Ёсіф Бродзкі, высланы «за тунеядства» ў Архангельскую вобласьць.

28 студзеня 1996 г. памёр сапраўды вялікі паэт ХХ ст. Ёсіф Бродзкі. Асоба з жыцьцяпісам, тыповым для генія мінулага стагодзьдзя, народжанага ў таталітарнай дзяржаве. Нарадзіўся 24 траўня 1940 г. у Ленінградзе, у 15 год кінуў сярэднюю школу — «прагрэсіўную» савецкую сыстэму адукацыі. У 1963 г. паэт быў арыштаваны, а ў 1964 г. асуджаны на 5 год высылкі з абавязковым прыцягненьнем да фізычнай працы «за тунеядство». Ініцыятарам расправы над маладым паэтам было праўленьне Леніградзкага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў.

Заступніцтва вядомых асобаў — Анны Ахматавай, Дзьмітрыя Шастаковіча, Самуіла Маршака, а таксама актыўнасьць замежных дзеячаў культуры і палітыкі, а таксама звыклых грамадзян спрычыніліся да датэрміновага вызваленьня Ёсіфа Бродзкага ў 1965 г. У 1972 г. «ідэолягі» з КГБ і партыйнага апарату змусілі яго пакінуць Радзіму.

На шчасьце, Ёосіф Бродзкі быў асобай ня толькі творчай і інтэлектуальнай, але і вельмі камунікабэльнай і актыўнай. Ён ня стаў у адзін шэраг з тымі дысыдэнтамі, што плакалі па Расеі, па страчаных магчымасьцях і злавалі на парадкі ў тых краінах, дзе ім даводзілася жыць. Ён папросту з асалодай жыў і тварыў. Сваёй паэзіяй ён прычыніўся да ўзмацненьня аўтарытэту сваёй Радзімы ў сьвеце. У 1984—1985 гг. у СССР памерлі яго бацькі, так і не атрымаўшы дазволу пабачыцца з сынам. А ў 1987 г. Ёсіф Бродзкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Сярод багатай паэтычнай спадчыны Ёсіфа Бродзкага знойдзецца некалькі дзясяткаў эсэ. У іх паэт выказваўся на актуальныя грамадзка-палітычныя альбо агульначалавечыя тэмы. Сярод гэтых эсэ найбольш важным для сёньняшняга беларускага грамадзтва ёсьць тэкст «Пра тыранію», напісаны ў 1979 г. Яго можна назваць сацыяльным, а яшчэ лепей анатамічным аналізам зьявы.

Альбіна Семянчук і Генадзь Семянчук

Хвароба і сьмерць — вось, бадай, і ўсё, што ёсьць супольнага ў тырана зь яго падданымі. Ужо ў гэтым сэнсе народу карысна, каб кіраваў стары. Ня тое, каб думка аб непазьбежнасьці сьмерці абавязкова асьвятляла і зьмякчала нораў, але час, заняты тыранам на развагі аб сваім, скажам, абмене рэчываў, ёсьць часам, аднятым ад дзяржаўных справаў. І ўнутраныя, і міжнародныя пэрыяды зацішша прама прапарцыянальныя лічбе хваробаў, якія грызуць вашага Генэральнага Сакратара альбо Пажыцьцёвага Прэзыдэнта. Нават калі яму хапае здольнасьцяў навучыцца мастацтву дадатковай бяздушнасьці, якому вучаць усе хваробы, ён не сьпяшаецца выкарыстаць гэтае набытае мастацтва да палацавых інтрыгаў альбо замежнай палітыкі, хоць бы таму, што інстынктыўна імкнецца павярнуцца ў ранейшы здаровы стан, а то і верыць, што цалкам ачуняе.

У тырана час, адведзены на развагі пра душу, выкарыстоўваецца для разьлікаў, як захаваць статус-кво. Гэта выходзіць таму, што чалавек ў яго становішчы ня бачыць розьніцы паміж сучасным, гісторыяй і вечнасьцю — дзяржпрапаганда зьліла іх разам, бо так зручней і самому тырану, і насельніцтву. Ён трымаецца за ўладу, як іншыя людзі старога ўзросту за свае пэнсіі і ашчаджэньні. Тое, што часам падаецца чысткай наверсе, успрымаецца народам як спроба падтрымаць стабільнасьць, на якую народ жа і разьлічваў у першую чаргу, дазваляючы тыраніі ўмацавацца.

