Галоўнае пытанне: ці заслужанае наша месца на мяжы вылету з эліты?
Асабліва абурыў заўзятараў пройгрыш Францыі. Хакейны трэнер жлобінскага «Металурга» Васіль Спірыдонаў нават нарадзіў такі афарызм: «Такія моцныя савецка-расійскія карані былі ў нашага хакея, а цяпер нас выйграе нейкая Францыя!»

Мы вырашылі паглядзець, што з сябе ўяўляе французскі хакей. Вядома, гэта не асноўны від спорту ў Францыі, вялікія грошы і ўвага ў яго не ўкладваюцца. Тым не менш, звесткі з афіцыйнага сайта Міжнароднай федэрацыі хакея вельмі паказальныя. У Францыі ёсць 124 крытыя коўзанкі. У нас толькі 28.

Агульная лічба гульцоў у краіне патомкаў галаў 17 тысяч, але тут могуць быць розныя методыкі падліку. Таму найлепш глядзець статыстыку па юніёрах, маладых гульцах, што займаюцца ў хакейных школах. Дык вось, у Францыі такіх аж 9,5 тысячы. У нас — 3,4.
Відаць, і другая запар на першынствах свету перамога выглядае не выпадковай. Вядома, у Францыі не будуць цягнуць пасрэднага гульца ў прафесійны хакей. Ёсць асноўнае месца працы, а вечарам з півам, ці без піва, можна паганяць шайбу на мясцовай коўзанцы. Хакей для іх гэта не заробак, а магчымасць добра правесці час. У прафесіяналы трапляюць толькі наймацнейшыя.

Увогуле калі браць статыстыку па маладых хакеістах, то з усіх зборных, што сёлета бралі ўдзел у эліце горшае становішча толькі ў трох камандах: Даніі (2,2 тысячы юніёраў пра 23 катках), Латвіі (1,4 пры 17), ну і гаротны Казахстан (3,3 пры 14).

Варта адзначыць, што ва ўсіх гэтых каманд былі праблемы на першынстве. Казахстан увогуле вылеціў з дывізіёна А. Данія ж толькі дзякуючы перамозе над Латвіяй захавала прапіску.

Звяртае ўвагу, што сітуацыя лепшая, чым у Беларусі нават у Італіі, якая мае 45 коўзанак і 4,5 тысячы юніёраў. Італія змагла стварыць інтрыгу перамогай над Даніяй, але на подзвіг застацца ў эліце іх яшчэ не хапіла.

Звернемся да Швейцарыі, якую так часта ставяць у прыклад беларускім хакеістам. Насельніцтва і плошча Швейцарыі меншая за беларускую. Але яны маюць 158 крытых коўзанак і 13 тысяч юніёраў. Не дзіва, што нашы ўжо забыліся, калі апошні раз пакідалі гэтую альпійскую дружыну за сваёй спінай.
У Славакіі (амаль у два разы меншая па насельніцтве) ёсць 47 каткоў і 5,8 тысяч юніёраў. Нагадаем, Славакіі мы прайгралі з лікам 5:1.

Не бяром пакуль каманды «вялікай шасцёркі», нам да іх увогуле, як да месяца. Напрыклад, у Фінляндыі, якая таксама саступае па насельніцтву Беларусі, аж 246 (!) коўзанак і 35 тысяч юніёраў. Ім за змену хвалявацца не выпадае.

Проста касмічнымі выглядаюць паказчыкі Канады (2, 486 коўзанак і 468 тысяч маладзёнаў) і ЗША (1,800 пры 302). У Расіі 340 каткоў і 61 тысяча маладых хакеістаў.
Уражваюць таксама лічбы па Японіі. У краіны ўзыходзячага сонца 99 коўзанак і 7,1 юніёраў. Няма сумневаў, што гэта павінна прынесці плады ў будучыні.

Падобнымі з намі лічбамі можа пахваліцца і Украіна. 25 крытых каткоў і 3,5 тысячы юніёраў. Ну дык, згадзіцеся, мала хто кажа пра імклівае развіццё ўкраінскага хакею. Іх зборная надзейна завязла ў дывізіёне В.

Ранейшыя поспехі беларускага хакея ў асноўным базаваліся на выпускніках геніяльнай мінскай дзіцячай школы «Юнацтва». Потым падцягнулася наваполацкая школа, якая дала братоў Касціцыных і Дзянісава.

Чакаць стабільных поспехаў, маючы толькі некалькі стабільна працуючых школаў, не выпадае. Пры такіх раскладках пройгрышы ад французаў і балансаванне на мяжы эліты не павінны нікога здзіўляць. Беларускі хакей зусім не на лідзіруючых пазіцыях у свеце. І поспехі мінскага «Дынама», як і перамогі прэзідэнцкай каманды ў калядным турніры, не паўплываюць на сітуацыю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?