДБ — іх прымусілі. Чалавек быў у стане эмацыйнага шоку, можа, яму ці яго родным пагражалі крымінальнай справай — і чалавек пайшоў на гэта. Гэта не значыць, што ён стаў супрацоўнікам КДБ…

БАЖ: — Якія наступствы можа мець абмеркаванне гэтай тэмы — станоўчыя, бо гэты «нарыў» ускрыецца, ці гэта можа спарадзіць большы недавер у журналісцкім асяродку?

З.Б.: — Я лічу — добра, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца. Сёння гэта гарачае абмеркаванне, а потым і да нейкага «сухога астатку» справа дойдзе. Не думаю, што гэта адаб’ецца на атрымальніках інфармацыі, чытачах газет. Бо патрэба ў інфармацыі — базавы інстынкт чалавека, і ён будзе чытаць інфармацыю ўсё роўна. Магчыма, будзе больш сур’ёзна ставіцца да крыніц інфармацыі і задумвацца. Гэта як мае знаёмыя казалі: яны ведалі, што ў іх дома ёсць праслухоўвальнае абсталяванне, але, калі падчас рамонту яны ўбачылі яго на ўласныя вочы, то стала брыдка жыць. Але што рабіць, калі гэта ёсць? А як пры дыктатуры можа быць? Трэба проста быць рэалістамі.

Я лічу, што трэба, як кажа мой сябра Мікалай Халезін, ускрываць табуіраваныя тэмы. Мабыць, у нашым асяродку гэтая тэма — табуіраваная. Яна абмяркоўваецца, але непублічна. Мабыць, цяпер будзе абмяркоўвацца публічна.

Галоўнае пытанне — не ў журналістах. Пытанне — на якой падставе КДБ вярбуе журналістаў. Спробы вярбоўкі была амаль ва ўсіх, хто апынуўся ў «амерыканцы» за гэты час. У кожнага доказамі на судах з’яўляліся раздрукоўкі праслухоўвання тэлефонаў. Я так і не пачуў адказу на сваё пытанне: чаму мяне праслухоўвалі яшчэ пачынаючы з верасня? І тут галоўнае пытанне — чаму такая сітуацыя ў Беларусі? Чаму такая ўседазволенасць КДБ, на якой падставе? У нас што — тэрарыстычная пагроза ў краіне? Мне здаецца, акцэнт трэба рабіць на гэта…

    Нагадаем: З. Бандарэнка быў арыштаваны 20 снежня 2010 года і асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені 2011 года яму зрабілі аперацыю на хрыбетніку. У канцы студзеня гэтага года Бандарэнку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання ў калоніі, нягледзячы на кепскі стан здароўя. Пасля таго як 1 лютага асуджаны палітык напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, яму дазволілі карыстацца мыліцай. Бандарэнка быў вызвалены з Магілёўскай калоніі № 15 раніцай 15 красавіка г.г.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?