У нумары ад 15 мая абласная дзяржаўная газета «Віцебскі рабочы» надрукавала артыкул «Фабрика «сенсаций», или Почем нынче патриотизм?». Аўтарка Алена Бегунова сцвярджае, што ў недзяржаўных СМІ друкуюцца матэрыялы, аўтары якіх «дзеля сумнеўнай, а прасцей кажучы, бруднай папулярнасці, дазваляюць сабе парушаць самой прыродай вызначаныя нормы чалавечай маралі».

Значная частка артыкула прысвечаная рэпартажу карэспандэнта «НН» Сяргея Гудзіліна «Край Беларусі. Поўнач: Асвея».
Аўтарка кіпіць праведным гневам: называе газету «фабрыкай сенсацый», а аўтара — «сталічным папулістам», які «палічыў за гонар наведаць дамы ўсіх мясцовых алкашоў», вінаваціць у выкарыстанні «брудных тэхналогій», неаб’ектыўнасці, несумленнасці, парушэннях закону. І пры канцы, у найлепшых савецкіх традыцыях, заклікае журналіста судзіць.
Прычым ні аўтара, ні назвы выдання Бегунова не называе. Ведае, што іначай ёй самой пагражала б судовае разбіральніцтва.
Напрыклад, за вось такі паклёп: маўляў, рэпарцёр «Нашай Нівы»... частаваў дзяцей півам.
Хочацца нагадаць сп-ні Бегуновай і яе працадаўцам, што справы аб гонары, годнасці і дзелавой рэпутацыі не маюць тэрміну даўнасці.
І, як кажа беларуская прыказка, да пары збан ваду носіць.

Адразу некалькі пасланняў бачацца ў артыкуле абласной дзяржаўнай газеты. Першае — «мы лаяльныя». Мы выступаем супраць тых, хто асмельваецца крытыкаваць уладу. Другое пасланне — ад мясцовых уладаў, «у нас усё добра». За ім хаваецца страх: а раптам мінскае начальства, прачытаўшы артыкул, накіруе праверку ў Асвею? Праверак начальнікі, прызначаныя зверху, баяцца намнога больш, чым людскога меркавання.

Чаму журналіст пісаў аб праблемах – абураецца аўтарка.
Чаму не напісаў пра першую ў Беларусі конную пагранзаставу і выдатную дзіцячую пляцоўку ля школы? Калі чытаеш артыкул Бегуновай, складаецца ўражанне, што аўтарка і сама верыць у створаны ёй вобраз «гасціннай і даверлівай глыбінкі». Але колькі можна рабіць з людзей ідыётаў?
Між іншым, рэпартаж складаецца з фотаў і відэа. Яны гавораць самі за сябе.

«Наша Ніва» ніколі не смакуе негатыўныя праявы жыцця, але і лакіраваць рэчаіснасць мы не збіраемся. Пра галечу, запалоханасць, дэпрэсіўнасць беларускай правінцыі мы чуем кожны дзень – з чытацкіх лістоў і тэлефанаваняў, падчас паездак па краіне. Гэта праблема нацыянальнага маштабу. Гэта наша будучыня співаецца. І лічым сваім абавязкам пісаць аб гэтым. А вось дзяржаўныя выданні палохаюцца праўды жыцця.

Вось відэа з Асвеі:

Дазвол на здымкі ў хатах героі давалі аўтару ў вуснай форме, а некаторыя здымкі рабіліся ў грамадскіх месцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?