У нейкім узважаным уласнабеларускім падыходзе да гісторыі Другой Сусветнай вайны, які нам яшчэ належыць доўга выпрацоўваць, адзіным адназначным можа быць толькі тое, што да многіх яе ўдзельнікаў-беларусаў нельга падыходзіць адназначна, як гэта нам спрабуе навязаць дзяржаўная прапаганда. І

самай неадназначнай рэччу ў Другой Сусветнай вайне застаецца стаўленне да тых, каго прынята называць пронямецкімі калабарантамі,
у шэрагах якіх апынулася значная частка беларускай нацыянальнай эліты, што засталася пад акупацыяй.
Для лукашэнкаўскай і савецкай прапаганды было і ёсць вельмі выгодна і проста ставіць знак роўнасці паміж тымі, хто жыў пад акупацыяй, і калабарантамі. Паміж калабарантамі і нацыстамі.
Паміж садыстамі-паліцаямі і тымі, хто проста спрабаваў суіснаваць з фашыстоўскімі акупантамі, як перад гэтым суіснаваў з бальшавікамі — альбо проста не лічыў вартым ваюючы супраць Гітлера ваяваць за Сталіна. Ставіць знак роўнасці паміж БЦР і БНР, а там — бяры вышэй! — паміж нацыстамі і блокам НАТО.
Усё дзеля таго, каб пазбягаць параўнання самога савецкага сацыялістычнага таталітарызму з яго малодшым братам — таталітарызмам гітлераўскім.
Каб пазбягаць знака роўнасці паміж ахвярамі нацызма (сярод якіх саветы і лукашысты так па-«антыфашысцку» не любяць акцэнтаваць увагу на габрэях) і ахвярамі камунізма.

Усё, каб, зрэшты, не дазволіць нам задумацца аб тым, што Беларусь не была паўнавартасным ваюючым бокам у Другой сусветнай вайне. Што, мабыць, азначае, што паняцце «калабарацыі» тычыцца як супрацоўніцтва з нацыстамі, так і супрацоўніцтва з саветамі.

Ва ўмовах панічнага адступлення Чырвонай арміі ў чэрвені 1941 года нацысты захапілі Беларусь амаль без баёў. Пазаўчорашнія заходнебеларускія сепаратысты, якія яшчэ два гады раней віталі ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР і хто ацалеў пасля рэпрэсій 39–41 гг., цяпер ужо з надзеяй сустракалі немцаў. Зноў пройдзе пара гадоў, і ілюзіі многіх з іх знікнуць гэтаксама, як перад гэтым зніклі магчымыя ілюзіі датычна Беларусі, уз’яднанай у складзе СССР.

У 1995 годзе Лукашэнка ўсталяваў святкаванне дня незалежнасці Беларусі на дзень, які лічыцца (хаця не з’яўляецца) днём вызвалення Беларусі Чырвонай арміяй ад гітлераўскіх акупантаў. Сумная іронія нават не ў тым, што Беларусь мае ажно тры іншых дні, якія можна лічыць сапраўднымі Днямі незалежнасці замест гэтага (25 сакавіка, 27 ліпеня і 25 жніўня).

Рэч у тым, што

ў Другой сусветнай вайне пераважная большасць людзей, якія выступалі за дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, не ваявалі ў Чырвонай арміі.

Нельга забывацца, што па савецкіх мерках і расстраляны нацыстамі Вінцэнт Гадлеўскі, і школьны інспектар Барыс Кіт былі «калабарантамі» толькі за тое, што не падпарадкоўваліся загадам НКВДшнага савецкага партызанскага камандвання.

Але трэба і прызнаваць, што цэлы шэраг беларускіх нацыяналістаў-незалежнікаў пайшлі амаль у прамым сэнсе на ўгоду з д’яблам і спрабавалі выкарыстаць нямецкіх нацыстаў у інтарэсах незалежнасці Беларусі.

Сапраўдных нацыстаў сярод гэтых эсэраў і сацдэмаў было вельмі мала — было шмат понцкіх пілатаў, якія маючы на думцы нейкія нават добрыя рэчы рабіліся несупраціўнікамі гвалту і злу.
Сюжэт, дастойны пяра Васіля Быкава.

У сваю чаргу і нацысты спрабавалі выкарыстаць (а хутчэй — проста былі вымушаныя мірыцца з актыўнасцю і ўплывам) беларускіх нацыяналістаў.

Каму каго атрымалася ў выніку выкарыстаць? Нацыстаў больш няма, а беларускія незалежнікі праз 45 гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай усё ж дамагліся стварэння суверэннай беларускай дзяржавы,
з чым нічога не могуць зрабіць нават такія выразныя апаненты ідэі беларускай незалежнасці, як прэзідэнт Лукашэнка. Вайна прынамсі дазволіла некалькім тысячам прадстаўнікоў беларускай грамадскай эліты вырвацца з СССР і ў эміграцыі стварыць бачанне незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, забяспечыць гэтае бачанне ідэйным грунтам, сотнямі кніг і артыкулаў, многія з якіх дагэтуль чакаюць свайго даследчыка. Гэтыя людзі забяспечылі «свежай кроўю» Раду БНР у якасці беларускай лабісцкай сілы на Захадзе, у выніку чаго кіраўніцтва Заходняга блоку было падрыхтавана да прызнання незалежнасці Беларусі ў 1991 г.

Але што нам цяпер думаць пра іх?

І што нам заўтра думаць, напрыклад, пра тых нашых сучаснікаў з апазіцыйнай супольнасці, якія (адкрыта ці не) займаюцца калабарацыяй з Лукашэнкам
— бо, скажам, стаміліся ад барацьбы і жадаюць дапамагчы сваёй краіне нават пры гэтым дапамагаючы яе тырану?

Пытанні, на якія не можа быць адназначнага адказу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?