Устойлівасьць піраміды зрэдку залежыць ад яе вяршыні, але ж менавіта вяршыня прыцягвае нашую ўвагу. Раней ці пазьней погляд назіральніка стамляецца ад яе нязноснай геамэтрычнай дасканаласьці, погляд патрабуе зьменаў. Аднак, калі зьмены адбываюцца, яны амаль заўсёды да горшага. Стары, які змагаецца за тое, каб пазьбегнуць ганьбы і няёмкасьцяў, якія асабліва непрыемныя ў яго узросьце, прынамсі, цалкам прадказальны. Якім бы гнюсным і злым ні выглядаў ён у гэтай барацьбе, яна не адбіваецца ані на ўнутранай структуры піраміды, ані на ценю, што падае навонкі ад яе. Дый тыя, з кім ён змагаецца, супернікі, цалкам заслугоўваюць жорсткага стаўленьня, хаця б за таўталягічнасьць іхных амбіцый пры розьніцы ва ўзросьце. Бо палітыка ёсьць ні чым іншым, як найчысьцейшай геамэтрыяй, аб’яднанай з законам джунгляў.

Там, на кончыку голкі, хапае месца толькі для аднаго, дык няхай ён лепей будзе старым, бо старыя не прыкідваюцца анёламі. Адзіная задача старэючага тырана — утрымаць сваё становішча, ягоная дэмагогія і крывадушша не прыгнятаюць розумы падданых неабходнасьцю ў іх верыць альбо тэкстуальнай разнастайнасьцю; у той час як малады выскачка зь яго сапраўднай альбо паказной руплівасьцю і мэтанакіраванасьцю заўсёды ўрэшце падвышае ўзровень грамадзкага цынізму. Азіраючыся на гісторыю чалавецтва, мы можам упэўнена сказаць, што цынізм — сапраўдная мера прагрэсу.

Бо новыя тыраны заўсёды прыносяць новую сумесь крывадушнасьці і жорсткасьці. Адныя больш націскаюць на жорсткасьць, іншыя — на крывадушнасьць. Узгадайма Леніна, Гітлера, Сталіна, Мао, Кастра, Кадафі, Хамэйні, Аміна. Яны заўсёды нашмат пераўзыходзяць сваіх папярэднікаў і па-новаму выкручваюць рукі сваім грамадзянам, як, зрэшты, і розум назіральнікам. Для антраполяга, які назірае збоку (і на вельмі значнай адлегласьці, вядома), такі тып разьвіцьця надзвычай цікавы, бо пашырае нашыя ўяўленьні аб магчымасьцях чалавецтва як віду. Неабходна адзначыць, аднак, што апісаны працэс залежыць ня ў меншай ступені ад тэхнічнага прагрэсу і агульнага росту насельніцтва, чым ад выключнай шкоднасьці дадзенага дыктатара.

У наш час усе новыя сацыяльна-палітычныя ўпарадкаваньні, як дэмакратычныя, так і аўтарытарныя, адводзяць усё далей ад духу індывідуалізму да статкавага націску масаў. Ідэя экзыстэнцыяльнай выключнасьці чалавека замяняецца ідэяй ананімнасьці. Асоба гіне ня столькі ад мяча, колькі ад пэніса, і, якой бы малой ні была вашая краіна, яна патрабуе (ці робіцца аб’ектам) цэнтральнага плянаваньня. Подобныя абставіны лёгка спараджаюць тую ці іншую аўтакратыю, у такім кантэксьце тыранаў можна разглядаць у якасьці кампутараў састарэлага ўзору.

Але калі б яны былі ўсяго толькі кампутарамі састарэлых узораў — гэта было б яшчэ цярпіма. Бяда ў тым, што тыраны здольныя набываць новыя, па апошнім слове тэхнікі кампутары і імкнуцца карыстацца імі. Прыклады эксплюатацыі састарэлай мадэльлю сучаснай тэхналёгіі: Шыкльгрубэр апанаваў мікрафон, а Сталін карыстаўся тэлефонным падслухоўваньнем дзеля зьнішчэньня сваіх апанэнтаў у Палітбюро.

