Каля 20.30 супрацоўнікі МНС і ветэрынарнай службы здолелі загнаць двух сімпатычных ласёў, якіх раніцай людзі бачылі ў мінскім Парку Чалюскінцаў.
Ратавальнікі дагналі іх у лесапаркавай зоне, воддаль атракцыёнаў.У жывёлін стралялі снатворным. Спачатку з далёкай адлегласці. Потым, калі жывёлы пападалі, адзін з ратавальнікаў падцікаўся да іх і дадаткова ўкалоў снатворнае шпрыцом. Асцярожнасць абгрунтаваная:
адным ударам вострага капыта лось можа забіць чалавека.
Як распавядаюць відавочцы,
пераследаваць лясных гасцей давялося па ўсім парку, шакаваўшы не адну закаханую парачку ў зацішным кутку.
Непадалёк чакаў грузавік. Пагрузка сонных ласёў цягнулася цэлую гадзіну, да 21.30. Як паведаміў супрацоўнік МНС,
ласіцу і гадавалае ласяня, якія забрылі ў Мінск, адвязуць у Чыжоўскі заапарк і выпусцяць у вальер.