10 мая Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з актывам Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. «Як ні горка казаць, — падкрэсліў кіраўнік краіны, — але шэрагі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны радзеюць. Гэта працэс натуральны...»

Не ведаю, ці была запланавана гэта сустрэча, але ёсць нешта прыкрае ў тым, што яна адбылася адразу пасля чарговага «шэсця ветэранаў» 9 мая. Мабыць, упэўніўся ў тым, што «натуральны працэс» так шпарка ідзе без перапынку, што пад пагрозай апынуўся працэс «патрыятычнага выхавання моладзі».

Вельмі ўжо хутка сцішылася гарката ад «натуральнага працэсу», калі спатрэбілася неадкладна нагадаць «афганцам», што яны «баявыя нашчадкі ветэранаў...», што ім трэба браць ад іх «эстафету патрыятычнага выхавання моладзі... сцяг з іх рук і несці яго...»

...У заходнебеларускай вёсцы, дзе рос Пятро, на пачатку 80-х гадоў жывых удзельнікаў вайны заставалася не больш чатырох. Кожнае 9 мая разам з аднавяскоўцамі яны збіраліся за сталамі на беразе рэчкі, сярод маладых дрэўцаў, пасаджаных у памяць аб загінулых, і, выпіўшы на сумны ўспамін чарку, горка плакалі аб іх...

У Афганістане Пятра прызначылі кіроўцам БМП, бо ў мірным жыцці ён быў трактарыстам. Хутка БМП раскурочыў рэактыўны снарад. Загінулі ўсе восем — хто адразу, кагосьці дабілі. Пятро прыкінуўся мёртвым, што было не цяжка, бо кроў ажно свістала з амаль адарванай нагі...

У першае пасля вяртання на радзіму 9 мая Пятро ледзь дайшоў да берага — ніяк не мог прызвычаіцца да пратэза. Але дайшоў — з жонкай, аднагадовым сынам, ордэнам Чырвонай Зоркі на пінжаку і выкапаным дрэўцам, каб пасадзіць яго побач з ветэранскімі. Потым выпіў і горка плакаў ужо разам з імі...

Вярнуўшыся з Афгана, Пятро ні ў якую не пагаджаўся працаваць падлікоўцам на калгасным складзе, куды, не ведаючы, што з ім рабіць, пасылаў яго старшыня. «Дайце трактар, — прасіў старшыню. — Я здолею...» «Які трактар?!» — злаваўся старшыня, не разумеючы, што хадзіць на пратэзе Пятру цяжэй, чым працаваць на трактары. Іншым словам — жыць...

Трактар яму зрабілі на трактарным заводзе, аб чым дамовіліся добрыя людзі. Паставілі нават шведскае сядзенне, якое паварочвалася, каб зручней было залазіць у кабіну ці вылазіць з яе. І намалявалі на шкле чырвоную зорку. І пачаў Пятро на ім працаваць.

Але гэта не ўсё.

Гісторыя з трактарам набыла шырокую вядомасць, пра яе сталі пісаць у газетах. І раптам высветлілася, што ўсё сваё маладое жыццё Пятро хацеў быць падобным на Марэсьева, а камсамольцы з трактарнага толькі і марылі аб тым, каб зрабіць трактар для героя...

Так з Пятра пачалі рабіць папяровага жаўнера, з газетнай, так бы мовіць, паперы. Уцягнулі ў працэс «патрыятычнага выхавання», які, вядома, без «франтавых ста грамаў» не абыходзіўся.

Але яшчэ горш тое, што ён не абыходзіўся без хлусні.

Ну, як было тлумачыць моладзі, за што ваяваў у далёкім Афгане? За што загінулі тыя восем і яшчэ тысячы? За што згублена нага? За ордэн? Ці за той трактар са шведскім сядзеннем і намаляванай чырвонай зоркай на шкле?..

З цягам часу абодва складнікі працэсу зліліся ў адзіную плынь, якая аднойчы вынесла трактар наўпрост на прыдарожны слуп.

Трактар на тым жа заводзе адрамантавалі.

Але брыдотная плынь ужо несла Пятра бесперапынна. І данесла да лаўкі ў закутку райцэнтраўскага сквера, на якой ён і памёр.

Не паспеў, можна сказаць, «прыняць эстафету» і «ўзяць у свае рукі сцяг».

У Афгане ён здолеў сам перавязаць параненую нагу, суцішыць кроў і вызваць па рацыі дапамогу.

На радзіме не знайшоў нічога, акрамя гарэлкі, каб перавязаць параненую душу і суцішыць боль... Ды і па якой рацыі і па якую дапамогу ён мог дакрычацца з лаўкі ў райцэнтраўскім скверы?

... Даўно ўжо сышлі з жыцця ветэраны з той паміраючай вёскі. Але штогод 9 мая збіраюцца на беразе рэчкі з розных іншых мясцін нашчадкі. Сярод іх, магчыма, і дзеці Пятра — усё, што ён насамрэч пакінуў у жыцці. Ды яшчэ шуміць на майскіх вятрах трапяткое лісце бярозкі, калісьці пасаджанай ім у гонар аднавяскоўцаў, забітых на вайне...

Якая ж яшчэ спатрэбіцца вайна, каб не перарывалася «патрыятычная» эстафета?!

Глядзець таксама:

Страшнае слова

Месца ў гісторыі

Памылка мэра

Былыя могілкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?