Людзі робяцца тыранамі не таму, што адчуваюць да гэтага пакліканьне, але і не зусім выпадкова. ...Зброя тыраніі — палітычная партыя (альбо армія, чыя структура не адрозьніваецца ад партыйнай), бо для таго, каб ускараскацца на вяршыню чагосьці, трэба мець нешта, для чаго ўласьцівая вэртыкальная тапаграфія. …Адзіныя свае радасьці яны атрымліваюць у працэсе карасканьня, калі бачаць, што ўдалося перамудрагеліць суперніка, адштурхнуць, звольніць.

(…)

Сярэдняя працягласьць добрай тыраніі — 10—15 год, самае вялікае — 20. За гэтымі межамі непазьбежнае сасьлізгваньне ў нешта вельмі пачварнае. Тады мы маем справу зь веліччу, якая выяўляецца ў разьвязваньні войнаў альбо тэрору ўнутры краіны альбо таго і другога разам. Прырода, дзякуй Богу, бярэ сваё, часам, праўда, карыстаючыся як сваёй зброяй супернікам тырана, і, як правіла, у пару, то бок перш чым наш герой задумае абесьсьмяроціць сваё імя чым-небудзь жудасным. Маладыя кадры, якія зусім не такія ўжо і маладыя, націскаюць зьнізу, выпіхваючы яго ў блакітныя прасьцягі чыстага Хронасу. Таму што зь вяршыні піраміды далей рухацца можна толькі ўжо ў гэтым напрамку. Праўда і тое, што нярэдка прыродзе здараецца дзейнічаць самой, сустракаючы страшэнны супраціў з боку органаў дзяржаўнай бясьпекі і каманды асабістых лекараў тырана. З-за мяжы ляцяць самалёты з замежнымі спэцыялістамі, каб выцягваць нашага героя з глыбіняў маразму, у якія ён занураецца. Урады, якія іх пасылаюць, самі глыбока зацікаўленыя ў захаваньні статус-кво. Часам замежныя лекары дасягаюць такога посьпеху ў сваіх гуманітарных місіях, што да вялікага чалавека вяртаецца дастаткова сілаў, каб пагражаць гібельлю іхным краінам.

Урэшце, ва ўсіх апускаюцца рукі. У органаў, бадай, менш ахвотна, чым у лекараў, паколькі мэдычная герархія ня так залежыць ад будучых пераменаў. Але нават і органам урэшце надакучвае гаспадар, якога яны так ці інакш перажывуць, і ахоўнікі адварочваюцца, і ў дзьверы прасьлізваецца сьмерць з касой, сярпом і молатам. Наступнай раніцай насельніцтва будзяць не пунктуальныя пеўні, а хвалі «Пахавальнага маршу» Шапэна, што льюцца з рэпрадуктараў. Потым ідзе пахаваньне з ваеннымі ўшанаваньнямі, коні цягнуць ляфэт, наперадзе крочыць узвод жаўнераў, нясуць на пунсовых падушачках ордэны і мэдалі, якія ўпрыгожвалі пінжак тырана, як грудзі сабакі-прызэра. Бо гэта менавіта тое, чым ён і быў, — сабакам, які атрымліваў прызы, выйграваў сабачыя скачкі. І калі насельніцтва аплаквае ягоны скон, як часта здараецца, гэта сьлёзы тых, хто рабіў стаўку і прайграў: народ аплаквае згублены час. А потым зьяўляюцца чальцы Палітбюро, падпіраючы плячыма кумачом накрытую труну, адзіны агульны між імі назоўнік.

Покуль яны нясуць свой памерлы назоўнік, трашчаць і пстрыкаюць камэры, а замежнікі і мясцовыя напружана ўглядаюцца ў глухія твары, спрабуючы ўгадаць пераемніка. Мажліва, памерлы быў настолькі славалюбны, што пакінуў палітычны запавет, але яго ўсё роўна не апублікуюць. Рашэньне будзе прынята патаемна, на зачыненым (для насельніцтва) паседжаньні Палітбюро. То бок падпольна. Таемнасьць — даўняя завядзёнка партыі, рэха яе дэмаграфічнага паходжаньня, слаўнага нелегальнага мінулага. Так што твары нічога не выяўляюць.

Гэта ім асабліва ўдаецца, таму што выяўляць няма чаго. Таму што зноў будзе ўсё тое ж самае. Новы будзе адрозьнівацца ад старога толькі зьнешне. І духоўна, і ў іншых адносінах яму прыйдзецца стаць дакладнай копіяй памерлага. Гэта, мажліва, і ёсьць самы галоўны сакрэт. Калі задумацца, зьмены ўнутры партыі — гэта адзіная нам даступная форма ўваскрэсеньня. Вядома, паўтарэньне спараджае нуду, але калі яно адбываецца патаемна, то не пазбаўлена займальнасьці.

Самае ж займальнае — гэта калі разумееш, што з гэтых людзей кожны можа зрабіцца тыранам. Уся разгубленасьць і няяснасьць выцякае з таго, што прапанова перавышае попыт. З-за таго, што мы маем справу не з тыраніяй асобных прадстаўнікоў, а з тыраніяй партыі, якая папросту паставіла вытворчасьць тыранаў на індустрыйную аснову.

(…)

Вось гэтым і займаецца тыранія: арганізоўвае для вас вашае жыцьцё. Робіць яна гэта як мага стараньней, ужо, безумоўна, лепей, чым дэмакратыя. Да таго ж яна робіць гэта для вашай жа карысьці, бо кожная праява індывідуалізму ў натоўпе можа быць небясьпечная: перш за ўсё для таго, хто яго праяўляе, але і пра таго, хто стаіць побач, таксама трэба падумаць. Вось дзеля чаго існуе кіраваная партыяй дзяржава, зь яе службамі бясьпекі, псыхіятрычнымі лякарнямі, органамі ўнутраных справаў і адданасьцю грамадзян. І ўсё ж нават усіх гэтых устаноў недастаткова: у ідэале кожны чалавек павінен стаць сам сабе бюракратам. Дзень, калі гэтая мара стане рэальнасьцю, усё бліжэйшы і заўважнейшы. Бо бюракратызацыя індывiдуальнага існаваньня пачынаецца з роздумаў пра палітыку і не сканчаецца з набыцьцём кішэннага калькулятара.

Так што, калі хто настроены элегічна на пахаваньні тырана, то гэта адбываецца ў асноўным з прычынаў аўтабіяграфічных і таму, што гэты скон надае большую канкрэтнасьць настальгіі па «старых добрых часах». Урэшце, нябожчык таксама быў прадуктам старой школы, калі людзі яшчэ адчувалі розьніцу паміж тым, што яны гаварылі і што рабілі. Калі ў гісторыі яму будзе адведзена ня больш за адін радок, тым лепей: значыць, сярод сваіх падданых ён не ўчыніў дастаткова кровапраліцьцяў, каб набралося на цэлы абзац. Каханкі ў яго былі таўсматыя і нешматлікія. Пісаў ён мала, таксама й не маляваў, і ня граў на музычных інструмэнтах; таксама ня ўвёў новага стылю мэблі. Ён быў просты тыран, але ўсё ж такі лідэры найвялікшых дэмакратыяў жудасна імкнуліся паціснуць яму руку. Карацей кажучы, ён не перастараўся, і гэта часткова дзякуючы яму, адчыняючы акно раніцай, мы пераконваемся, што далягляд яшчэ ня стаў старчма.

Дзякуючы характару яго працы, ніхто ня ведаў, што ён думае на самай справе. Цалкам магчыма, што ён і сам ня ведаў, што ён на самай справе думае. Гэта магло б стаць добрай для яго эпітафіяй, каб не было жарту, які фіны распавядаюць пра тэстамэнт іхнага пажыцьцёвага прэзыдэнта Урха Кеканэна. Ён пачынаецца словамі: «У выпадку, калі я памру...»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0